Фота Надзеі Бужан

У сённяшняй хвалі рэпрэсій новай аказалася не толькі і не столькі яе жорсткасць. Яе карані якраз зразумелыя — улада нервуецца з-за крызісу ў эканоміцы і народнай актыўнасці пад выбары. Куды больш небяспечна тое, што не відаць сілы, якая здольная спыніць спаўзанне краіны ў варонку гвалту, піша Арцём Шрайбман у сваім блогу на Tut.by.

Беларускае грамадства не было так палітызаванае як мінімум з 90-х гадоў. У гэтага шмат праяў, але ўсе яны паказваюць адну і тую ж высокую тэмпературу.

Людзі выстройваюцца ў жывыя ланцугі ў дзясятках гарадоў — у цэнтры і спальных раёнах і робяць гэта па 6-7 гадзін, нягледзячы на затрыманні. Пратэсты ідуць у райцэнтрах, дзе іх ніколі не было. Доўгія чэргі паставіць подпіс за «ўсіх, акрамя яго». Беларусы, якія ўпершыню прыйшлі ў палітыку, натоўпамі падаюць заяўкі, каб патрапіць у выбаркамы.

У прэзідэнты пасля доўгага перапынку пайшлі выхадцы з эліты — Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка. Вядомыя спартсмены і беларусы са свету шоу-бізнэсу — комік Андрэй Скараход, спявачкі Лера Яскевіч і Palina, рэжысёр Дар'я Жук, саліст «Дай Дарогу» Юрый Стыльскі — сталі смела выказвацца пра палітыку.

Сабраўшы рэкордную для альтэрнатыўнага палітыка ініцыятыўную групу ў 9 тысяч чалавек, галоўны на сёння апанент прэзідэнта Віктар Бабарыка яшчэ і ў два разы пабіў мінулы рэкорд Зянона Пазняка па сабраных подпісах.

Ідзе актыўная дэсакралізацыя вобразу прэзідэнта. Запусціў яе Сяргей Ціханоўскі са сваім лозунгам «Стоп таракан». Цяпер працэс працягваецца ў форме, мабыць, аднаго з самых паспяховых палітычных мемаў у сучаснай гісторыі краіны пра «3%».

Рэйтынг Лукашэнкі, вядома ж, вышэйшы. Паводле звестак Акадэміі навук, у красавіку ў Мінску прэзідэнту давяралі 22%. Рэкамендую разлікі Юрыя Дракахруста на аснове даных тых гадоў, калі сацыёлагі НІСЭПД рэгулярна замяралі як электаральны рэйтынг прэзідэнта, так і ўзровень даверу да яго. Па гэтых прыкідках выходзіць, што, калі Лукашэнку давяраюць 22% менчукоў, гэта азначае агульнанацыянальны электаральны рэйтынг каля 30%.

Але гэта было ў сакавіку — красавіку. Да посткавіднага запаволення эканомікі, параду падчас пандэміі і з'яўлення папулярных альтэрнатыўных кандыдатаў. Цяпер лічбы відавочна не выраслі.

Лукашэнка ўжо бываў у зоне такога нізкага рэйтынгу раней — у канцы 90-х, у 2011 і ў 2016 гадах. Але да гэтага часу гэта ні разу не выпадала адначасова на выбары, рэцэсію, масавую палітызацыю і адсутнасць грошай на залагоджванне людзей.

Улада збівае хвалю незадаволенасці, каб не дапусціць яе піку ў дзень выбараў, як у 2010 годзе. З-за таго, што няма пернікаў, рабіць гэта застаецца толькі праз бізун. Прычым стабільна павышаючы градус рэпрэсій, калі папярэднія не спрацавалі.

Бізуноў можа быць тры — дыскрэдытацыя лідараў, запалохванне астатніх незадаволеных, каб яны засталіся дома, і прамыя рэпрэсіі ў адносінах да тых, хто не паслухаўся і выйшаў. Улада спрабуе выкарыстоўваць усе гэтыя метады.

Дыскрэдытацыя лідараў — Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі — ідзе па традыцыйным сцэнары: завесці крымінальную справу, каб стварыць ім вобраз злачынцаў, абвінаваціць у працы на замежных лялькаводаў (сёння прыйшоў час Расіі) і штодня нагадваць пра гэта па ТБ.

