Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць чэмпіянат Беларусі па футболе.

29 чэрвеня адкрыецца трансфернае акно. Топ-каманды змогуць узмацніць свой склад перад еўракубкамі, а гульцы праблемных каманд змогуць пашукаць лепшай долі. 

Так, з'явілася інфармацыя, што ў «Шахцёр» можа перайсці Мамо Янсанэ з «Іслачы», якога некалі напужаў быў каранавірус. А БАТЭ можа ўзмацніцца паўабаронцам зборнай Беларусі Валерыем Грамыкам, які толькі ў студзені перайшоў у расійскі «Арсенал». Таксама БАТЭ разам з мінскім «Дынама» нібыта цікавіцца галоўным актывам «Энергетыка-БДУ» Джасурбекам Яхшыбоевым.

Што тычыцца каманд з праблемамі, то кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын сказаў, што абласны бюджэт дапаможа «Слуцку» і «Гарадзеі» дагуляць сезон. Каманда з Нясвіжчыны грошы ўжо атрымала і змагла пагасіць даўгі па заробках. Пра зрухі ў Слуцку пакуль невядома.

Чарговыя страты балаў «Энергетыка» і жодзінскага «Тарпеда» дазволілі «Нёману» заскочыць на чацвёрты радок. Каманда Ігара Кавалевіча выйграла пяць матчаў запар і істотна палепшыла турнірнае становішча. Тое ж можна сказаць і пра «Віцебск», які дзвюма перамогамі працягнуў серыю без паразаў да сямі матчаў.

«Рух» нечакана адабраў балы ў «Шахцёра», чым дапамог сваім землякам з «Дынама» падабрацца да салігорцаў, а барысаўскаму БАТЭ адарвацца ад другога месца на чатыры пункты.

Лісаковіч зноў забіў, але ягоны гол не дапамог «Шахцёру» выйграць. Фота: ФК «Шахцёр».

Лісаковіч зноў забіў, але ягоны гол не дапамог «Шахцёру» выйграць. Фота: ФК «Шахцёр».

Вось вынікі матчаў:

  • «Славія» — «Смалявічы» 2:1 (50, Слюсар (п); 55, Тэтэх — 52, Вакуліч)
  • «Слуцк» — «Нёман» 0:1 (30, Забелін)
  •  «Іслач» — «Тарпеда-БелАЗ» 2:2 (53, 89, Кузьмянок — 37, 56 (п) Габрыэль Рамас)
  • «Дынама-Брэст» — «Гарадзея» 3:1 (29, Мілеўскі; 66, Лапцеў; 71, Гардзяйчук — 28, Архіпаў)
  • «Дынама-Мінск» — «Энергетык-БДУ» 0:0
  • «Белшына» — БАТЭ 0:2 (27, Стасевіч; 83, Няхайчык)
  • «Віцебск» — «Мінск» 1:0 (11, Нікалаеску)
  • «Шахцёр» — «Рух» 1:1 (76, Лісаковіч — 72, Дзіала)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да матчаў 15 тура.

«Энергетык-БДУ» — «Славія»

Пры канцы першага круга «студэнты» дазволілі сабе расслабіцца — мінчукі не могуць выйграць вось ужо чатыры матчы і апусціліся на шостае месца. Нягледзячы на гэта, нават такі вынік можна лічыць вельмі ўражваючым для каманды, якая амаль цалкам складаецца з ноўнэймаў.

Але варта з рэлаксам не зацягваць — можа засмактаць багна сярэдзіны табліцы з высокай шчыльнасцю, якая не пакіне слядоў ад веснавога лідарства «Энергетыка».

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Смалявічы» — «Слуцк»

«Слуцк» заканчваў матч з «Нёманам» удзевяцёх, а ўжо пасля фінальнага свістка чырвоную картку атрымаў і Марат Бураеў. Галоўны трэнер каманды прыйшоў на прэс-канферэнцыю, але не змог знайсці слоў, каб апісаць такі вынік, і адмовіўся ад каментароў.

«Смалявічы» ўпершыню ў сезоне згуляюць на сваім полі. Імаверна, для некаторых гульцоў гэта будзе апошні матч у складзе каманды, тады чаму б не расслабіцца і не паказаць добрую гульню.

