Сябры Еўрапейскага парламента Андрус Кубілюс, Анна Фотыга, Міхаэль Галер, Анджэй Вітальд Галіцкі, Сандра Кальніетэ, Мірыям Лексман, Зігрфрыд Мурэсан, Радаслаў Сікорскі, Віола фон Крамон-Таўбадэль выступілі з заявай адносна апошніх падзей у Беларусі.

«Падзеі ў Беларусі цягам апошніх тыдняў прадэманстравалі, што грамадзяне Беларусі хочуць пераменаў, — гаворыцца ў іх заяве. — Гэта пацвярджаюць таксама аб’ектыўныя апытанні — людзі хочуць зменаў ва ўрадзе, зменаў у палітыцы.

Пасля 26 гадоў кіравання А. Лукашэнкі ў краіне, якая цяпер пакутуе ад пандэміі і эканамічных нягод, людзі хочуць сапраўдных зменаў — гэта ясны сігнал, які грамадзянская супольнасць дасылае А. Лукашэнку і сябрам Беларусі ў Еўропе.

Змены ў Беларусі сапраўды патрэбныя. Яны не вінны пужаць ані беларускіх грамадзянаў, ані беларускія дзяржаўныя органы. Еўрапейскі Саюз гатовы дапамагчы Беларусі на яе шляху да гэтых непазбежных пераменаў. Аднак толькі сама Беларусь можа ўзяць на сябе адказнасць па іх ажыццяўленні.

Змены могуць азначаць змену кіраўніцтва, але ж яны могуць азначаць і змену палітыкі, якую праводзяць людзі ва ўладзе.

Гісторыя сусветнай палітыкі дае нам некалькі прыкладаў, калі лідары, якія доўга былі ва ўладзе, разважна прыслухоўваліся да патрабавання пераменаў, што мірна выказвалі грамадзяне, і самі ініцыявалі радыкальныя зрухі ў сваёй палітычнай павестцы, каб даць рады гэтым патрабаванням. Беларусь цяпер у такой сітуацыі, калі магчымы абодва альтэрнатыўныя сцэнары.

З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мы назіраем, як ніколі раней, высокую заангажаванасць грамадзянскай супольнасці ў падтрымку прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзідэнты, альтэрнатыўных А. Лукашэнку. Маецца ясна бачны падзел паміж тымі, хто хоча падтрымліваць status quo, і тымі, хто прагне рэальных пераменаў. Таму 9 жніўня беларускі народ можа зрабіць сапраўды стратэгічны выбар: працягваць як раней або абраць шлях разумных зменаў. Абодва рашэнні беларускага народа будуць аднолькава легітымнымі і будуць аднолькава паважацца пры ўмове, што яны будуць прынятыя на вольных і сумленных выбарах.

Аднак магчымасць для беларускага народа зрабіць выбар на такіх вольных і сумленных выбарах у значнай ступені залежыць ад рашэння А. Лукашэнкі. Хопіць ў яго мудрасці прыслухацца да патрабаванняў сваіх суграмадзян, ці ён прыме рашэнне падавіць надзеі на любыя перамены пры дапамозе недэмакратычных адміністратыўных сродкаў ці нават сілы.

У выпадку, калі А. Лукашэнка абярэ першую опцыю і парупіцца прадэманстраваць, што ён чуе патрабаванне людзей наконт пераменаў, для яго будзе дастаткова прытрымлівацца некалькіх базавых прынцыпаў:

a) спыніць прыгнёт і пераслед палітыкаў, грамадзянскіх і апазіцыйных актывістаў, патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, уключна з Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам, і вызваліць затрыманых, уключна з Паўлам Севярынцам і іншымі;
b) дапусціць рэгістрацыю кандыдатаў, якія сабралі неабходную колькасць подпісаў без стварэння наўмысных адміністратыўных перашкодаў;
c) забяспечыць роўныя ўмовы вядзення кампаніі, уключна з доступам да СМІ, для ўсіх кандыдатаў;
d) гарантаваць вольны, сумленны і празрысты выбарчы працэс;
e) публічна ўзяць на сябе абавязак прызнаць вынік выбараў, якім бы ён ні быў;
f) урэшце, паабяцаць, што калі ён выйграе прэзідэнцкія выбары, ён забяспечыць вольныя і дэмакратычныя парламенцкія выбары.

Такая пазіцыя А. Лукашэнкі дапускае надзею, што змена палітыкі ў Беларусі магчымая без змены асобаў ва ўладзе.

Гэта таксама створыць умовы для ЕС, каб адкрыць для Беларусі доступ да дадатковых выгодаў супрацы з ЕС у рамках Усходняга Партнёрства і да падтрымкі, якая Беларусі тэрмінова патрэбная ў гэтыя беспрэцэдэнтныя часы, калі краіна пакутуе ад пандэміі і яе эканамічных наступстваў.

З іншага боку, калі А. Лукашэнка зноў праігнаруе голас сваіх суграмадзян, як гэта было раней, і абярэ зноў другую опцыю, то бок адмовіць у праве вольнага выбару праз адміністратыўныя маніпуляцыі або нават праз сілу, мы зробім усё магчымае для забеспячэння адказу дэмакратычнай садружнасці ў выглядзе найбольш жорсткай рэакцыі ў дачыненні асабіста да А. Лукашэнкі, яго палітычнага атачэння і рэпрэсіўных структураў. 

Рэпрэсіі, запалохванне і арышты (у тым ліку сябраў дэмакратычнай апазіцыі) абсалютна не прыдатныя метады для правядзення выбараў або для згуртавання краіны, яны ёсць толькі цынічнымі крокамі для ўтрымання ўлады любой цаной.

А. Лукашэнка павінен разумець, што ЕС не будзе патураць такім дзеянням і яны павінны і будуць мець наступствы, уключаючы магчымыя адрасныя санкцыі супраць групаў, фізічных і юрыдычных асобаў, а таксама паўплываюць на рашэнні ЕС адносна фінансавай падтрымкі Беларусі, уключна з пакетам падтрымкі ўстойлівага развіцця.

Мы спадзяёмся, што гэтым разам гэта не спатрэбіцца.

Любая ўлада вінна чуць голас грамадства, якое патрабуе пераменаў. Тыя, хто адмаўляецца чуць, трапляюць на ўзбочыну гісторыі.

Тыя, хто чуюць і рэалізуюць патрабаванні, пацвярджаюць, што яны маюць мудрасць дзяржаўнага дзеяча. Інакш яны вымушаныя плаціць за наступствы сваіх дзеянняў.

Беларусь моцная і важная еўрапейская дзяржава. Моцныя дзяржавы не баяцца зменаў. Зменаў баяцца толькі слабыя», — адзначаюць дэпутаты Еўрапарламента. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0