Віктар Бабарыка. Фота Надзеі Бужан.
Колькасць подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі вырасла яшчэ на 50 тысяч і дасягнула 335 001.
Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце прэтэндэнта.
Гэта рэкордная для альтэрнатыўнага кандыдата колькасць подпісаў. Раней максімум — 217 тысяч — сабраў у 1994-м, яшчэ на свабодных выбарах, Зянон Пазняк. У Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м было 198 тысяч. У Сямёна Домаша ў 2001-м — 164 тысячы.
Як паказаў шэраг апытанняў, менавіта банкір і мецэнат Віктар Бабарыка мог бы стаць фаварытам сумленных выбараў.
Бабарыка спрабуе выбудаваць шырокую антылукашэнкаўскую кааліцыю з удзелам самых розных сілаў. Яго кандыдатуру падтрымала таксама нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
У апошнія дні Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на Бабарыку з пагрозамі і абвінавачваннямі, не называючы яго, але ясна ўказваючы, пра каго гаворка. Адначасова ў кампаніях, звязаных з сябрамі Бабарыкі, прайшлі ператрусы і затрыманні.
«Рубікон пяройдзены», — сказаў у сувязі з гэтым Віктар Бабарыка.