Гэтак жа дзейнічалі ў 2006, 2010 і 2017 гадах. У першыя два разы крымінальную справу заводзілі пасля «Плошчы», у 2017-м — напярэдадні піку пратэстаў на Дзень Волі. Тады страшылкамі былі баевікі і іх схроны са зброяй, пацукі ў водаправодзе, тэракты, заходнія і ўкраінскія куратары.

Цяпер зноў вырашылі спрацаваць на апярэджанне, але гэтая спроба дыскрэдытацыі наўрад ці будзе паспяховай. Па-першае, крытычна настроеныя да ўлады людзі памятаюць, як у 2017 годзе прапаў джып, які прарываўся праз украінскую мяжу, а справа «Белага легіёна» рассыпалася, як толькі перастала быць патрэбнай.

Па-другое, ёсць праблема з самімі сюжэтамі. Інцыдэнт з Ціханоўскім і жанчынай цікавай прафесіі з Мінска, якая чамусьці прыехала ў Гродна патузаць блогера за рукі, для многіх адразу стаў падобны на сцэнку са студэнцкага капусніка.

У выпадку з Бабарыкам улада спрабуе прадаць гледачам сюжэт, які занадта складаны, каб быць відавочным. Людзі бачаць паперкі невыразнага паходжання і абрывістыя словы экс-калегаў банкіра. Усе высновы за гледача робіць дыктар або сілавік, які тлумачыць нешта пра афшоры, фірмы-пракладкі, Латвію і адмыванне мільёнаў.

Перад гледачом просты выбар — верыць, што ўсе гэтыя дакументы не фальшывыя і што яны нешта даказваюць, ці не верыць. У сітуацыі, калі людзі не давяраюць уладзе ўжо і па афіцыйных апытаннях, мала шанцаў, што гэтая гісторыя зможа кагосьці пераканаць. Затое яна ідэальна ўкладваецца ў звыклую рамку барацьбы з апанентамі ўлады праз крымінальныя справы.

Наступны метад барацьбы з палітызацыяй — запалохванне. Тут у ход ідзе і рыторыка ўладаў, і прафілактычныя арышты перадавікоў пратэсту, каб паказаць прыклад астатнім. Маўляў, не злуйце нас, мы гатовыя на ўсё, каб не аддаць вам краіну.

Ацаніць эфектыўнасць гэтых мер складана. Невядома, колькі людзей напалохалі, а колькі, наадварот, падштурхнулі да палітызацыі нагадванні Лукашэнкі пра расстрэлы ва Узбекістане і арышты актывістаў, блогераў, палітыкаў і ўсіх астатніх, хто трапіўся пад руку.

Ну і нарэшце, трэці бізун — разгоны акцый і масавыя затрыманні іх удзельнікаў. Менавіта тут закапаная асноўная праблема, якой прысвечаны гэты тэкст.

Сённяшняя дынаміка канфрантацыі занадта лёгка можа прывесці туды, дзе краіна яшчэ не была, — да рэальнай крыві і, магчыма, з абодвух бакоў.

Сёння ў палітыку прыйшлі людзі, якія ў асноўнай масе раней у ёй не ўдзельнічалі, не бачылі буйным планам, на што здольныя ўлады пры падаўленні незадаволенасці. Палітолаг Андрэй Ягораў трапна назваў гэтых людзей «нябітымі».

Калі «нябітыя», ужо абураныя арыштам іх кандыдатаў у прэзідэнты, ушчыльную сутыкаюцца з міліцэйскай жорсткасцю ў адказ на мірны пратэст, іх рэакцыя можа быць нашмат больш рэзкай, чым у цёртых калачоў з апазіцыі. Не ўсе ўдзельнікі новай хвалі пратэсту паспелі змірыцца з тым, што неапазнаныя людзі ў цывільным могуць моўчкі або з мацярком закідваць у аўтазак усіх, хто аказаўся пад рукой, а потым збіваць іх там.

Не ва ўсіх гарадах такое наогул адбывалася раней. Шок штурхае да гневу. Пачынаюцца інцыдэнты, як у Маладзечне, дзе людзі сур'ёзна адбівалі затрыманых у АМАПа. Відэа з гэтай бойкай набірае тысячы радасных каментароў. Зваротны гвалт становіцца ўсё больш легітымным у вачах людзей.

