МЗС Беларусі пакуль не плануе пазбаўляць акрэдытацыі журналістаў «Радыё Свабода», заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, піша Tut.by.

— «Радыё Свабода», наколькі мне вядома, з'яўляецца урадавай структурай ЗША. І шмат хто з журналістаў, акрэдытаваных тут у Беларусі, працуюць у якасці карэспандэнтаў «Радыё Свабоды». Калі яны хочуць працаваць там у якасці штатных супрацоўнікаў «Радыё Свабода» — гэта адно, але калі яны будуць займацца адначасна, умоўна кажучы, іншай дзейнасцю, звязанай з іх працай у нейкіх незалежных тэлеканалах, телеграм-каналах, то гэта іншае. І, вядома ж, падобным дзеянням у адпаведнасці з заканадаўствам можа быць дадзена адпаведная ацэнка. Больш за тое, я хачу сказаць, што мы кантактавалі з нашымі амерыканскімі партнёрамі на гэты конт, і ў нас аднолькавыя погляды на гэтае пытанне, — сказаў Макей.

На пытанне, ці ёсць на сёння рашэнне аб пазбаўленні «Радыё Свабода» акрэдытацыі, Макей сказаў, што пакуль такога намеру няма.

— Прэс-сакратар вядзе ўсе гэтыя пытанні і заўсёды дакладвае мне нейкія гарачыя навіны. Ва ўсякім разе пакуль ён не дакладваў аб тым, што ёсць жаданне пазбавіць кагосьці акрэдытацыі». Але, паўтаруся, любы грамадзянін у Беларусі, незалежна ад займанай пасады і месца працы, павінен выконваць адпаведныя нормы нашага заканадаўства. Я разумею, што прозвішча, якое было названа (гаворка пра Ігара Лосіка). я разумею, што ў чарговы раз буду уключаны ў спіс ворагаў прагрэсіўнага чалавецтва, але я хачу выказаць свой пункт гледжання. Лосік, наколькі мне вядома, сапраўды вёў нейкі там тэлеграм-канал, — сказаў кіраўнік МЗС.

На ўдакладненне, што Лосік з'яўляецца пазаштатным кансультантам выдання, а не акрэдытаваным журналістам, Макей адказаў, што раз ён мае дачыненне да «Свабоды», то павінен выконваць правілы.

— Трэба выразна адрозніваць, калі чалавек значыцца ў штаце, з'яўляецца пазаштатным супрацоўнікам, ён павінен, вядома, выконваць адпаведныя правілы паводзін, якія існуюць у дадзенай структуры. Калі ён паралельна займаецца нейкімі іншымі рэчамі і парушае, магчыма, беларускае заканадаўства, значыць, могуць быць прыняты адпаведныя меры і ён павінен разумець гэта, — сказаў Макей. — Кіраўнік МУС даў учора адпаведныя каментары, і каментары на мой погляд вычарпальныя. Вядома, часам прысутнічае і чалавечы фактар, калі ўзнікаюць нейкія напружаныя сітуацыі. І, магчыма, часам бывае трошкі празмерная рэакцыя. Але пасля таго, як даведаліся дадатковую інфармацыю і разабраліся з усім, усе былі адпушчаныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0