Няма збавення
Апроч пекнаты.
Ў маім маленні
Адзіная ты.
Аднэй між дзеваў
І верных жанок
Высокіх спеваў
Адвечны зарок!
Прамень світання
І сонечны госць,
Людзей вітання
Ты вартая ёсць!
О, будзь хвалёна,
Вялічана будзь! —
Табой збавёны
Не вызнае жудзь.
Малю й гукаю
Ў няўхільную сінь:
— З тугой адчаю
Мяне не пакінь!
Ў баі жыццёвым
Адвагі прыдай,
Надзеі словам
Мяне прывітай.
Пакліч павеўна
І радасць разлі,
Дазволь мне пэўна
Ступаць па зямлі.
* * *
Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 траўня 1900 году ў вёсцы Макашы (Нясвіжчына). Юнаком Жылка вітаў абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі: «Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела,
Адважных, храбрых ваяроў!..» Ад 1921 году жыў у Вільні, ад 1923-га вучыўся ў Празе, на тагачаснай «праграме Каліноўскага», у 1926 годзе пераехаў у БССР. Саветы арыштавалі Жылку ў 1930 і ў 1933-м звялі ў магілу ў высылцы, ў Уржуме. Быў Жылка адным з найвялікшых беларускіх паэтаў.
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.