На перамовах з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым 10 красавіка прыняты рашэнні «на сотні мільёнаў даляраў», паведаміў Аляксандр Лукашэнка падчас суботніка на «Мінск-Арэне».

«Мы дзве гадзіны вялі перамовы з Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым, можа, нават і больш, я дакладна не памятаю, і абмеркавалі ўсе пытанні ў такой дружалюбнай, добрай сапраўды атмасферы, — паведаміў А.Лукашэнка ў эфіры АНТ. — І, як я зразумеў, ёсць разуменне таго, што гэтыя пытанні трэба вырашаць. Таму вось тыя пытанні, пра якія вы кажаце, што былі прад'яўлены мною прэтэнзіі, — гэта сапраўды так. Мы намецілі рух наперад. Ну, паглядзім у хуткім часе, як будуць вырашацца пытанні».

Паводле слоў А.Лукашэнкі, гэта, у прыватнасці, пытанні цаны на газ, «каб вывесці роўную цану па ўсіх месяцах»,

«не плаціць шалёную цану ў студзені і ніжэй за 100 даляраў у снежні, а сярэднюю па годзе плаціць».

«Гэта нам вельмі выгадна, — зазначыў беларускі кіраўнік. — Яны пайшлі насустрач нам. Яны пералічылі нам гадавы кошт транзіту, каля 300 млн. даляраў. Яны пералічылі нам за чарговыя там працэнты акцый [«Белтрансгазу»] і г.д. «Газпром» я маю на ўвазе, перш за ўсё».

А.Лукашэнка паведаміў, што Беларусь не выбірае запланаваны аб'ём расійскага газу: «Больш як 3 млрд. мы ўжо недабралі газу.
Па-першае, таму, што эканоміцы столькі не трэба, па-другое, мы замясцілі іншымі нафтапрадуктамі, яны былі таннейшыя, для таго каб і ацяпленне там, і электраэнергію, і г.д., і г.д. мазутам мы замясцілі. Таму гэта таксама пытанне, мы яго вырашалі і вырашылі (магчыма, размова ішла аб штрафных санкцыях з боку Расіі. — БелаПАН.).

Паводле інфармацыі А.Лукашэнкі, абмяркоўваліся таксама пытанні паставак беларускай прадукцыі ў Расію, «удзелу нашых прадпрыемстваў у лізінгавых пастаўках, у дзяржаўных закупках». «Прынята рашэнне: некалькі тысяч тон мы паставім масла ў дзяржаўны рэзерв Расійскай Федэрацыі, таму што гэтае пытанне не вырашалася. Дзмітрый Анатольевіч мне сказаў: усё, мы вырашылі гэтае пытанне. Мы будзем купляць беларускае, нас задавальняе і г.д., і г.д.», — сказаў А.Лукашэнка.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі, сустрэча А.Лукашэнкі і Д.Мядзведзева ў падмаскоўных Горках працягвалася больш як дзве гадзіны. Прэзідэнты дамовіліся правесці наступную сустрэчу ў Беларусі. «Канчаткова тэрміны будуць узгоднены па дыпламатычных каналах. Канкрэтная дата не называлася. Папярэдняя дамоўленасць ёсць», — зазначыў П.Лёгкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?