«Расея ня будзе ўдзельнічаць ані ў якіх «сьвятарных саюзах», канфрантацыя ёй без патрэбы...»
У. Пуцін на паседжаньні МЗС РФ, 27 чэрвеня 2006У Беларусі закончыліся самыя буйныя супольныя вайсковыя манэўры на постсавецкай прасторы за апошнія 15 гадоў. У вучэньнях «Шчыт Саюзу – 2006» было задзейнічана блізу 10 тысячаў жаўнераў і афіцэраў, штабы арміяў, дывізіяў і брыгадаў, 40 танкаў, 180 бронемашынаў, 40 гарматаў і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню, 36 самалётаў і г.д. На гэты раз невялікую краіну «Дзьвінію» ратуюць расейскія войскі з стратэгічнымі бамбавікамі з суседняй «Дняпровіі» ад умоўнай дзяржавы «Бугія». Праціўнік ізноў наступае з Захаду, паратунак прыходзіць з Усходу.
Гэтым разам манэўры прыпалі на саміт прэзыдэнтаў сямі краінаў СНД, якія падпісалі Дамову аб калектыўнай бясьпецы. Кіраўнікі шостае часткі сьвету мусілі пераканацца, што ў Эўропу дзьверы замураваныя.
Не засталіся ўбаку й спэцчасткі КДБ і МУС Беларусі, што гэтаксама актыўна змагаліся з пагрозаю «Бугіі». У рамках вучэньняў яны павінны былі вызваляць ад меркаваных дывэрсантаў... калгас. Але сьцяміўшы, што гэткі сцэнар выкліча ўраган кпінаў, памянялі калгас на Бярозаўскі мясакамбінат. Падчас вучэньняў адпрацоўваліся дзеяньні па вызваленьні закладнікаў, а таксама ліквідацыі наступстваў тэракту на камбінаце, што, паводле сцэнару, стаў прычынаю выкіду аміяку. Пэўна ж, кілбасу ўратавалі.
«Самы галоўны наш клопат разам з Расеяй – заходнія межы. Супольная расейска-беларуская групоўка гатовая да выкананьня гэтых функцыяў на 120 адсоткаў!» – ацаніў вучэньні, што адбыліся, А.Лукашэнка.
Праводзіць падобныя вучэньні антытэрарыстычных падразьдзяленьняў у больш праўдападобных умовах у беларускім КДБ відавочна збаяліся. Пэўна, каб не выклікаць непатрэбных асацыяцыяў і не даваць падказак патэнцыйным тутэйшым экстрэмістам. «Шчыт Саюзу» – ня толькі разьмінка для абслугі складанай тэхнікі, але й красамоўны сыгнал асобным суседзям Беларусі. Найперш Польшчы, Чэхіі й Вугоршчыне, на тэрыторыі якіх у хуткім часе ЗША плянуюць разьмясьціць супрацьракетныя базы сыстэмы нацыянальнай абароны.
Нелюбоў рэжыму Лукашэнкі да суседзяў, апроч Расеі, зразумелая. Вакол – ворагі. Затое пазыцыя Расеі куды больш нюансаваная. У крамлёўскіх вярхах, пра што сьведчыць апошні выступ Пуціна на адмысловай калегіі МЗС Расеі нарэшце паўстае разуменьне таго, адкуль зыходзяць рэальныя пагрозы іхняй краіне. Ужо ж пэўна, што не зь Літвы й Польшчы. Пуцін не паехаў пад Баранавічы. І ў Маскве гэтыя вучэньні ніяк не адкамэнтаваў. І астатнія прэзыдэнты з прастораў Эўразіі, ветліва агледзеўшы Лукашэнкаву бібліятэку, паехалі сабе па хатах, ня выявіўшы цікавасьці да страляніны між калгасамі ды мясакамбінатам. Усход – справа тонкая.
А зь іншага боку – дзе яшчэ ў Эўропе расейскія ваякі могуць рэпэціраваць? Як кажа Пуцін – мухі асобна... Выходзіць, «Шчыт Саюзу» – файная магчымасьць павучыць сваіх жаўнераў у эўрапейскіх умовах. Урэшце, а хто сказаў, што гэта не спатрэбіцца? Сёньня гэткія саюзьнікі, заўтра – іншыя... Міжволі згадваюцца савецка-нацыстоўскія парады ў Беларусі й бурнае іх вайсковае супрацоўніцтва напрыканцы 1930-х. У сапраўднай імпэрыі ня можа быць вечных сяброў, у яе ёсьць толькі вечныя інтарэсы.
Выгаднымі гэтыя вучэньні былі й для беларускіх жаўнераў. Бо любыя вучэньні, пагатоў такога маштабу, павышаюць іхную прафэсійную кваліфікацыю. Пэўна ж лепей, чым маршыраваць па пляцы пад савецкія песьні.
Лукашэнкавы калегі паразьяжджаліся, а ў Беларусі вайна працягваецца. Ад 9 траўня праз «Шчыт Саюзу» і 65-годзьдзе нападу на СССР яна пераходзіць у сьвяткаваньне 3 ліпеня. Два месяцы Беларусь гуляецца. Вось такі тэатар ваенных дзеяньняў. Але, паводле законаў тэатру, стрэльба, што зьяўляецца ў першай дзеі, стрэліць у апошняй. Вось толькі ў каго?
Фота Андрэя Лянкевіча