Падвышэньне цэнаў на газ стане штуршком да разьвіцьця, лічаць экспэрты, запрошаныя Партыяй БНФ.

Што чакае Беларусь у выніку падвышэньня цэнаў на газ? Як вырашыць праблему энэргетэкі? Ці патрэбная Беларусі атамная электрастанцыя? Гэтыя актуальныя пытаньні ў мінулы аўторак абмяркоўвалі вядомыя экспэрты і дасьледчыкі Беларусі за круглым сталом на тэму «Энэргетычная бясьпека краін Міжмор’я», арганізаваным Партыяй БНФ супольна зь Інстытутам дзяржаўнасьці і дэмакратыі.

Амаль кожны выступ пачынаўся з канстатацыі непазьбежнасьці росту цэнаў на газ. І прадыктавана гэта не палітычнымі, а эканамічнымі чыньнікамі. У Эўропе, дзе Расея канкуруе з Нарвэгіяй і Альжырам, цэны растуць штогод. Гэтая сусьветная тэндэнцыя ня можа абысьці Беларусь, якія б палітычныя адносіны яна ні мела з манапалістам. Да таго ж, Расея хоча стаць сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, таму спэкуляваць энэргетычнымі цанамі ў палітычных мэтах можа толькі ў абмежаваным абсягу – усе пакупнікі мусяць быць роўнымі. Скептычна спэцыялісты паставіліся і да гандлю «Белтрансгазам» як палітычнай стратэгіі. «Сам сабою «Белтрансгаз» як труба нікому не патрэбны. Расейцам неабходна абслугоўваньне новага трубаправоду «Ямал–Эўропа». Гэтую ролю можа выканаць беларускае прадпрыемства, бо ствараць новае патрабуе шмат выдаткаў і часу», – сьцьвердзіў эканаміст Валер Дашкевіч.

Паводле падлікаў дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту, які рэпрэзэнтавала намесьніца дырэктара Ірына Тачыцкая, падвышэньне цэнаў на газ на 25% ужо выкліча адмоўныя зьмены ў эканоміцы Беларусі. Яно пагоршыць сытуацыю прадпрыемстваў. Паводле зьвестак Мінстату, 30% суб’ектаў гаспадараньня нерэнтабэльныя, рэнтабэльнасьць паловы беларускіх прадпрыемстваў складае ад 0 да 10%. Далейшае зьніжэньне рэнтабэльнасьці выкліча памяншэньне заробкаў.

Павышэньне цэнаў на газ ударыць і па прыватных спажыўцах, бо ўся электраэнэргетыка Беларусі працуе на блакітным паліве. Паводле некаторых зьвестак, запазычанасьць «Белэнэрга» складае каля 15%. Цікава, што сёньня 1 кВт для беларусаў каштуе 6,7 цэнта, а для палякаў – 7,1, а ў сярэднім па Эўразьвязе – 8,2 цэнта, пры тым што газ Эўропа купляе па

$ 230 за барэль. Экспэрты сьцьвярджаюць, што зрабіць цану электрычнасьці вышэй за польскую немагчыма. Але любое падвышэньне запатрабуе росту прыбыткаў насельніцтва альбо кампэнсаваньня зь бюджэту.

Дарэчы, экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Станіслаў Гусак зазначыў, што 80% энэргаабсталяваньня зношана. Плянавую замену абсталяваньня можна выкарыстоўваць для пераарыентацыі электрастанцый з расейскага газу на вугаль.

Абмяркоўвалася таксама пытаньне будаўніцтва АЭС. Спэцыялісты ня бачаць у гэтым экалягічнай небясьпекі, але выступаюць за выкарыстаньне заходніх тэхналёгіяў, што дазволіць таксама купляць паліва для АЭС не ў Расеі, а на Захадзе і зьнізіць энэргазалежнасьць ад усходняе суседкі. Прафэсар НАН Беларусі Іван Нікітчанка з жалем зазначыў, што ў траўні Мясьніковічам была скліканая рада, дзе «рашэньне аб будаўніцтве прынята было, а дыскусіі не было». Цяпер рыхтуецца эканамічнае абгрунтаваньне гэтага праекту коштам $2,5 млрд. Гэта сума, за якую бярэцца будаваць Расея. Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што гэты варыянт усё роўна толькі часова выратуе Беларусь, бо разьведаных запасаў урану для ўжо існых станцый засталося толькі на 75 гадоў.

Хоць крызісныя працэсы ў эканоміцы, выкліканыя ростам цэнаў на газ, можна будзе спыніць праз павелічэньне інфляцыі і перакрыжаванага субсыдыяваньня, карэннае вырашэньне праблемы магчыма толькі праз стварэньне энэргаэфэктыўнай эканомікі. Для прыкладу, энэргаёмістасьці ВУП Беларусі ў два разы большая, чым у Нямеччыне, па паказчыках энэргаэфэктыўнасьці гэтыя лічбы адваротныя. Прычыны гэтага і ў манапалізьме дзяржавы. «Каб вырашыць такое пытаньне, неабходна, на мой погляд, цалкам зрабіць стаўку на прыватную ўласнасьць, у тым ліку і на зямлю. Толькі калі будзе гаспадар, магчыма ствараць эканамічную структуру. А так у сельскай гаспадарцы энэргіі вытрачваецца ў тры разы болей, чым магло б быць», – выказаў сваё меркаваньне І.Нікітчанка.

Таксама неабходна пераабсталяваньне нафтапампоўных станцый. «Патрэбна, каб нашы нафтаправоды маглі пампаваць ня толькі ў Эўропу, але і адтуль. Дарэчы, па сусьветных цэнах Беларусь можа купляць газ ня толькі ў Расеі», – заявіў Станіслаў Гусак. Гучыць дзіўнавата, бо газаправоды ў Беларусь ідуць толькі з Расеі. Больш за тое, свабоднага газу паблізу Беларусі няма. Няма пакуль і магутнасьцяў для прыёму звадкаванага газу.

Увогуле ж, Беларусь знаходзіцца ў лепшым становішчы, чым эўрапейскія краіны – спажыўцы расейскага газу. Улічваючы карацейшыя шляхі дастаўкі, блакітнае паліва на гэтай тэрыторыі заўсёды будзе таньнейшым на $40–50. Пры стварэньні спрыяльных умоваў разьвіцьця эканомікі гэта магло б стаць моцным штуршком для інвэстыцый. Відавочна, што нават невялікае падвышэньне цэнаў патрабуе ад кіраўніцтва дзяржавы неадкладнага рэагаваньня. «Але хто гэта будзе рабіць? Саша і Сірожа?» – паставіў кропку сустрэчы эканамічны аглядальнік радыё «Свабода» Мікола Залескі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?