Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з дзяржаўнымі журналістамі ў Полацку выказаўся пра Віктара Бабарыку і ператрус у Белгазпрамбанку, не называючы імя свайго асноўнага канкурэнта на выбарах. Цытаты прыводзіць БелТА.

«Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто не мае, гэта яны там…», — заявіў Лукашэнка.

Ускосна ён пацвердзіў, што пад удар трапілі былыя намеснікі Бабарыкі ў банку. Паводле чутак, у дачыненні да двух з іх распачатыя крымінальныя справы.

«Слухайце, яны ўсе былі не толькі ў яго намеснікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 года. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёння. Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намеснікамі. І ўсё, што там тварылася, магло без кіраўніка адбывацца? Не», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ёсць поўная інфармацыя, што «гэта былі яго (Бабарыкі — НН) задумы, ён утварыў гэтыя структурныя пракладкі тыпу «ПрыватЛізінга».

«Працавалі па гэтым банку і па іх з 2016 года. Выявілі вывад грошай, замежныя рахункі, замежная ўласнасць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лондане… — расказаў Лукашэнка. — Але замежнікі інфармацыю нам (з 2016 года мы прасілі) — далі толькі ў снежні мінулага года. Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеянні. Таму з'явіліся пытанні».

Лукашэнка прапанаваў задаць Бабарыку пытанне, чаму ён пайшоў у прэзідэнты.

«Калі рыльца ў пушку, не лезь туды. Бо цябе змардуе сам народ. Чаго палез — бо зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць кайданкі. А ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязнем сумлення. Вось чаму ён пайшоў туды. Але гэта яму не дапаможа», — заявіў кіраўнік краіны.

Паводле словаў Лукашэнкі, затрымана прыкладна 15 чалавек:

«Але ён не разумее іншага. Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора ўвечары ўсе распавялі. За дзве гадзіны прынеслі $14 тысяч, потым яшчэ $600 тысяч або $800 тысяч. Там зліткі золата, карціны, усё прынеслі адразу, толькі не чапайце. З імі акуратна абышліся. Яны ўсё расказваюць. Таму яму прыйдзецца гэта ўсё распавесці».

«І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой лукашэнкаўскай дыктатуры ён стварыў гэтую ўласнасць, як ён хабары даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся… Гэта ўсё трэба распавесці беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім», — паабяцаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што па выніках расследавання запросіць Інтэрпал і замежных спецыялістаў, каб яны прааналізавалі дакументы. «Будуць адказваць па законе. Трэба — сядуць. Перад законам усе роўныя», — заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў, што папрасіў аднаго з членаў урада сказаць Бабарыку: «Усё, што скраў, вярні народу. Можа быць, суд гэта ўлічыць».

А старшыні Дзяржкантролю, маўляў, даручыў апублікаваць інфармацыю па крымінальнай справе, «каб не думалі, што тут ідзе нейкі штучны накат».

***

Нагадаем, што ўчора, 11 чэрвеня, у галоўны офіс Белгазпрамбанка прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю для ажыццяўлення працэсуальных дзеянняў у дачыненні да шэрагу юрыдычных і фізічных асоб, паведаміла прэс-служба банка. Сілавікі правяралі банк да позняй ночы. Таксама праверкі прыйшлі ў «Прыватлізінг» і страхавую кампанію «Кентаўр».

20 год Белгазпрамбанк узначальваў Віктар Бабарыка, які вырашыў балатавацца ў прэзідэнты. Пасля таго як Бабарыка заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі, ён пакінуў пасаду старшыні праўлення банка. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0