10.04.2009 / 10:54

З якога герба зваліліся? 9

Заўсёды, калі раней даводзілася быць у Літве, стараўся набыць газету «Республика». Болей не буду. Піша Віталь Тарас.

Заўсёды, калі раней даводзілася быць у Літве, стараўся набыць газету «Республика».
Гэта расейскамоўнае выданне літоўскай газеты Respublika, якая ўваходзіць, улучна з Vakaro žinios, Šiaulių kraštas і Vakarų ekspresas у самую буйную выдавецкую групу ў краіне. «Республика» (яна выдаецца з 1991 году) свой наклад не пазначае, але пазіцыянуе сябе як «адзіны нацыянальны штодзённік на расійскай мове».

Насамрэч,

для чалавека, які не ведае літоўскай, гэтае выданне – хоць і вузенькае, але ўсё ж акенца ў жыццё суседняй дзяржавы, яе палітыку і культуру.
Праўда, за апошнія гады нічога асабліва сенсацыйнага чытаць у ім не давялося. Але публікацыя ў нумары за 3 красавіка гэтага году палоснага інтэрвью пад назвай «Можа, мы ўжо не вершнікі з герба?», шчыра кажучы, здзівіла. На жаль, газета нічога не паведамляе пра Ізідоруса Шымяленіса – чалавека, з якім размаўляе аглядальнік газеты Фердынандас Каўзонас, акрамя таго, што ён «усё жыццё пражыў у клопатах пра Літву». І што
ён нарадзіўся 90 гадоў таму ў вёсцы Дубіны, якая цяпер на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Відавочна, інтэрвью перакладалася з літоўскай мовы, прычым даволі неахайна. Вось, напрыклад, адзін маленькі фрагмент: «Потым надоўга мы сталі Польшчай. Пакуль 17 верасня 1939 году не ўвайшла Чырвоная армія і не перадала нас Заходняй Беларусі» (!) А потым вяскоўцам, нібыта, дазволілі самім абраць орган дэмакратычнага самакіравання – валасны камітэт.

Сваіх аднавяскоўцаў аўтар аповяду называе «яўрэйчыкамі». (Падазраю, што ў арыгінале было ўжыта іншае слова – В.Т.) Недзе ў сярэдзіне гутаркі інтэрвьюер, нібы спахапіўшыся, раптам запытвае: «Гэты змяншальны суфікс пра што сведчыць – пра ласкавае, дружалюбнае стаўленне ці пра нешта зневажальнае?»

«Што ты – канечне, толькі дружалюбнае, – адказвае суразмоўца. – Мы ўсе ў вёсцы з імі добра ладзілі. Яны былі для нас сваімі». І ў пацверджанне прыводзіць годную замілавання гісторыю – пра «яўрэйчыка» Ульфу, які аднойчы «падыходзіць да вакна, грукае і кліча бацьку: «Шымяленіс, што маеш прадаць…» А мой старэйшы брат Стасюкас у тон адказвае: «Парася з хвосцікам…» Якую ўзбучку ад бацькоў потым атрымаў Стасюкас: як мог так пакрыўдзіць яўрэйчыка?!. А бабуля, як цяпер чую, кажа: «Нядобра. Так нельга. Яўрэй такі самы чалавек, як і мы. А калі ён недамерак, дык гэта яго справа».

Як тут не ўспомніць выказванні вядомага дзяржаўнага дзеяча, які заявіў, што ніякім чынам не хоча пакрыўдзіць яўрэяў, «але яны не вельмі клапоцяцца, каб была пастрыжаная трава». Бабруйск, напрыклад, ператварылі ў «свінушнік».

Можа быць, у газеце «Республика» з сарказмам ставяцца да выказванняў на падобныя тэмы? Ды не, хутчэй з пафасам. Вось фрагмент таго самага інтэрвью, вынесены на першую паласу пад назвай «Інструменты распальвання варожасці»:

