Майкл Соул стаў першым удзельнікам забаўляльнага шоу, дзе вядоўца выпрабоўвае на трываласць як фізічную падрыхтоўку ўдзельніка, так і яго ўзровень валодання беларускай мовай. На чарзе — Ягор Кіпа.

Грамадская кампанія «Годна» сумесна з «Арт Сядзібай» запускае «Мова Challenge». Мэта праекта — ладзіць незвычайныя ўрокі беларускай мовы для беларускіх селебрыці.

Першым вучнем стаў удзельнік маштабных тэлепраектаў «X-Фактар», «Ліга смеху», «Голас країни», фіналіст нацыянальнага адбору на Еўрабачанне 2016 года — Майкл Соул. А ў якасці навучальнага класа была абрана трэнажорная зала Gym24.

Ідэя праекта простая: падчас таго як удзельнік «Мова Challenge» займаецца на трэнажоры, вядоўца кажа яму слова па-беларуску, якое ён мусіць перакласці на рускую мову. І наадварот — з рускай на беларускую. У выпадку, калі чалавек не ведае перакладу, то хуткасць на трэнажоры паскараецца.

Падчас чэленджу мы даведаліся, што ўзровень англійсікай і ўкраінскай моваў у Майкла значна вышэйшы за ўзровень валодання беларускай. Сітуацыя не самая радасная, але менавіта дзякуючы «Мова Challenge» сам Майкл зразумеў і адчуў, што гэта варта выпраўляць. Пасля чаго зрабіў высновы, што трэба брацца за вывучэнне беларускай мовы. І так будзе з кожным!

Такім чынам, мерапрыемства носіць адукацыйна-спартыўны характар. Але, перш за ўсё, безумоўна, забаўляльны.

У наступным выпуску ў якасці вучня выступіць Ягор Кіпа. Ягор — лідар гурта «Басота», блогер, менеджар Бакея і проста гарадскі вар’ят.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?