10.04.2009 / 13:26

Праўда і свабода 7

Велікоднае пасланне айца Аляксандра Надсана.

Велікоднае пасланне айца Аляксандра Надсана.

Сьвяты апостал Мацвей расказвае, як пасля ўваскрасення Хрыстовага тыя, што былі найбольш вінаватыя ў Ягонай крыжовай смерці, хацелі схаваць перад людзямі Ягонае ўваскрасенне і, «параіўшыся, далі жаўнерам (што сцераглі магілу Хрыста) шмат грошай і сказалі: ’Кажыце так: Ягоныя вучні прыйшлі ўночы і ўкралі Яго, калі мы спалі’ »(Мц 28:12‑13).

Можна сказаць, што гэта быў прыклад спробы абмежавання свабоды сродкаў масавай інфармацыі, пра што так часта даводзіцца чуць у нашыя дні. І гэта зусім зразумела, бо кожны аўтарытарны рэжым, які жадае мець поўны кантроль над сваімі падуладнымі, баіцца праўды і таму ўводзіць цэнзуру на весткі, якія падаюцца да агульнага ведама. Хрыстос сказаў: «Праўда вас зробіць свабоднымі»(Ян 8:32).

Насамрэч свабода — гэта перадусім магчымасць вольнага і свядомага выбару, зробленага з веданнем мэты, сродкаў і наступстваў.
Для лепшага разумення Хрыстос прыводзіць такі прыклад: «Хто з вас, жадаючы збудаваць вежу, не сядзе перш і не палічыць выдаткаў, ці мае дастаткова для завяршэння працы?» (Лк 14:28). Іншымі словамі, сапраўдная свабода і праўда нераздзельныя: інакш гэта будзе свабода чалавека, якому завязалі вочы і сказалі, што ён вольны ісці, куды хоча.

Сённяшні дзень для нас асабліва дарагі і радасны. Сёння мы ўспамінаем, як Той, хто сказаў пра сябе «Я — дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14:6), сваім устаннем з мёртвых пасьля пакутаў пратарнаваў нам дарогу да пазнаньня адзінай і апошняй Праўды — Бога, які з’яўляецца крыніцаю і Мэтаю жыцця.

Як спяваецца у Велікоднай песні: «Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў».

Дык будзем радавацца разам з уваскрослым Хрыстом!

а. Аляксандар Надсан

Вялікдзень 2009 г.

0
Mikola / Адказаць
10.04.2009 / 15:43
Дзякуй за Божае слова, айцец Аляксандр.
0
нацыяналіст / Адказаць
10.04.2009 / 17:56
Дзякуй, ойча! І наш народ паўстане з мертвых, калі будзе мець Хрыста за прыклад!
0
sabotaz / Адказаць
10.04.2009 / 20:08
Не прабачце!!!!! Нам есьць з кога браць прыклады. Пра свабоду гаворкi не было i ня будзя.Навошта яна нам!Рыгоравич усе зробiць як трэба. Да Бога пойдзем але не цяпер!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру