«Пазнаёміліся ва «Укантакце» і ажаніліся студэнтамі»

Бацькі Ігара працуюць у «Белтэлекаме». Сам ён адвучыўся на настаўніка замежных моў у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Але па спецыяльнасці не працаваў — яму выдалі свабодны дыплом, бо не змаглі размеркаваць па месцы жыхарства.

Жонка расказвае, што Ігар заўсёды захапляўся журналістыкай. Хадзіў у школу журналістыкі, пасля стаў кансультантам «Радыё Свабоды». Канал стварыў у 2013 годзе.

«Ён хацеў збіраць любога кшталту інфармацыю па Беларусі. Калі каранавірус пачаўся, пісаў пра каранавірус. Цяпер усе цікавяцца выбарамі — адпаведна пра гэта і ставіў інфармацыю».

У «Беларусь галаўнога мозга» на сёння больш за 170 тысяч падпісантаў — гэта адзін з найбуйнейшых тэлеграм-каналаў краіны. 

«Я не ведаю, як ён гэта робіць, але ён умее рабіць гэта добра. Апроч школы журналістыкі, Ігар ніякіх курсаў не заканчваў. Ён чытае шмат замежных тэлеграм-каналаў, магчыма, нейкія ідэі прыходзілі і адтуль», — мяркуе жонка.

Яна пазнаёмілася з Ігарам яшчэ ў 2009-м — па перапісцы ва «Укантакце». У шлюбе пара шэсць год, ажаніліся студэнтамі. У вясельнае падарожжа ездзілі на мора ў Затоку — праўда, яшчэ да самога вяселля, бо пасля не атрымалася б праз сесію.

Дар’я таксама вучылася ў БарДУ, на маркетолага-эканаміста. Працуе эканамістам у Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы.

«Я цяпер у дэкрэце, але думаю, што на працы ўжо ўсе ў курсе сітуацыі. Не ведаю, канечне, што будзе да моманту майго выхаду з дэкрэту, працягнуць кантракт ці не — пакуль з майго кіраўніцтва ніхто не выказваўся з гэтай нагоды».

Лосікі гадуюць маленькую дачку. Дар’я згадвае, што Ігар быў вельмі рады, што ў іх будзе дзяўчынка.

«Ён добры бацька. Калі ў яго ёсць вольны час, я магу спакойна пайсці па сваіх справах, ён з дачкой пасядзіць — пакорміць, пакладзе спаць. Дачка Ігара вельмі любіць».

«Міліцыянт сказаў, што ў іх пастанова генпракурора з подпісам і пячаткай на вобшук»

У чацвер Дар’я з мужам як звычайна выйшлі ў абед прагуляцца з дачкой. Дадому вярнуліся бліжэй да гадзіны дня.

«Мы падняліся на ліфце на лесвічную клетку, і з ніжняга паверха паказаліся двое супрацоўнікаў. Яны былі ў балаклавах і акулярах, хуценька паказалі свае пасведчанні — пры гэтым фатаграфіі закрылі пальцамі. Я папрасіла паказаць яшчэ раз — яны адмовіліся. Сказалі: не перажывайце, мы міліцыя, зараз яшчэ людзі падыдуць. У выніку іх набралася 9 чалавек.

Мужчына прадставіўся, што ён з Баранавіцкага РАУС (што ў выніку аказалася зусім не так). Сказаў, што ў іх ёсць пастанова генпракурора з подпісам і пячаткай на вобшук у нашай кватэры.

«Давайце мы яго хутка правядзём і вы не будзеце перашкаджаць», — дадаў. Я адмовілася пускаць, на што быў адказ: я тады выклічу людзей, яны ўзарвуць вам дзверы. 

Я патэлефанавала бацьку. Чакалі яго, бо ён уласнік жылля. У кватэры пры вобшуку прысутнічала трое супрацоўнікаў, двое панятых з нашага дома, бацька і мой муж.

Не скажу, што кватэру перагарнулі дагары нагамі — напэўна, іх больш цікавіла тэхніка. Стацыянарны камп’ютар, ноўтбук, тэлефон яны адразу канфіскавалі. Казалі, што Ігара затрымліваць не будуць і каб ён нават узяў грошы на талончык, бо назад яго не павязуць.

Пасадзілі яго ў серы бус, таніраваны «Мерседэс», з нумарамі чацвёртага рэгіёну і звезлі кудысьці», — пераказвае ўчорашнія падзеі Дар’я.

Пра тое, што муж у ізалятары на Акрэсціна ў Мінску, жонка даведалася толькі а 9-й вечара. Яна не спала ўсю ноч.

Сёння Дар’я ў Мінску. Кажа, што знайшлі Ігару адваката. Перадаць рэчы мужу яна не змагла.

«Я патэлефанавала сёння а 10-й раніцы на Акрэсціна — яны сказалі, што ў іх санапрацоўка будынка і ніякія перадачы яны не прымаюць», — дзеліцца жонка.

Да каманды, якая вядзе канал у адсутнасць галоўнага адміністратара, яна дачынення не мае.

«Не ведала ніводнага пароля, ніводнага ключа», — тлумачыць Дар’я.

«Муж не чакаў, што за столькі часу да выбараў такое адбудзецца»

Пра тое, што Ігар — адміністратар буйнога тэлеграм-канала, ведалі нават не ўсе прыяцелі. Дый суседзі наўрад ці згадваліся — ім у асноўным за 50, хутчэй за ўсе, не карыстаюцца тэлеграмам.

«Я б не сказала, што ў Баранавічах мы вядомыя людзі. Не думаю, што на вуліцы нас нехта пазнае», — заўважае Дар’я.

Пра крытыку Лукашэнкі ў бок тэлеграм-каналаў яна чула, але не прасіла Ігара спыніць працу. Дар’я дагэтуль у шоку, што мужа адправілі ў ізалятар. 

«Я пасля кожнага выказвання перажывала, але Ігар публікаваў такую інфармацыю ў канале, якая ёсць яшчэ на 5-10 розных сайтах. І што гэта будзе штуршком да вобшуку і затрымання, я не чакала. Бо нейкіх заклікаў там не было — я заўсёды чытаю яго канал і глядзела, каб туды не патрапіла забароненая інфармацыя. 

Напэўна, і муж не чакаў, што за столькі часу да выбараў такое адбудзецца. Прычым беспадстаўна. Чалавеку, які сядзіць дома, гуляе толькі з дачкой і са мной, «шыюць» арганізацыю масавых мерапрыемстваў — гэта абсурд».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?