«Прэтэнзіі палякаў Віленскага краю на напісанне іх прозвішчаў паводле польскага правапісу, іх зварот у літоўскія ўстановы адукацыі – гэта элементарны набор інструментаў распальвання міжнацыянальнай варожасці, якія трымаюць у сваіх руках рознага роду палітыканы.
Дарэчы, і немалая частка яўрэяў з’яўляецца падобным інструментам у чыіхсці руках». Паводле Шымяленіса, пасля вайны «кіраўніцтва Польшчы звярнулася да Сталіна з тым, каб былі створаны лепшыя ўмовы для палякаў, што засталіся ў Беларусі і Літве». Мазураў, маўляў, смела адказаў Сталіну: «Ніяк не магу пагадзіцца з просьбай Польшчы, бо не хачу беларусаў апалячваць». А вось кіраўнік кампартыі Літвы Снечкус, нібыта, пагадзіўся адразу. «Тое, што адбываецца цяпер у гэтым краі (Віленскім – В.Т.) – знак таго, што пагадненне паміж Сталіным і Снечкусам дзейнічае і сёння», – завяршае інтэрвью Шымяленіс. На развітанне журналіст віншуе свайго суразмоўцу з 90‑гадовым юбілеем. Дарэчы, аўтару інтэрв’ю належыць і арыгінальная ідэя загалоўка пра вершніка з герба. «Дык няўжо наш белы конь ужо застаўся без вершніка?...Ці наш вершнік ужо не той, што на гербе? Не з поля Грунвальдскай бітвы прыскакаў?.. – пытаецца аўтар ва ўступе да інтэрвью. І працягвае – Дык,
можа, гэта добра, што палякі ў Віленскім краі літоўскія школы пацяснілі?.. І літоўскія дзіцячыя садкі?..Можа, лепей палякі, чым гомасексуалісты?..»

Не трэба і казаць, што нідзе ў публікацыі не згадваецца, гербам якой старадаўняй дзяржавы была Пагоня, што нарадзілася, дарэчы, задоўга да Грунвальду і якую ролю адыгрывалі ў яе гісторыі беларусы. Як нічога не гаворыцца пра становішча беларускай меншасці ў сучаснай Літве.

Што тычыцца антысемітызму – гэта, зразумела, не навіна. Праўда, пакуль не было ў Літоўскай Рэспубліцы, адрозна, скажам, ад суседняй Латвіі, маршаў ветэранаў СС.

Але нешта не тое адбываецца апошнім часам і ў сённяшняй Літве, і ў Польшчы. Нядаўна на старонках Gazety Wyborczaj вядомыя дзеячы польскай культуры, сярод якіх – Анджэй Вайда, выказалі свой пратэст у сувязі з тым, што TVP фактычна ўзначальвае прадстаўнік Лігі польскіх сем’яў Пётр Фарфал (той самы, які спрычыніўся быў да звальнення дырэктаркі Белсату Агнешкі Рамашэўскай). Ён і яго падначаленыя ў нядаўнім мінулым падвізаліся ў неанацысцкіх інтэрнэт‑выданнях, дзе друкаваліся артыкулы пра тое, што рэпрэсіі супраць яўрэяў падчас вайны былі абгрунтаванымі, альбо змяшчаліся заклікі выкінуць са школьных падручнікаў імёны польскіх класікаў яўрэйскага паходжання – Юльяна Тувіма, Ежы Лесьмяна і іншых. Частка польскай інтэлігенцыі лічыць ганебным той факт, што начале грамадскага тэлебачання застаюцца такія людзі. Ад супрацоўніцтва з яго кіраўніцтвам адмовіўся нядаўна нямецка‑французскі тэлеканал Arte. Але далёка не ўсе ў самой Польшчы падтрымліваюць ідэю байкоту TVP.

А ў Літве нядаўна амаль 300 чалавек падпісаліся супраць некаторых публікацыяў у газетах Respublika і Vakaro žinios. Як піша агенцтва Delfi, дзеячы літоўскай культуры, (сярод якіх, напрыклад, вядомы пісьменнік Томас Венцлава) асудзілі «злоўжыванні свабодай прэсы» і «распальванне нянавісці» на старонках гэтых выданняў.

Віталь Тарас

0
АМ / Адказаць
10.04.2009 / 12:07
>> выказалі __свій__ пратэст у сувязі з тым Ай-ай. Адключыце аўтазамену ў "Вордзе" :)
0
Аўтару / Адказаць
10.04.2009 / 17:12
Рэспубліка вельм даўна славіцца тым, што грашыць у той галіне, пра якую кажыце. Сваіх аднавяскоўцаў аўтар аповяду называе «яўрэйчыкамі». (Падазраю, што ў арыгінале было ўжыта іншае слова – В.Т.) У літоўскай мове ў прынцыпе няма двух словаў якімі назваюць прэдстаўнікоў габрэйскага народу, ёсьць толькі адно: žydas, якім карустаюцца на афіцыйным узроўне, таму ў літоўскай версыі написана менавіта так як вы намекайіце:)
0
Віталь / Адказаць
10.04.2009 / 18:33
Дарэчы спадарства,у беларускай мове інтэрпрытацыі яўрэй,габрэй і т .д выдуманыя пад уплывам расейскай бо жыды на Беларусі й на Літве заўсёды зваліся жыды.І ніякай абразы тут няма
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру