У Маладзечне суд пакараў штрафам у 810 рублёў мясцовага жыхара, кіроўцу Аркадзя Жызьнеўскага. Прычынай стала ягоная прамова ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага 15 красавіка, паведамляе «Радыё Свабода».

«Чаму мы да сваёй культуры гэтак ставімся?»

Суд над Жызьнеўскім адбыўся 11 чэрвеня, калі сам Сяргей Ціханоўскі ўжо сядзеў у «Валадарцы» паводле абвінавачаньня ў арганізацыі хуліганскіх дзеяньняў. Менш за тры хвіліны размовы з блогерам, якую паглядзелі дзясяткі тысяч падпісчыкаў каналу Ціханоўскага «Краіна для жыцьця», судзьдзя палічыла ўдзелам у не дазволеным ўладамі мітынгу і прызначыла за гэта штраф у 30 базавых велічыняў.

Аркадзь Жызьнеўскі ў размове зь Ціханоўскім гаварыў, што ў ягоным статысячным горадзе Маладэчне няма ніводнай беларускамоўнай школы і нават ніводнай клясы.

«Я беларускамоўны і хацеў, каб і мае дзеці па-беларуску вучыліся. Пісаў заяву ў раённы аддзел адукацыі, але — не. Чаму? Ці загаду няма, ці што? Прапаноўваў, каб пыталіся ў бацькоў, якія запісваюць сваіх дзяцей ў школу, на якой мове яны хочуць вучыць дзяцей, але не — толькі па-расейску і ўсё. Я не нацыяналіст які, нічога такога, але чаму мы да сваёй культуры гэтак ставімся?» — запытаў Аркадзь Жызьнеўскі ў стрыме блогера.

Пра рашэньне судзьдзі Жызьнеўскі кажа, што для яго гэта яшчэ добры вынік, бо некаторых удзельнікаў стрыму адправілі «на суткі».

«Судзьдзя ня выявіла ніякіх эмоцыяў»

«Судзьдзя была маладая, — згадвае кароткі судовы працэс Аркадзь Жызьнеўскі і безнадзейна махае рукой. — Твар у масцы, мімікі не відаць, але не скажу, што было ўражаньне, быццам ёй сорамна. Далі загад — выконвала. У гэтым уся праблема: усяго за якія 20 год людзей ператварылі ў шрубы, яны не задумваюцца, што робяць і навошта».

Аркадзю дагэтуль баліць, што тэма ягонай размовы з блогерам судзьдзю і не цікавіла. «Ёй важна было, каб прызнаў, што стаяў на вуліцы і размаўляў зь Ціханоўскім. А пра што — нейкая мова — няважна».

Сёньня Аркадзь больш падрабязна распавядае журналісту пра сваю няўдалую спробу аддаць дачку ў беларускамоўную клясу. Гэта было два гады таму, у канцы лета.

Ён пайшоў запісваць дачку ў сярэднюю школу №2, бо быў упэўнены, што там вучаць па-беларуску. Сам жа ў 2001 годзе заканчваў там беларускамоўную клясу. Але выявілася, што беларускамоўнага навучаньня ў школе ўжо няма. «А дзе ёсьць?» — спытаў у раённым аддзеле адукацыі. Адказалі, што ў горадзе няма ніводнай школы з цалкам беларускамоўным навучаньнем і адкрыцьця асобных беларускамоўных першых клясаў не прадбачыцца. Маўляў, бацькі ня хочуць.

Тады Аркадзь напісаў і аднёс ў раённы аддзел адукацыі пісьмовую заяву, каб такую клясу для ягонай дачкі адкрылі і прапаноўвалі бацькам запісвацца ў беларускамоўныя клясы, агітавалі за іх. Аднак, кажа, у раённым адзьдзеле адукацыі яму адмовілі з прычыны «адсутнасьці ахвотных».

«Проста перайшоў на беларускую мову, нават не заўважыў»

Аркадзь — кіроўца, зарабляе на жыцьцё як «дальнабойнік». То перавозіць грузы па Расеі і Казахстане, то едзе рэйсам на захад ў Эўропу і адтуль вяртаецца з новым грузам. За год такіх паездак некалькі дзясяткаў. Кажа, што аднойчы прыехаў з рэйсу, зьвярнуўся да дачкі і сына, а дзеці яго амаль не зразумелі.

«Я ж цалкам беларускамоўны. З 21 году як перайшоў, а мне цяпер 36, гавару толькі па-беларуску. Перайшоў легка, нават не заўважыў і цяпер інакш не магу, гэтак і думаю», — кажа ён. І тлумачыць, што вакол яго толькі расейскамоўныя людзі.

«Ёсьць сябры, якія могуць падтрымаць беларускую размову, жонка можа павітацца па-беларуску, але ўсё роўна — вакол толькі расейская мова, вось дзеці на яе і настройваюцца, — распавядае Аркадзь. — Цяпер я ўзяўся за іхную беларускую адукацыю, кніжкі ім па-беларуску чытаю, больш размаўляю, ужо ўсё разумеюць. Але ўсё роўна з тэлевізара гучыць расейская, у крамах па-расейску, у дзіцячым садку ўсё па-расейску. Часам адчуваю сябе як на высьпе. У рэйсе і то лепш — там ў мяне запісаныя кнігі па-беларуску, любімыя групы. Але тут як быць? Ня ведаю. Маё змаганьне з чыноўнікамі пакуль нічога не дало».

«Няма куды ісьці на працу, думкі толькі пра ад’езд»

Аркадзь не хаваў абурэньня тым, як ўлада абышлася зь Сяргеем Ціханоўскім, якога, кажа, ён асабіста вельмі запаважаў за тое, што ўскалыхнуў глыбінку, загаварыў зь ёю пра зразумелае. Добра адгукнуўся і пра Віктара Бабарыку:

«Тое, што ён паказвае сябе крызісным мэнэджэрам — гэта ў яблык. Патрэбны, хто ведае дарогу, куды вырульваць», — перакананы маладачанскі кіроўца.

Аркадзь апавядае пра сытуацыю ў Маладэчне. Паводле яго, горад хоць і дарос да ста тысяч жыхароў і ў пачатку 90-х праславіўся як інкубатар прадпрымальніцва, але цяпер траціна маладых на заробках у Эўропе, траціна ў Менску ці яшчэ дзе.

«Заводы парашковай мэталюргіі, якія Генадзь Карпенка (беларускі палітык, дэпутат ВС, былы старшыня гарвыканкаму Маладэчна. — РС) выцягваў, мэталяканструкцыяў, электрамэханічны былі горадаўтваральнымі, на іх не ўладкавацца было, а цяпер або стаяць, або ледзь дыхаюць, — кажа Аркадзь Жызьнеўскі. — Маладым мужчынам, у якіх сем’і, няма куды ісьці на працу, думкі толькі пра ад’езд. Калі Лукашэнка яшчэ застанецца — зь ім у нас шанцаў няма, нашыя людзі пра яго нават чуць ня хочуць. Дзевяць зь дзесяці за перамены».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?