Першы сакратар Маладога Фронту Максім Урбановіч, які выйшаў на волю 15 чэрвеня, адбыўшы арышт на Акрэсціна, заявіў пра ціск на палітычных арыштантаў, якія адбываюць суткі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Яго словы апублікавала ў сваім фэйсбуку Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча.

«Такога бязмежжа ў ЦІПе не было нават у горшыя часы. Здзекі, шантаж, бязмежжа. Акрамя таго, на дзень у зняволеных адбіраюць матрасы, забараняюць ляжаць, на падлогу камеры штодня выліваюць вядро з хлоркай, хлорку ж ліюць на асабістыя рэчы. Пры гэтым, астатнім, не палітычным, пастаянна кажуць: «Скажыце дзякуй палітычным. Гэта з-за іх», — піша Марына Адамовіч.

Урбановіча 1 чэрвеня асудзілі на 15 сутак арышту за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас пікету па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. У той дзень быў затрыманы і Мікола Статкевіч.

На Акрэсціна знаходзіцца і сустаршыня БХД Павел Севярынец. Агулам ён мае адседзець 75 сутак арышту. Яго жонка Вольга напісала ў фэйсбуку пра тое, што ў Паўла «забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна».

Вольга піша пра гэта, спасылаючыся на словы людзей, якія сядзелі з Паўлам і выйшлі на волю. Таксама яна адзначае, што перадачы для вязняў на Акрэсціна перасталі прымаць.

Карэспандэнт НН звярнуўся па каментар у Міністэрства ўнутраных спраў.

«Гэтая інфармацыя ўвогуле ніяк не адпавядае таму, што ёсць на самай справе, — адказала прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. — Так, на сёння перадачы не прымаюць: гэта выключна звязана з эпідэміялагічнымі мерапрыемствамі. Ніякіх другіх падстаў для таго няма.

Што тычыцца таго, што рэчы не дазваляюць, не даюць спаць ноччу, адбіраюць матрасы. Паколькі гэтая інфармацыя ўжо не першы дзень у сацыяльных сетках, безумоўна, кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама — і гэта робіцца на сістэмнай аснове — выязджала ў ЦІП, і праверкі праводзіліся па ўсіх кірунках. І ў якіх умовах утрымліваюцца затрыманыя, і як выконваюцца ўсе распарадкі. Відэакамеры праглядаліся ў тым ліку. Ніякіх парушэнняў не выяўлена», — адзначыла яна.

На пытанне карэспандэнта, ці не варта выкласці запісы з тых відэакамер у публічны доступ, каб супакоіць грамадскасць, прэс-сакратар адказала, што «пакуль падставы, каб публікаваць гэтыя відэа, няма».

«Ёсць унутраныя правілы для затрыманых. Калі правілы парушаюцца, ёсць карэкціроўкі для тых, хто там знаходзіцца. Напрыклад, скарачаюць шпацыр на вуліцы. Але на сённяшні момант у мяне няма інфармацыі, што да затрыманых хтосьці з супрацоўнікаў прымяняў бы фізічную сілу», — адзначыла Вольга Чамаданава.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Lisoid Kotov / Адказаць
16.06.2020 / 16:42
Карантина нет, никаких мер вообще не производится в стране по сдерживанию эпидемии, парады проводить можно, но передачки нельзя - это очень усугубит ситуацию. 
1
Eprst / Адказаць
16.06.2020 / 16:43
[Рэд. Выдалена]
2
Juzik / Адказаць
16.06.2020 / 16:56
Чамадан, вакзал, расея..
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру