Асацыяцыя ў падтрымку ліквідатараў і ахвяр чарнобыльскай катастрофы зарэгістравана ў мэрыі французскага горада Лінгольсхейм, што размешчаны ў наваколлях Страсбурга (Францыя).

Як паведаміў БелаПАН былы рэктар Гомельскага дзяржаўнага медінстытута, прафесар Юрый Бандажэўскі, асацыяцыю ўзначальвае францужанка Катрын Фукс. Асацыяцыя стала першай міжнароднай грамадскай спецыялізаванай арганізацыяй, якая будзе займацца праблемамі ліквідатараў і ахвяр катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. «Гаворка ідзе пра лячэнне і аздараўленне гэтых катэгорый насельніцтва, а таксама пра забеспячэнне іх неабходнымі рэсурсамі», — сказаў Бандажэўскі.

У найбліжэйшыя дні вучоны мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі асацыяцыі і абмеркаваць праграму першачарговых мер для аказання дапамогі ліквідатарам і людзям, якія жывуць на постчарнобыльскіх тэрыторыях.

Варта зазначыць, што нядаўна Бандажэўскі пераехаў з Літвы ва Украіну, дзе займаецца рэалізацыяй праекта па стварэнні Міжнароднага цэнтра экалогіі і здароўя, падтрыманага Еўрапарламентам.
Апрача таго, беларускі вучоны пры падтрымцы французскіх юрыстаў займаецца арганізацыяй міжнароднага сіндыката па аказанні прававой дапамогі ліквідатарам аварый на атамных электрастанцыях. Сіндыкат аб’яднае нацыянальныя структуры ўдзельнікаў ліквідацыі катастрофы.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0