Уладзімір Макей доўга размаўляў з журналістамі. Абмяркоўвалі рэжым, 840 мільёнаў сына Лукашэнкі ў «швейцарскім банку», акрэдытацыю Радыё Свабода ды іншае. Падрабязна закранулі і тэму будучых выбараў, піша Tut.by.
Фота Надзеі Бужан
Міністр замежных спраў мяркуе, што памылка многіх цяпер — не важна, знешніх, унутраных сіл — складаецца ў тым, што ўсе думаюць, што рэжым слабы.
«Я кажу гэта і як кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, і як чалавек. Усе ўспамінаюць 2010 год, калі таксама думалі, што рэжым слабы, а зараз яшчэ слабейшы. Запэўніваю вас, што рэжым моцны, спакойны і мы ўпэўненыя ў тым, што сітуацыя будзе пад кантролем. Я разумею, што пасля гэтага будзе шквал крытыкі асабіста ў мой адрас. Але зыходзіць трэба з гэтага. Трэба падумаць, што лепш — здзяйсняць нейкія правакацыйныя дзеянні (я не кажу цяпер, што хтосьці ўжо здзяйсняў, але тэарэтычна), якія выклікаюць дзеянні, рэвалюцыйныя дзеянні ці ж усё-такі прайсці гэтыя выбары.
Я перакананы, што калі здарацца непажаданыя падзеі, якія адкінуць нас у 2010 год ці якія завершацца вынікамі, падобнымі на 2010 год, то ўжо трэцяй адлігі не будзе. Аднаўленне нармальных стасункаў з іншымі краінамі зойме нашмат больш часу, чым гэта было пасля 2010 года.
У маім разуменні гэта ні грамадству, ні дзяржаве нявыгадна. Больш за тое, дзяржава, улада абсалютна не зацікаўлены ў такім выніку падзей. Я перакананы, што ў гэтым павінна быць зацікаўлена і грамадства.
Гэта дазволіць нам пасля выбараў рухацца нашмат хутчэй у розных сферах і галінах.
— Гэта значыць, вы нават не дапускаеце думкі аб тым, што ў грамадстве такая моцная стомленасць ад цяперашняй улады, што грамадства можа рэальна жадаць перамен і жадаць убачыць іншага прэзідэнта?
— Ну, вы ведаеце, сацыяльныя сеткі ці некаторыя рэчы, якія адбываліся, «ланцугі салідарнасці» і іншае — для мяне асабіста не паказчык, што наспелі такія страшныя перамены.
— А што для вас паказчык?
— Яшчэ раз: я не думаю, што праз нейкія дзеянні на вуліцах можна змяніць сітуацыю. Я адназначна лічу, перакананы, і наўрад ці вы аспрэчыце, што за апошнія 4-5 гадоў пасля таго як пачалі аднаўляцца адносіны з Еўрасаюзам, іншымі заходнімі краінамі, мы дасягнулі большага, чым за папярэднія 15-16 гадоў санкцый. І цяпер, калі мы рэальна пачалі працаваць над дыверсіфікацыяй знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці, развіццё падзей па непажаданым сцэнары паставіла б кропку на гэтай сферы. У маім разуменні, гэта нікому не трэба і нікому не выгадна. Больш за тое, гэта адназначна паставіць пад пагрозу саму дзяржаўнасць нашай краіны.
— А як жа дамагчыся перамен, калі прэтэндэнта ў прэзідэнты садзяць у турму?
— Яшчэ раз скажу, што я не валодаю ўсёй інфармацыяй, звязанай з канкрэнтнымі людзьмі, але мы запытваем афіцыйную інфармацыю ў тых структур, якія гэтым займаюцца. Калі былі здзейсненыя нейкія дзеянні, значыць, напэўна, былі сур'ёзныя падставы для гэтага.
Я не ўяўляю як можа дзейны прэзідэнт, адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, прыняць такое рашэнне [аб затрыманні Бабарыкі] у разгар сур'ёзнай палітычнай кампаніі, не маючы на тое дастаткова сур'ёзных падстаў.
Напэўна, былі ўзважаныя ўсе за і супраць і прынятыя адпаведныя рашэнні. Ніякім чынам не хачу ўмешвацца ў працу інстытутаў, якія займаюцца расследаваннем гэтых спраў. Давайце пачакаем крыху, інфармацыя з'явіцца і будзе агучана.
— Уладзімір Уладзіміравіч, вы, не як міністр, а як грамадзянін, не хочаце прачнуцца 10 жніўня ў краіне з іншым прэзідэнтам?
— Я хачу прачнуцца ў спакойнай, свабоднай, міралюбнай краіне, дзе мы будзем будаваць агульную будучыню агульнымі сіламі.
— І, па-вашаму, у такую краіну нас прывядзе толькі Аляксандр Лукашэнка?
— Па-нашаму, прывядзе гэтую краіну ў будучыню любы абраны дэмакратычным спосабам прэзідэнт.