Спадар В.Тарас піша («НН», №21): «Ня трэба шукаць вызначэньняў і тлумачэньняў свабоды. Ня трэба яе проціпастаўляць незалежнасьці, заблытваючы саміх сябе. Ад палітыкаў зараз патрабуюцца канкрэтныя дзеяньні ў абарону свабоды. Усё астатняе – другаснае». Думаю, прыкладна тыя ж самыя словы ў «абарону свабоды» маглі гучна прамаўляць ліцьвіны ў сойме ХVІІІ ст. Мы ўсе добра ведаем, чым гісторыя скончылася.
Ня трэба грэбаваць незалежнасьцю – яе ў нас і так няшмат, а дзякуючы падобным выказваньням яе можа стаць яшчэ менш. Бо менавіта такія правакацыйныя заклікі найперш і проціпастаўляюць мэту незалежнае дзяржавы мэце свабоднага грамадзтва. У мяне, прынамсі, да прачытаньня артыкулу сп.Тараса нават думкі не было назваць свабоду другаснай ці пытаньне незалежнасьці – заблытаным. Незалежнасьць Беларусі – ужо – не залежыць ад волі (ці бязвольля) аднаго чалавека, каб дазваляць яму чыніць якія-кольвек рэпрэсіі, але й свабода як такая незалежнасьці не ўмацуе.
Безь незалежнасьці няма свабоды, без свабоды ня можа быць незалежнасьці. Тут увогуле няма – і ня можа быць – нічога другаснага. Можа, сапраўды, ня варта заблытваць сябе і іншых?