Чаканы рэверанс: сёння на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Валерыем Сердзюковым Лукашэнка запэўніў, што «будучыні без Расіі мы не бачым, мы асуджаны жыць разам з Расіяй».

Гэта адбылося праз лічаныя дні пасля таго, як у Светлагорску ён вербальна адбамбіўся па Маскве. І, як памятаеце, забараніў сваім чыноўнікам поўзаць на каленях па расійскіх кабінетах.

Традыцыйная тактыка ківача у дзеянні. Трэба змікшаваць папярэднія выпады, выліць порцыю бальзаму на душы расійцаў.

Зрэшты, нават цягам гутаркі з Сердзюковым гаспадар кабінета спрытна спалучаў клятвы ў адданасці Расіі з колкімі рэмаркамі. Сутнасць прэтэнзій у тым, што вялікая суседка не спяшаецца дапамагаць сінявокай рэспубліцы падчас крызісу. Дык жа так, маўляў, нядоўга і страціць хаўрусніцтва...

Дарэчы, на сёння ў Лукашэнкі запланавана яшчэ і сустрэча з сакратаром Рады бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым. Імаверна, будзе чарговая порцыя бальзаму дзеля балансу.

А напярэдадні вайскоўцы рэкламавалі запланаваныя на восень шырокамаштабныя супольныя манеўры. Падчас крызісу будуць выстрэльваць мільёны долараў у белы свет як у капейку, трэніруючыся адбіваць імаверную агрэсію супраць саюзнай дзяржавы. Таксама бальзам на душу маскоўскім вялікадзяржаўнікам.

Між тым беларускі бок разлічвае паймець канкрэтныя выгады ад вайсковай кааперацыі, у прыватнасці задарма ці танна атрымаць зенітна-ракетныя комплексы С-400.

А вось дэ-факта саступаць кантроль над супрацьпаветранай абаронай ці пасылаць салдат у гарачыя пункты згодна з дамовай пра калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання Мінск, будзьце ўпэўнены, не разгоніцца. У Крамлі пра гэта, бадай, здагадваюцца. Аднак робяць выгляд, што ўсё на поўным сур'ёзе.

Расія хоць і выглядае грозна, але часта, як вялікае дзіця, задавальняецца цацанкамі. Атрымаўшы вербальную поўху, неўзабаве ўжо зноў цешыцца салодкай рыторыкай пра міфічнае братэрства. Што і трэба беларускаму боку для балансавання ў замежнай палітыцы.

P.S. З выказванняў Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што Мядзведзеў па тэлефоне асабіста высвятляў у яго, чаму адсеклі расійскія каналы («Мы дамовіліся з прэзідэнтам Расіі, што кіраўнікі адміністрацый дакладна ўрэгулююць гэтыя пытанні»).

Сёння беларускі кіраўнік, відаць, паўтараючы тэзы, даводзіў Сердзюкову, што праблема высмактана з пальца. Але потым, як гэта часта бывае, не ўтрымаўся,

выліў крыўду: маўляў, «Беларусь наогул не прадстаўлена ў медыйнай прасторы Расіі». І ўдакладніў: «А калі і прадстаўлена, то прэзідэнт — ідыёт і дзеці ў яго ненармальныя, жулікі ды прайдзісветы».

P.P.S. І самая свежая навіна: заўтра Лукашэнка ляціць у Маскву. Сапраўды, ківач пайшоў у адваротны бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?