Прагноз «НН»: «Смалявічы» не саступяць.

«Мінск» — «Шахцёр»

«Мінск» аніяк не можа ачуняць пасля каранціну. Тры паразы ў чатырох матчах і «стыкавы» 14-ы радок. Таксама паведамляецца пра фінансавыя праблемы ў клубе, што таксама не можа не адбівацца на стане каманды.

Фота: ФК «Мінск».

Фота: ФК «Мінск».

У суботу ў Мінск едзе «Шахцёр», які нечакана падзяліў балы з «Рухам» і відавочна будзе злым і галодным да перамогі. Таму «Мінску» не пазайздросціш.

Прагноз «НН»: «Шахцёр» пераможа.

«Нёман» — «Дынама-Брэст»

У Гродна — 5 перамог запар, у Брэста — на адну менш. І вось нечая серыя мусіць скончыцца.

Поспехі «Нёмана» натхнілі некаторых спортаглядальнікаў на думкі пра тое, што гродзенцы па выніках сезону будуць з медалямі, магчыма, нават з залатымі. 

Але, на нашу думку, пра медалі гродзенцаў казаць зарана. Яны ў «заходнім дэрбі» аддадуць усе сілы, але фаварыт матча відавочны.

Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа.

БАТЭ — «Дынама-Мінск»

Нязграбная першая палова сезона ад мінскіх «дынамаўцаў» амаль дэвальвіравала статус беларускага класіка.

У Леаніда Кучука пакуль не ўсё атрымліваецца, і яму вельмі патрэбныя новыя гульцы, каб паказаць усё, што ён умее. А пакуль прыходзіцца змагацца з тым, што ёсць. Напрыклад, у гульні з «Энергетыкам» браму абараняў 19-гадовы Даніл Шапко.

Леанід Кучук дзякуе 19-гадоваму Данілу Шапко за добрую гульню. Фота: ФК «Дынама-Мінск».

Леанід Кучук дзякуе 19-гадоваму Данілу Шапко за добрую гульню. Фота: ФК «Дынама-Мінск».

Магчыма, «бела-сінім» дапаможа той факт, што гульню будуць вымушаныя прапусціць лідары БАТЭ Боян Насціч і Павел Няхайчык.

Прагноз «НН»: БАТЭ пераможа.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск»

Усім заўзятарам «Тарпеда», напэўна, вельмі крыўдна: іх каманда не выйграе тры гульні. Дзве з іх скончыліся ўнічыю, а балы ў іх каманды адбіралі ў самай канцоўцы гульні.

У нядзелю ў Жодзіна прыедзе «Віцебск», пра поспехі якога мы ўжо згадвалі вышэй. І вельмі імаверна, што жодзінцы зноў застануцца без перамогі.

Прагноз «НН»: нічыя.

«Рух» — «Белшына»

Пра нядолю «Белшыны» мы шмат пісалі ў папярэдніх прэв'ю, істотна нічога не памянялася і, хутчэй за ўсё, не памяняецца, калі не дапамогуць іншыя каманды.

«Рух» даволі няблага правёў палову дэбютнага сезона ў вышэйшай лізе. Каманда Аляксандра Сяднёва прапусціла ўсяго 13 мячоў, нават БАТЭ прапусціла больш.

Забівае, праўда, яшчэ менш. Калі б трэнерскі штаб мог палепшыць гэты кампанент, «Рух» не быў бы на 12 месцы.

Прагноз «НН»: «Рух» не саступіць.

«Гарадзея» — «Іслач»

«Гарадзея» будзе жыць. Другі круг для каманды мусіць стаць перыядам пад'ёму пасля падзення амаль на самае дно. Калі ўсё будзе добра, мы «цукровых» пабачым на звыклым месцы ў сярэдзіне табліцы.

«Іслач», якая пакуль дзявятая, таксама, мяркуем, пачне падымацца ў табліцы пасля ўсіх праблем, якія наваліліся на каманду па вясне. Але важнае пытанне: ці зможа Жукоўскі знайсці замену Янсанэ ў выпадку яго трансферу ў «Шахцёр».

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?