Як толькі грузінскі палітык сыходзіць у апазіцыю, ён робіцца ідыётам. Піша Юлія Латыніна і тлумачыць, чаму.

Гэта, так бы мовіць, асабістае ўражанне. Бо я сапраўды шмат разоў, прыязджаючы ў Тбілісі, спрабавала сумленна задаваць апазіцыянерам змястоўныя пытанні. Прыязджаю, прыкладам, і пытаюся Георгія Хаіндраву: «Чаму вы супраць Саакашвілі?» «Бо ён тыран і карупцыянер». «А можна прыклады карупцыі?» «Чаму я павінен рабіць за вас вашу працу, — кажа Хаіндрава, — я вам даў агульнае палітычнае асвятленне, а прыклады вы шукайце самі».

Або пасля расійска‑грузінскай вайны прыходжу да Дато Усапашвілі, які лічыцца самым разумным і самым памяркоўным з апазіцыянераў. «Трэба было рабіць не так», — кажа. Ну добра, я разумею, што не так, а што менавіта трэба было рабіць Грузіі ў той момант, калі расійскія танкі рушылі да Рокскага тунэлю? «Трэба было неяк вырашыць справу мірам». Ага. Вырашыць справу мірам і павесіць котцы на шыю званочак.

Гэта ўсё, вядома, вельмі дрэнна, бо ў дэмакратычнай краіне павінна быць разумная апазіцыя. Калі ў краіне няма разумнай апазіцыі, яна не дэмакратыя.
У гэтым сэнсе Грузія не дэмакратыя — не таму, што ў ёй няма разумнай улады, а таму, што ў ёй няма разумнай апазіцыі.

Чаму менавіта з Грузіяй адбылася такая дзіўная гісторыя, мне вельмі цікава, проста як палітолагу. І я доўга думала над гэтай праблемай, і вырашыла, што галоўных чыннікаў два.

Адзін чыннік палягае ў тым, што на Каўказе кожны лічыць сябе прэзідэнтам. Усё адно, ці ў Чачні, ці ў Грузіі, у Дагестане, — кожны паважаючы сябе мужчына марыць пра прэзідэнцтва, не лічачы зусім ужо немаўлятак, якія не мараць пра прэзідэнцтва, а мараць пакуль толькі пра соску.

І таму кожны другі грузін, які пабыў міністрам, або амбасадарам, або дэпутатам, аўтаматычна вырашае, што ён ужо гатовы быць прэзідэнтам і шчыра не разумее, што там, у гэтым наканаваным для яго месцы, робіць Саакашвілі.

У выніку тое, што ў Грузіі завецца апазіцыяй, у псіхіятрыі завецца інфантыльнасцю. Я з велізарнай павагай ставілася да былога спецпрадстаўніка Грузіі ў ААН Іраклія Аласанія, пакуль не высветлілася, што перад цяперашнім мітынгам апазіцыі ягоныя прыхільнікі хадзілі паўсюль і шэптам паведамлялі, што «Іраклі ўжо аб усім дамовіўся з Мішыко, трэба толькі выйсці на пляц, і Мішыко адразу сыдзе».

Гэта ўжо, ведаеце, ямадаеўшчына нейкая. Гэта ў свой час Ямадаевы ўжо пасля таго, як батальён «Усход» быў вокамгненна разгромлены, распускалі па Чачні слых, што Масква цяпер здыме Рамзана і прызначыць Руслана прэзідэнтам, — што і скончылася ў выніку залатым пісталетам, кінутым кілерам на падземнай стаянцы ў Дубаі. (Чачэнскіх пантоў яшчэ ніхто не адмяняў, і мне, як пісьменніку, зайздросна.)

Другі чыннік апазіцыі — і яе шматлікасці — палягае ў тым, што Міхаіл Саакашвілі зламаў хрыбет старой Грузіі.

Той старой Грузіі — Грузіі ancien regime, — з эндэмічнай карупцыяй, з хабарам, сувязямі, злодзеямі ў законе — проста няма. Ёсць іншая Грузія, дзе копы не бяруць хабар, дзе прададзена ў прыватную ўласнасць усё, акрамя сумлення, і дзе

на месца злодзеям у законе і інтэлігентам прыйшла мерытакратычная эліта, якая пераважна размаўляе па‑ангельску, а не па‑расейску.

Гэта вельмі балюча, гэта кранула кожную сям’ю, і трэба ведаць Грузію, каб разумець, што грузін заўсёды пашкадуе свайго дзядзьку, «якога ні завошта выкінулі з міліцыі», і брата, «якога ні завошта пасадзілі ў турму».

Лячу ў самалёце з маскоўскім будаўніком‑грузінам.

