Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №227, якім кампаніі «ГардСэрвіс» дадзена права аказваць ахоўныя паслугі. Дакумент прыняты «ў мэтах пашырэння сферы паслуг пры ажыццяўленні ахоўнай дзейнасці», піша Tut.by.

Фото: ГТРК «Башкортостан»

Фота: ДТРК «Башкартастан»

«ГардСэрвісу» дазваляецца, выконваючы патрабаванні заканадаўства, купляць, захоўваць і перадаваць сваім супрацоўнікам зброю як службовую, так і грамадзянскую, і боепрыпасы да яе. Пра заключэнне і спыненне дамоў на аказанне ахоўных паслуг кампанія абавязаная праінфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў.

«Патрабаванні супрацоўнікаў Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі, органаў унутраных спраў i органаў дзяржаўнай бяспекі аб часовым прыпыненні выкарыстання і прымянення службовай i грамадзянскай зброi пры аказанні работнікамі «ГардСэрвіс» ахоўных паслуг абавязковыя да неадкладнага выканання», — гаворыцца ў дакуменце.

Пры невыкананні нормаў указа №227 дазволы на валоданне зброяй будуць ануляваныя.

Супрацоўнікамі «ГардСэрвіса» могуць быць толькі грамадзяне Беларусі, якія прайшлі праверку ў органах унутраных спраў і дзяржбяспекі. Яны павінны адпавядаць патрабаванням да работнікаў ваенізаванай аховы. Пры выкананні службовых абавязкаў яны маюць «права на нашэнне, захоўванне, прымяненне і выкарыстанне службовай i грамадзянскай зброi, спецыяльных сродкаў і фізічнай сілы ў парадку, устаноўленым законам для работнікаў ваенізаванай аховы», гаворыцца ва ўказе.

У дадатку да ўказа пералічаныя паслугі, якія можа аказваць «ГардСэрвіс». Кампанія можа ахоўваць не толькі аб'екты і маёмасць кампаній і фізічных асоб, але і прымаць і рэагаваць на сігналы ахоўнай і трывожнай сігналізацыі, займацца перавозкай і аховай маёмасці, суправаджаць тавары і транспартныя сродкі, праектаваць, усталёўваць і абслугоўваць сродкі і сістэмы аховы.

Пры гэтым дзеянне ўказа не распаўсюджваецца на аб'екты і тавары, якія падлягаюць абавязковай ахове і суправаджэнні Дэпартаментам аховы МУС.

Што вядома пра кампанію «ГардСэрвіс»?

Кампанія была зарэгістраваная восенню 2019 года. Першапачаткова яна называлася «БелСек'юрыціГруп». 100% доляй «ГардСэрвіса» належыць кампаніі «Глобалкастам-менеджмент» (раней — «Глобалкастам»). Яе заснавалі грамадзянка Украіны Ганна Хмялеўская (40%) і беларуска Ганна Пушкарова (60%). Іх грашовы ўклад у статутны фонд складае 500 і 750 беларускіх рублёў адпаведна. Інфармацыі аб удзеле гэтых жанчын у іншых бізнэсах знайсці не ўдалося.

«Глобалкастам» спецыялізуецца на аказанні шырокага спектру камерцыйных лагістычных паслуг для карпаратыўных кліентаў на тэрыторыі Мытнага саюза, гаворыцца на сайце кампаніі. У 2017 годзе Федэральная мытная служба Расіі называла «Глобалкастам» у ліку галоўных пастаўшчыкоў санкцыйных тавараў. Аднак сама кампанія ад гэтага адхрысцілася. Разам з тым, згодна са звесткамі кампаніі, мелі месца спробы выкарыстання рэквізітаў «Глобалкастама» пры здзяйсненні нелегальнага перамяшчэння тавараў іншымі суб'ектамі гаспадарання, якія перарываліся адпаведнымі кантралюючымі органамі.

Пункты мытнага афармлення «Глобалкастам» знаходзяцца ў пасёлку Азярцо «Белкультгандлю» Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, індустрыяльным парку «Вялікі камень» і ГЛЦ «Белмытнясэрвіса». У цырымоніі адкрыцця ПТА «Глобалкастам» у «Вялікім камені» прымаў удзел кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман.

Першапачаткова размешчаная інфармацыя пра сувязь «Глобалкастам» з «Брэміна груп» не знайшла пацверджання. Хоць офісы «Гардсервіса», «Глобалкастома» і «Брэміна груп» размяшчаюцца побач у адным Бізнес-цэнтры ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?