У Лунінцы ад каранавіруса памёр выкладчык па класе баяна, заснавальнік і кіраўнік дзіцячага ансамбля «Кросны», унікальны наладчык інструментаў Сяргей Рыхтэр. Яму было 59 год. З 25 гадоў выкладчык музыкі хварэў на цукровы дыябет. Піша «Медыя-Палессе».

У сям'і Сяргея Рыхтэра выхоўваліся тры дачкі. Усе скончылі музычную школу, любяць музіцыраваць, а старэйшая Ірына выкладае музыку ў Чучавіцкай школе. 

Пра тое, якім чынам у яго апынуўся гэты вірус, жонка Валянціна Міхайлаўна і выказаць здагадку не можа. Бо засцерагаўся мужчына ўсімі магчымымі спосабамі. Увесь красавік наогул знаходзіўся дома.

— У адзін момант, тады мы ехалі да маёй мамы на Залессе, адчуў сябе блага… Паклалі ў бальніцу… Тэст на каранавірус пацвердзіўся. Лячылі ўсімі магчымымі і, я б нават сказала, немагчымымі спосабамі. Але… Імунная сістэма з-за хвароб аказалася занадта слабой. Бо ён трымаўся шмат гадоў на таблетках.

У медыцынскай даведцы пра прычыну смерці так і значыцца: «Каранавірусная інфекцыя. Covid-19».

Спецыяльнасць выкладчыка па класе баяна Сяргей Уладзіміравіч атрымаў у Брэсцкім музычным вучылішчы, кіраваў самадзейным аркестрам народных інструментаў. Працаваў баяністам РДК, акампаніятарам клуба чыгуначнікаў, выкладчыкам па класе баяна Палескай ДМШ, затым — у Лунінецкай дзіцячай школе мастацтваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0