«Апошняя кніга пана А.», якую аўтар ахарактарызаваў як казку для дарослых, 12 чэрвеня паступае ў публічны продаж.

Новы твор Альгерда Бахарэвіча ўтрымлівае ў сабе каля трыццаці розных гісторый, якія паводле сюжэта распавядаюцца на працягу трыццаці дзён.

Выданне можна параўнаць з цыклам «Тысяча і адна ноч», «Шляхціцам Завальнёй» Яна Баршчэўскага альбо нават «Дэкамеронам», дзе героі расказваюць навэлы Джавані Бакача на загараднай віле падчас эпідэміі чумы. «Апошняя кніга пана А.» адпаведна становіцца 500-старонкавым зборнікам казак для эпідэміі каранавіруса, дзе да таго ж можна знайсці повязь з навакольнай рэчаіснасцю.

«На мой погляд, у час каранавіруса гэты твор — культурнае выратаванне, — кажа выдавец Андрэй Янушкевіч. — Кнігу мы рабілі па вышэйшым гатунку і ў плане паліграфіі, і ў плане дызайну. Яе прыемна ўзяць у рукі, прыемна глядзець на вокладку ад Наталлі Паваляевай, у бібліятэках яна праляжыць хоць пяцьсот гадоў».

Выданне стала сумесным праектам выдавецтваў «Вясна» і «Янушкевіч». Яго можна будзе набыць у інтэрнэт-кнігарні «Янушкевіч», крамах «Акадэмкніга» і «Белкніга».

Альгерд Бахарэвіч з’яўляецца аўтарам кніг «Ніякай літасці Валянціне Г.», «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення», «Дзеці Аліндаркі», рамана на дзевяцьсот старонак «Сабакі Еўропы», успамінаў «Мае дзевяностыя» ды іншых, творы пісьменніка перакладзены на дзясятак замежных моў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0