У спёку гараджане пацягнуліся да вады. Мінскія аквапаркі, які раней пуставалі праз эпідэмію, зноў прымаюць наведнікаў. Даведаліся, у якім рэжыме яны працуюць і ці прынялі дадатковыя меры бяспекі.

Аквапарк «Лебядзіны». Фота waterpark.by.

«Дрымлэнд»: адкрыты толькі басейны

У аквапарку пад адкрытым небам «Дрымлэнд» абмежавалі колькасць наведнікаў. Калі летась у выходныя там адпачывала 4—6 тысяч чалавек, то цяпер запускаюць да 2 тысяч.

На ўваходзе павесілі антысептыкі, работнікі аквапарку працуюць у пальчатках і масках.

«Горкі не працуюць, каб не ўтвараць чэргі. Адкрыты хвалевы басейн і дзіцячая акваторыя. Атракцыён «Лянівая рака» плануем запусціць у ліпені», — расказалі ў аквапарку.

Вада ў басейнах штовечар апрацоўваецца хімічнымі рэагентамі ад бактэрый і мікробаў. Праводзіцца таксама санапрацоўка лежакоў, надзіманых кругоў і камізэлек. Лежакі ставяцца на адлегласці паўтара метра адзін ад аднаго.

Паколькі аквапарк працуе ў абмежаваным рэжыме, то і цана квіткоў сёлета ў два разы ніжэйшая: 15 рублёў для дарослых і 10 для дзяцей у будзень і 20 і 15 рублёў — у выхадныя. 

«Лебядзіны»: дыстанцыя на горках і дадатковыя прыборкі

Менш гасцей сталі запускаць і ў аквапарк «Лебядзіны». Летась там магло адпачываць 2500 чалавек адначасова, у гэты сезон — максімум 1600.

Горкі ўсе працуюць, але персанал сочыць за захаваннем дыстанцыі. Каб не збіраўся натоўп каля шафак, ключы выдаюць праз дзве ячэйкі.

Часцей сталі праводзіць прыборкі дэзсродкамі. Ваду абеззаражваюць лямпамі ўльтрафіялету, дадаюць сродкі для дэзынфекцыі, а 10% вады ў басейнах абнаўляюць штодзень.

«Мы працягваем практыку анлайн-трансляцый з аквазоны, каб наведнік самастойна мог падабраць час для адпачынку», — паведамілі ў аквапарку.

Персанал забяспечылі сродкамі індывідуальнай абароны, штодзень мераюць супрацоўнікам тэмпературу.

«Фрыстайл»: вірус памірае пры 26 градусах, а ў нас — 29

Аквапарк «Фрыстайл» пасля двухмесячнага перапынку на дэзынфекцыю працуе ў звычайным рэжыме. Горкі адкрыты, басейны і лазневы комплекс таксама.

Дзіўна, што на сайце аквапарку ў парадах, як не заразіцца каранавірусам, апублікаваны фэйк. Там сказана, што вірус памірае пры тэмпературы вышэй за 26 градусаў Цэльсія, а паколькі ў аквапарку — 29, баяцца няма чаго. Калі б так было насамрэч, вірус не прыжываўся б у чалавечым арганізме.

Чытайце па тэме

Мінскі аквапарк: Мы знайшлі халат Франака Вячоркі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?