Беларускія ўлады яшчэ раз груба праігнаравалі абавязацельствы па правах чалавека, уключаючы свабоду выказвання меркавання. Апазіцыйныя кандыдаты і іх прыхільнікі падвяргаюцца пераследам і запалохванням. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве Amnesty International, піша tut.by.

«Беларускія ўлады павінны спыніць крымінальны пераслед, запалохванне і рэпрэсіі супраць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі і іх прыхільнікаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ», — заявілі ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, адзначае Amnesty International. Падчас выбарчай кампаніі патэнцыйныя кандыдаты, члены іх каманд і прыхільнікі зазналі рэпрэсіі — ад затрыманняў на вуліцах да крымінальнага пераследу і закрыцця бізнэсу.

Amnesty International заяўляе, што лічыць Сяргея Ціханоўскага і восем чалавек, арыштаваных разам з ім (Яўгена Рэзнічэнку, Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Навуміка, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага і Арцёма Сакава), вязнямі сумлення, паколькі яны трапілі за краты выключна ў сувязі з мірным ажыццяўленнем сваіх правоў. Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць улады неадкладна і безумоўна вызваліць зняволеных. 

Акрамя таго, у заяве адзначаецца, што вязнямі сумлення сталі Віктар і Эдуард Бабарыкі, якія пераследуюцца выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных поглядаў.

Amnesty International таксама асуджае масавы пераслед блогераў і журналістаў, у прыватнасці Сяргея Багрова, Сяргея Лацінскага, Ігара Лосіка, Уладзіміра Няронскага, Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Цыгановіча.

«Усе яны — вязні сумлення і павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя», — гаворыцца ў заяве.

У дакуменце падкрэсліваецца, што ўзмацненне рэпрэсій супраць права на свабоду выказвання меркаванняў, правоў на мірныя сходы і асацыяцыі ў кантэксце маючых адбыцца выбараў выявіла многія іншыя праблемы з правамі чалавека, у тым ліку дыскрымінацыю жанчын, шырока трансляваныя найбуйнейшымі дзяржаўнымі СМІ. 

«Улады мусяць аператыўна, грунтоўна, аб'ектыўна, эфектыўна і празрыста расследаваць усе паведамленні аб празмерным выкарыстанні фізічнай сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і жорсткім абыходжанні з затрыманымі, а таксама ўсе выпадкі пагроз, нападаў і абраз», — адзначаецца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0