Суд над Зелянковым
На 29 чэрвеня прызначаны суд над 22-гадовым жлобінскім актывістам Эдуардам Зелянковым: навучэнца мэталюргічнага тэхнікуму вінавацяць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» (арт.193 ч.1 КК). Справа Зелянкова – першая, што дайшла да суду паводле «сухарэнкаўскіх» дабавак у Крымінальны кодэкс, зробленых напярэдадні выбараў.
Эдуарда затрымалі 13 сакавіка падчас напісаньня графіці «За свабоду!», «За Мілінкевіча!», «Малады фронт». Сьпярша на хлопца распачалі адміністрацыйную справу, аднак неўзабаве матэрыялы запатрабаваў начальнік Жлобінскага раённага аддзяленьня КДБ. Супрацоўнікі КДБ затрымалі Зелянкова на 3 сутак як падазраванага ў крымінальным злачынстве. Праз 10 сутак яны перадалі справу ў Жлобінскую пракуратуру, адтуль яна трапіла ў сьледчае аддзяленьне раённай міліцыі, а ўрэшце расьсьледаваньне правялі міліцыянты Цэнтральнага аддзелу Гомелю.
12 чэрвеня з Эдуарда ўзялі падпіску пра нявыезд. 19 чэрвеня яму прыйшла позва ў суд. Усе чатыры сьведкі, выкліканыя на суд, – з боку абвінавачаньня.
16 чэрвеня
У Слуцку на акцыі ў Дзень салідарнасьці затрымалі сябра ПБНФ Віталя Амяльковіча, моладзевых актывістаў Дзяніса Балакіра і Юлію. На іх склалі пратаколы за несанкцыяванае пікетаваньне. Непаўналетнюю Юлію 19 чэрвеня выклікалі ў школу, дзе змусілі напісаць тлумачэньне наконт удзелу ў акцыі.
21 чэрвеня
Праваабаронца Андрэй Саньнікаў паведаміў, што мытная служба аэрапорту «Менск-2» ужо 3 месяцы адмаўляецца вярнуць яму грошы: 26 сакавіка ў яго забралі на экспэртызу 1040 даляраў ЗША і 260 эўра.
Пракуратура Менску перадала ў суд справу палітвязьня Аляксандра Казуліна, якога вінавацяць у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. 22 чэрвеня зьняволены адмовіўся ад харчаваньня ў Жодзінскай турме й перайшоў толькі на прадукты з харчовых перадачаў, бо яму не дазволілі перайсьці на дыетычнае харчаваньне. 26 чэрвеня прызначаны судзьдзя ў ягонай справе – Аляксей Рыбакоў з Маскоўскага раённага суду.
У судзе Маскоўскага раёну разглядалася справа актывіста АГП Сяргея Ількевіча, затрыманага напярэдадні ўвечары за наклейваньне налепкі «Дастаў». Яго затрымаў міліцыянт Сятой, які не паказаў пасьведчаньня, таму хлопец не пайшоў за ім. Міліцыянт паваліў актывіста на асфальт і выклікаў падмогу. Адзін з новапрыбылых памочнікаў, Раткевіч, ударыў Сяргея ў твар. Судзьдзя Надзея Рэвуцкая, якой забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, разглядала справу паводле арт.166 КаАП (супраціў работнікам міліцыі). Разгляд справы перанесены на няпэўны час.
Журналіста расейскай газэты «КоммерсантЪ» Вадзіма Доўнара аштрафавалі на 1 базавую велічыню за «дробнае хуліганства». Журналіста затрымалі 21 красавіка каля адміністрацыі прэзыдэнта: ахоўнік Ільля Плотнікаў, які выступіў сьведкам на судзе, заявіў, што Доўнар лаяўся матам і зьневажаў кіраўніка дзяржавы. Суд, на які журналіст нават не атрымаў позвы, доўжыўся 7 хвілінаў.
Актывіста Антона Ясіновіча ў Полацку затрымалі за распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак, заадно абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы на адрас работнікаў праваахоўных органаў. Ноч ён прабавіў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Суд доўжыўся 22 і 23 чэрвеня і скончыўся апраўданьнем затрыманага, бо ў пратаколах затрыманьня было шмат недакладнасьцяў.
У Сьветлагорску адбылася акцыя салідарнасьці сярод сяброў ТБМ па зборы сродкаў на карысьць Натальлі Бордак, якая страціла працу за ўдзел у выбарчай кампаніі.
22 чэрвеня
У Магілёве пастановай суду ліквідаваны рэсурсавы цэнтар «Кола сяброў», які дзейнічаў 10 гадоў. Падставай для закрыцьця сталі парушэньні: у статут былі ўнесеныя зьмены пры недастатковай колькасьці ўдзельнікаў сходу.
