Урад распрацоўвае план дадатковых мераў па лібералізацыі эканомікі.

На сёння ў Беларусі рэалізуецца сумесны план урада і Адміністрацыі прэзідэнта па лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці ў 2009 годзе, разлічаны найперш на I квартал гэтага году. Адначасова ўрадам распрацоўваецца план дадатковых мер па лібералізацыі, які прадугледжвае, у прыватнасці, далейшае стымуляванне бізнесу і аптымізацыю кантрольнай дзейнасці, паведамляе БЕЛТА. «Пасля падвядзення вынікаў работы эканомікі ў студзені-сакавіку будзе вырашана, што неабходна аператыўна зрабіць ужо ў бліжэйшыя тыдні, каб палепшыць сітуацыю ў паўгоддзі ў цэлым, — адзначыў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. —Але сказаць адназначна, якія мерапрыемствы ўвойдуць у план дадатковых мер па лібералізацыі, пакуль што нельга». Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што не ўсе прапановы, у тым ліку і ад бізнес-асацыяцый, «маюць канструктыўны характар», а таму не будуць задзейнічаныя.

Так, неканструктыўнымі апынуліся ініцыятывы бізнесу па змяншэнні плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, адмене адзінай тарыфнай сеткі для прыватных прадпрыемстваў, пашырэнні ў бліжэйшы час практыкі прымянення свабодных цэн. Пры гэтым урад не збіраецца адмаўляцца ад падтрымкі валаўтваральных прадпрыемстваў-экспарцёраў, у тым ліку і шляхам крэдытавання.

Як адзначыў А. Тур, I квартал быў цяжкі для Беларусі, сітуацыя склалася далёка не адназначная ў розных сектарах эканомікі. «Звужэнне нашых асноўных рынкаў збыту ў Расіі і Еўрасаюзе сур’ёзна паўплывала на аб’ёмы экспарту і адпаведна на стан беларускіх прадпрыемстваў, — сказаў намеснік міністра. —

Ніхто не ведае, колькі прадоўжыцца сусветны крызіс, але адназначна, 2009 год будзе вельмі складаны.
Таму ў далейшым у Беларусі, напэўна, будуць распрацаваны новыя дадатковыя антыкрызісныя меры».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?