Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Па ўсёй Беларусі працягваюць судзіць актывістаў і выпадковых мінакоў, затрыманых падчас пікетаў салідарнасьці з прэтэндэнтам на найвышэйшую пасаду Віктарам Бабарыкам і ягоным сынам Эдуардам.

Абвінавачаным за ўдзел у «несанкцыяваных масавых мерапрыемствах» прысуджаюць неадэкватныя штрафы, выплаціць якія многім не па кішэні. Сума штрафаў набліжаецца да прынамсі 150 тысяч рублёў, сума дзён арышту перавысіла чатыры гады. Толькі за ўчора за вулічныя акцыі прысудзілі 44 тысячы рублёў штрафаў, 77 сутак арышту, піша «Радыё Свабода».

Матолька: MolaMola застаецца інфармацыйнай плятформай

Раней можна было разьлічваць на калектыўную дапамогу праз краўдфандынгавыя пляцоўкі, якія ўжо добра зарэкамэндавалі сябе ў працэсе збору сродкаў для мэдыкаў.

Гэтым у тым ліку займаўся Эдуард Бабарыка на рэсурсе MolaMola, які быў запушчаны з дапамогай іншай плятформы Ulej.by. Фінансава-тэхналягічным партнэрам праекту выступаў Белгазпрамбанк. Аднак пасьля ператрусаў і ўвядзеньня дзяржаўнай адміністрацыі дзейнасьць у ранейшым выглядзе спынілася.

«Рахункі арыштаваныя, афіцыйных зьвестак, якія сьведчылі б, што сытуацыя неўзабаве нармалізуецца, мы ня маем», — кажа «Свабодзе» іншы стваральнік MolaMola Антон Матолька.

Ці засталася магчымасьць нейкім чынам дапамагчы рэпрэсаваным матэрыяльна?

«Найбольш эфэктыўны варыянт — збор сродкаў на карткі. Як, уласна кажучы, і было да зьяўленьня MolaMola, — тлумачыць Антон Матолька. — Проста наша плятформа дазваляла гэта рабіць больш хутка, апэратыўна, празрыста. Вельмі зручна для ўсіх».

Ці засталася магчымасьць нейкім чынам дапамагчы рэпрэсаваным матэрыяльна?

«Па-першае, MolaMola, нягледзячы ні на што, засталася пляцоўкай, якая аб’ядноўвае людзей у пошуку аднадумцаў. Па-ранейшаму можна запускаць кампаніі, трэба толькі ўпісаць рэквізыты карткі ці ўказаць іншы спосаб перадачы дапамогі. Цяпер гэта не плацёжная сыстэма, але ўжо сфармаваўся сталы кантынгент наведнікаў.

Другі шлях — выкарыстоўваць магчымасьці сацсетак.

Інфармаваць, як чалавек трапіў у непрыемную сытуацыю і якая дапамога патрэбная. Калі пост добра выкладзены, ён стане вірусным, цікавасьць грамадзтва да рэпрэсій значная. Пра гэта сьведчыць гісторыя лекара-анколяга, якога затрымалі і выпісалі штраф 25 базавых. Патрэбная сума была сабраная літаральна за гадзіну.

Трэцяе — кампанія салідарнасьці.

Бліжэйшым часам можна чакаць пэўных навінаў. Некалькі групаў ужо працуюць, і мы абавязкова пабачым яшчэ не адну хвалю салідарнасьці беларусаў, якія за апошнія гады паказалі, што нічым ня горшыя за ўкраінцаў ці іншыя гістарычна актыўныя народы».

Паводле Андрэя Стрыжака, галоўнае — не заставацца сам-насам са сваімі праблемамі, максымальна шырока пра іх расказваючы.

«Людзі нічога не рабілі супрацьзаконнага. Калі нехта ішоў з працы, а яго схапілі і адвезьлі ў пастарунак, што ён парушыў? І нават калі сьвядома стаў у пікет, дык гэта свабода меркаваньня, права на мірныя сходы. А яго хапаюць, зьбіваюць. Сытуацыя ненармальная, яе не павінна быць. На жаль, штрафы трэба плаціць. Ёсьць сыстэма спагнаньняў, судовых прыставаў, якія вытрасуць усю душу. Ня раю з гэтым гуляць, будзе толькі горш. Пеня, арышты маёмасьці — столькі папераў давядзецца сабраць, што высілкі таго ня вартыя», — адзначыў Андрэй Стрыжак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0