Чыгуначны раённы суд Віцебску пачаў пераглядаць адміністрацыйныя справы Яўгена Бабковіча і Івана Бурыкіна, затрыманых у Віцебску 18 чэрвеня.
На станцыі мэтро «Магілёўская» ў Менску міліцыянты затрымалі актывістаў АГП Алега Корбана, Мікалая Сяргеева і грамадзянку Расеі Вольгу Нячаеву, на якіх былі саколкі з эмблемай АГП і словам «Надакучыў». Затрыманым сказалі, што на іх былі скаргі ад пасажыраў мэтро: маўляў, моладзь «кепска глядзела на пасажыраў».
23 чэрвеня
Палітвязьня Сяргея Ляшкевіча перавялі з Гарадзенскай турмы ў Глыбокае.
Вярхоўны суд пачаў разгляд справы па прыпыненьні да 1 верасьня дзейнасьці РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт»: Мін’юст лічыць, што арганізацыя не сплаціла падаткаў, а таксама ня выправіла шэраг недакладнасьцяў на сваім сайце. Праваабаронцы кажуць, што справа зь фінансамі яшчэ вырашаецца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе (ВГС), а выправіць недакладнасьці на сайце яны ня могуць, бо блякаваны рахунак арганізацыі. БХК адразу падаў хадайніцтвы пра прыпыненьне працэсу ў сувязі з разглядам нагляднай скаргі ў ВГС. Суд абвясьціў перапынак да 27 чэрвеня.
23 чэрвеня стала вядома, што пракуратура апратэстоўвае рашэньне суду Маскоўскага раёну па справе Юр’я Радзівіла, асуджанага на 3 месяцы арышту. Пракурорскія работнікі патрабуюць больш жорсткага пакараньня.
У Менску падчас правядзеньня самітаў ЭўрАзЭС і АДКБ затрымалі моладзевых актывістаў: непаўналетнія Аляксандар Чарнышоў, Руслан Мацьвееў, Настасься Шышкова, Даніла Барысевіч і Яўген Лешчанка выйшлі на плошчу Перамогі з расьцяжкай «Расейскі салдат – ідзі дамоў!», а таксама з нацыянальным і афіцыйным беларускімі сьцягамі. Па кароткім часе актывістаў затрымалі, разам зь імі затрымалі Аляксея Ляўковіча і Алену Копач, якія вялі фота- і відэаздымкі акцыі. На непаўналетніх склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыяванай акцыі і дробнае хуліганства ды адпусьцілі. На А.Ляўковіча і А.Копач склалі такія самыя пратаколы, але даставілі іх у турму на вул.Акрэсьціна. Да А.Копач выклікалі хуткую і забралі на лекаваньне, а Ляўковіча асудзілі на 10 сутак арышту.
У Палацы мастацтваў 23 і 24 чэрвеня былі сарваныя канцэрты рок-гуртоў на «Адборышча» – падрыхтоўчы тур для «Басовішча». Не зважаючы на дазвол ад Мінкульту, дамову з адміністрацыяй Палацу і аплачаную за 2 дні арэнду, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях забаранілі канцэрт, абгрунтаваўшы гэта «небясьпекай абвалу столі».
Падчас чэрвеньскай сэсіі з розных ВНУ Менску выключаныя сябры «Моладзі БНФ», якія бралі актыўны ўдзел у вясновых вулічных пратэстах 19–25 сакавіка. Сьцяпан Сьвідэрскі і Яўген Неткачаў навучаліся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Ігар Падалінскі – на філялягічным факультэце БДУ (усе трое адбылі турэмныя арышты за ўдзел у вулічных акцыях), Макар Ваўчок быў студэнтам Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.
26 чэрвеня
Зьмітра Дашкевіча выклікалі на допыт у пракуратуру ў справе «Маладога фронту». Аднак у сам дзень допыту яму паведамілі, што візыт пераносіцца. Дашкевіч сьведчыць, што такія пераносы адбываюцца ўжо ці ня пяты раз.
Артуру Фінькевічу назвалі месца адбываньня пакараньня: 29 чэрвеня ён павінен прыбыць у Магілёў на праспэкт Пушкіна, 65. За палітычныя графіці хлопец асуджаны на 2 гады хіміі.
Актывіст Юры Сьветлакоў з Бабруйску атрымаў адказ на сваю скаргу: пракуратура Ленінскага раёну Бабруйску пачала дысцыплінарную справу на асобаў, якія незаконна затрымалі Сьветлакова 25 красавіка, Мікіту Быцэнку і Аляксея Радомскага, зьвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы й антыграмадзкіх паводзінах. Суд тады спыніў справу праз адсутнасьць правапарушэньня.