Сяргей Лацінскі быў затрыманы ў пятніцу, 19 чэрвеня, на акцыі ў Бабруйску і да панядзелка быў за кратамі. У панядзелак суд пастанавіў, што Лацінскі — журналіст і назіральнік БХК — сваёй прысутнасцю на акцыі «жывы ланцуг» 19 чэрвеня парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, піша БАЖ.

Пакаранне — дзесяць сутак арышту паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Вечарам яго адпусцілі дадому з высокай тэмпературай, пакаранне ён будзе адбываць пазней.

Сержука затрымалі разам з жонкай, Алесяй Лацінскай, сябрам БАЖ, журналісткай мясцовага партала bobr.by. Яна асвятляла акцыю па заданні рэдакцыі, але гэта не было нейкім важкім аргументам для супрацоўнікаў АМАПа.

Алеся распавяла, што ў УУС Бабруйскага гарвыканкама, куды іх даставілі пасля затрымання, падчас дагляду яе прымусілі цалкам распрануцца.

«Мяне адвялі ў пакой асабістага дагляду. Там са мной былі дзве жанчыны-міліцыянткі. Яны загадалі зняць сарафан, станік, і нават майткі, — распавяла Алеся. — Некалькі секунд глядзелі на мяне, потым сказалі апранацца. Перад гэтым папярэдзілі, што любая нязгода з загадамі будзе трактавацца як непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі».

Алеся была адзінай, каго даглядалі так «старанна».

«Мяркую, што гэта было зроблена, каб паказаць мне маё месца, прынізіць, і каб запужаць іншых жанчын, маўляў, вось што з вамі можа быць, калі затрымаюць на пікеце», — лічыць журналістка.

Алесю адпусцілі пасля складання пратакола апытання.

«Міліцыянт не дазволіў мне ні з кім паразмаўляць, вывеў на вуліцу, і сказаў — ідзі займайся дзіцём», — кажа Алеся. (У сям’і Лацінскіх пяцігадовы сын.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0