Калі разважаць з пункту гледжання дзяржавы, якая не хоча народнага азлаблення, рэпрэсіі павінны стаць менш выклікаючымі. Але пакуль улада робіць усё наадварот, даючы пачаткоўцам у палітыцы нашмат больш падстаў для гневу, чым давала апазіцыі на яе акцыях пратэсту.

У Гомелі затрымліваюць інвалідаў па слыху, якія наўрад ці чулі каманду «разысціся». У Мінску вяжуць хлопцаў, якія куплялі каву на праспекце. У Ганцавічах да журналіста ўжываюць той жа задушлівы прыём нагой да шыі, ад якога нядаўна загінуў афраамерыканец Джордж Флойд у ЗША.

Калаж «Ганцавіцкі час»

Пагрозы жонкам арыштаваных адабраць у іх дзяцей, звальненне фельчара ў Лідзе падчас пандэміі, пасля таго як ён пагаварыў з Ціханоўскім, узмацненне жорсткасці ўмоў у ІЧУ на Акрэсціна да ўзроўню, які б назвалі катаваннямі ў любым Еўрапейскім судзе, — усё гэта працуе не на заспакаенне, а на радыкалізацыю пратэсту.

Калі вулічных рэпрэсій будзе больш і яны будуць такімі ж непрапарцыйнымі і невыборлівымі, як цяпер, усё больш людзей будуць схіляцца да радыкальных адказаў. Бойкі з міліцыяй будуць больш частымі. Абураныя людзі будуць хадзіць да РАУС і ізалятараў сваіх гарадоў патрабаваць вызвалення сваіх сваякоў. Асабліва калі іх узялі па прынцыпе «праходзіў побач».

І калі ў Мінску міліцыя знаходзіцца пад абаронай сваіх масак, масавасці і казармаў, то ў маленькіх гарадах, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, рызыка народнай помсты нашмат большая. Асабістыя звесткі міліцыянтаў імгненна вылічаюцца і распаўсюджваюцца ў сеткі.

Гвалт у адказ з боку грамадства толькі перазапусціць гэты механізм на новым узроўні, азлобіць сілавікоў і падштурхне іх да яшчэ большай жорсткасці. Прычым, калі ў вялікіх гарадах гэта прымае зразумелыя формы дубінак і кулакоў, то ў большасці райцэнтраў у міліцыі проста няма досведу ўжываць сілу так, каб пры сутыкненні выпадкова не адбылася трагедыя.

Мэтанакіраваныя затрыманні журналістаў па ўсёй краіне, як гэта адбылося 19 і 20 чэрвеня, маглі б знізіць рэзананс гадоў 10 таму.

Сёння камера ёсць у кожнага. Адключаны інтэрнэт толькі на пару гадзін адкладзе трапленне гэтых ролікаў і фота на ўсеагульны агляд.

Базавая памылка ўлады ў тым, што яна недаацэньвае размах незадаволенасці і палітызацыі ў грамадстве. Сілавікам і іх начальству здаецца, што калі даць па руках сотням самых актыўных, то тысячы патэнцыйна актыўных замаўчаць. Але гаворка сёння ідзе пра зусім іншыя памеры пратэсных настрояў.

У найбліжэйшыя пару тыдняў няма відавочных падстаў для новых акцый. Але яны паўстануць потым. Гэта можа быць дзень, калі Бабарыку не зарэгіструюць кандыдатам (напрыклад, з-за праблем з дэкларацыяй аб даходах), або дзень, калі суд адмовіць у скарзе на гэтую адмову. І гэта амаль напэўна будзе дзень выбараў, калі Лукашэнку абвесцяць не тры і не 30, а 83%.

Я не бачу зразумелага выхаду з гэтай спіралі эскалацыі.

Менавіта на ўладзе ляжыць адказнасць за гэта спаўзанне да гвалту і за тое, каб яго спыніць. Бо, у адрозненне ад французскіх «жоўтых камізэлек» або амерыканскіх марадзёраў на акцыях Black Lives Matter, у Беларусі пратэстоўцы не ўжываюць сілу першымі, а ў 99% выпадкаў не ўжываюць яе наогул.

У гэтым месцы, напэўна, павінен быць заклік да чыноўнікаў, якія гэта чытаюць, паўплываць на калегаў, каб не дапусціць нікому не патрэбнай крыві. Але ўжо не засталося прыкмет, што людзі, якія хочуць разрадзіць абстаноўку, уплываюць хоць на нейкія рашэнні ў краіне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?