Былая прэс-сакратарка АНТ Курбат: З горыччу і болем гляджу на тое, што ў эфіры БТ. І крычу родным: «Гэта няпраўда» 9
Фота з інстаграма Таццяны Курбат
Былая прэс-сакратар АНТ Таццяна Курбат рэзка выказалася ў сваім інстаграме пра сітуацыю ў Беларусі. Яна, дарэчы, зарэгістравалася назіральнікам на выбары.
«У 2010 годзе, у год чарговых выбараў, я была прэс-сакратаром тэлеканала АНТ. Упэўненая, хтосьці памятае выпуск праграмы «Выбар», калі Сяргея Дарафеева звольнілі амаль у прамым эфіры. Бо адышоў ад узгодненага сцэнарыя і не змог стрымаць сваё абурэнне і грамадзянскую пазіцыю. З-за чаго галоўная па падліку галасоў проста выбегла са студыі.
А да гэтага цэлы год «нас гулялі» ў дэмакратыю і свабоду слова. Дазвалялі мачыць чыноўнікаў у эфіры і задаваць ім нязручныя пытанні, прыдумлялі правакацыйныя шоу, каб жартаваць з палітыкаў, стваралі ілюзію сумленнасці і непрадузятасці.
Мы ўсе падмануліся.
Мне было 23. І я, да свайго сораму, мала што разумела ў тым, што адбываецца.
Пасля той страшнай ночы, калі ілюзіі разбіліся, — усе хутка прыйшлі ў прытомнасць. Мне забаранілі прызнавацца журналістам іншых СМІ, што знікненне Дарафеева з эфіру звязана з палітыкай. «А інакш пойдзеш туды ж, куды і твой Дарафееў», — сказаў мне кіраўнік (які там ужо не працуе).
Мне было сорамна. Мне было брыдка. Мне было цяжка.
Не магу пахваліцца, што пайшла адразу ж. Не. Цяпер, вядома, зрабіла б гэта маментальна. А яшчэ верагодней — да ўсяго.
Як і ўсім тэлевізійнікам, мне было страшна страціць працу, чарга на жыллё, стабільнасць…
У выніку ўсё ж звольнілася. Каб больш ніхто і ніколі не прымусіў мяне губляць твар. Перад самой сабой.
Жыццё маё пасля дзяржаўнага ТБ ні на ёту не пагоршылася. Наадварот. Яно стала лепшым, свабоднейшым і больш сумленным.
Я не працавала тварам у кадры. Не плявузгала на невінаватых. Не фабрыкавала звесткі. Не склейвала па секундах інтэрв'ю для сюжэту, каб змяніць сэнсавыя націскі, як гэта рабілі «аўтары навінаў».
Не ўводзіла ў зман тых, хто верыць «тэлевізару». Але я ўсё гэта бачыла за кулісамі. І досыць недарэчна «перакладала» на мову іншых смі, якія прыходзілі да мяне ў прэс-службу з пытаннямі. Недарэчна, таму што не ўмела і не хацела хлусіць.
З горыччу і болем гляджу на тое, што адбываецца ў эфіры беларускага тэлебачання цяпер. І па некалькі разоў на дзень літаральна крычу ў слухаўку маме і бабулі: «Гэта няпраўда!!! Слухайце мяне, а не БТ!!!» А яшчэ навучыла іх глядзець правільны інтэрнэт і ДУМАЦЬ.