«А ці добра будаваць у Тбілісі?» — пытаю. «О, цудоўна! За будынак у 12 тыс. кв. м я заплаціў $12 тыс. за праект — і ўсё, і праз тры месяцы будую, а ў Маскве мне бы гэта каштавала 3 гады і паўтара мільёна». «А вы галасавалі за Саакашвілі?» «Вядома, супраць! Ён сволач такая: у мяне дзядзька ў Падліковай Палаце працаваў, дык прыйшоў новы начальнік, паставіў у кабінетах жучкі, злавіў 3‑х чалавек на хабары і звольніў усіх 800».

Думка, што звольнены дзядзька і праект за тры месяцы неяк звязаныя, не тое, што не прыходзіць майму суразмоўцу ў галаву — гэта жа Каўказ! Дзядзька важней.

Размаўляю з прафесарам з квартала Ваке. (Ваке — гэта наогул грузінская Вандэя). «Гэты нягоднік Саакашвілі зачыніў медыцынскі інстытут». Вышэйапісаны інстытут быў размешчаны ў склепе і прадаваў дыпломы за грошы. «А вы б жадалі лячыцца ў лекара, які скончыў гэты інстытут?» — пытаю. «Не ў гэтым справа! Дзеці тры гады вучыліся, плацілі грошы, як можна дзяцей выкінуць на вуліцу!»

Беспрацоўныя мянты і звольненыя службоўцы, насельнікі незаконна пабудаваных, і таму знесеных хат, бізнэсмены, у якіх цвёрда і негідліва адабралі тое, што яны атрымалі дарма пры Шэварднадзэ, а болей за ўсё грузінская інтэлігенцыя, велічная, карумпаваная і некарысная, як усякая аджываючая арыстакратыя; прафесары, якія былі ўпэўненыя ў сваім спадчынным праве прыняць сына сябра ва ўніверсітэт проста так, а сыноў просталюдзінаў — за грошы, — усе яны раптам выявілі сябе ў апазіцыі і ўсе яны не могуць вэрбалізаваць сваіх патрабаванняў.

Не могуць жа яны напісаць на сцягах: «Даеш хабары!» Вось і пішуць: «Далоў Саакашвілі!».

Адзіная іх надзея — паводзіць сябе так, каб пабілі. Бо тады гэта будзе прыкметай адсутнасці дэмакратыі ў Грузіі.

Саакашвілі здзейсніў немагчымае. У былой савецкай краіне, раз’едзенай хабарамі, сяброўствам і сувязямі, з краіны, дзе, як клас, адсутнічаў дробны прыватны ўласнік, які з’яўляецца пажыўным асяроддзем волі, а замест прыватнага ўласніка быў злодзей у законе, арыстакрат і службовец — у гэтай краіне ён будуе заходняе грамадства, і гэта натхняльны прыклад для Расіі і крэўная абраза для Крамлю.

Ці з’яўляецца Саакашвілі нармальным кіраўніком? Бог з вамі, вядома, не! Пётр I, што, нармальны кіраўнік? Вось Анна Іаанаўна або Соф’я Аляксееўна былі нармальнымі кіраўнікамі, а Пётр — не быў.

Называў ці не Саакашвілі Пуціна «ліліпуціным» — справа цёмная, але ні адзін нармальны дыктатар, які глядзіць на ўладу як на спосаб здабычы грошай для швейцарскіх афшорак, не можа вынесці прыкладу ненармальнага дыктатара, які ламае нацыі хрыбет дзеля прыватнай уласнасці і сумленнай паліцыі.

Гэта было ўспрынята як асабісты выклік, — і ўся моц расійскай дзяржаўнай машыны была кінутая супраць Грузіі,
як у 60‑ыя гады яна была кінутая супраць ЗША.

У 60‑ыя гады мы ўвесь час чулі, што ў ЗША беспрацоўе і кампартыя ЗША вось‑вось прыйдзе да ўлады. Цяпер мы ўвесь час чуем, што Грузія вось‑вось разваліцца, а Саакашвілі вось‑вось будзе зрынуты.

Сумна адно: калі антыамерыканскай прапагандзе ніхто не верыў, то цяпер расійская інтэлігенцыя паказала сябе не столькі верным хаўруснікам расійскай улады, колькі вернай сяброўкай інтэлігенцыі грузінскай. Свае ўяўленні пра Саакашвілі расійская інтэлігенцыя ў асноўным чэрпае з тэлефонных гутарак з сваімі былымі таварышамі па шумных застоллях у Піцундзе або Тбілісі. А гэта ўсё роўна, што чэрпаць паданні аб першым консуле Банапарце з аповядаў выгнаннікаў у Кобленцы.

Юлія Латыніна, газета.ру

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0