10.04.2009 / 18:43

«Сустракацца часта — гэта добра» 8

Не толькі дзеля сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам Аляксандр Лукашэнка лётаў у Маскву.

Фота БЕЛТА

Вечарам у пятніцу Аляксандр Лукашэнка такі сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Напярэдадні заяўлялася, што беларускі кіраўнік ляціць у Маскву дзеля сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам. Пра магчымую сустрэчу з Мядзведзевым нічога не паведамлялася.

Сустрэча адбывалася не ў Белакаменнай. Расійскі лідэр выклікаў Лукашэнку для размовы ў загарадную рэзідэнцыю «Горкі». Гэта ўжо трэцяя сустрэча двух кіраўнікоў цягам месяца. Першая адбылася ў Завідава 19 сакавіка, другая — у Сочы 21 сакавіка. Цяпер вось адбыўся працяг.

Афіцыйны сайт Дзмітрыя Мядзведзева пра сустрэчу быў вельмі лаканічны:

«Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі вынікі саміта «Групы дваццаці» і пытанні двухбаковых стасункаў».
Гэта ўсё.

Афіцыйная БЕЛТА распісала крыху больш. «Сустрэчы кіраўнікоў Расіі і Беларусі даюць імпульс рашэнню многіх нявызначаных пытанняў. Нашы сустрэчы актывізуюць чыноўнікаў, трымаюць іх у тонусе. Напярэдадні вырашаюцца многія пытанні, якія здаваліся непераадольнымі да сустрэчы», — заявіў Лукашэнка.

Потым кіраўнік Беларусі падзякаваў Мядзведзеву за тое, што ён знаходзіць час для частых сустрэч. «Мы блізкія людзі, і было б глупа не сустрэцца».

Мядзведзеў жа са свайго боку зазначыў, што

«сустракацца часта — гэта добра, гэта азначае тое, што мы заўсёды можам зверыць гадзіннік па многіх пытаннях».
А ў «прэзідэнтаў заўсёды ёсць пытанні, па якіх ёсць рэзон параіцца, і мы гэта рэгулярна робім».

Варта адзначыць, што самымі балючымі пытаннямі ў беларуска‑расійскіх стасунках з’яўляецца прызнанне ці непрызнанне нашай краінай незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама выдзяленне Беларусі новых крэдытаў. Найхутчэй, што і ў Горках закраналіся гэтыя тэмы.

Зміцер Панкавец

0
S / Адказаць
10.04.2009 / 18:50
А вы што думалі, што ён толькі дзеля таго і паехаў, кб таго...Кірыла "во сахарны уста"?
0
Вальд / Адказаць
10.04.2009 / 21:13
Лукашэнкам кіруе Крэмль, нават тады калі здацецца што Крамлём кіруе Лукашэнка.
0
wint / Адказаць
10.04.2009 / 23:02
Афармляюць" брака-разводны працэс".
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру