Заявіў Мікалай Чаргінец, адказваючы на пытанні студэнтаў Інстытуту журналістыкі. Таксама ён спрагназаваў, што ў бліжэйшы час Паўднёвая Асеція і Абхазія прызнавацца не будуць.

Пра Абхазію і Паўднёвую Асецію

Атрымалася тупіковая сітуацыя. Бо мы праводзілі дыялог з Захадам у тым ліку і па просьбе Расіі, якая нам раіла знаходзіць агульнае разуменне. Цяпер адносіны змяняліся. З’явілася новая плеяда палітыкаў у Еўропе, і не будзе вялікай перапонай, калі мы прызнаем Абхазію. Але час цягнуць трэба.

Не прызнаўшы Абхазію, трэба не прызнаваць Косава, таму што Захад патрабуе: прызнайце. Прызнаўшы Абхазію, напэўна, трэба прызнаць Косава. Расія б хацела, каб бліжэйшы саюзнік прызнаў Асецію з Грузіяй, але тлумачэнні Лукашэнкі прынятыя Мядзведзевым з разуменнем: што ж, давайце пачакаем. Таму што Расія ж сама казала: ну пайдзіце вы насустрач Еўропе, давайце здымем гэтыя пытанні.

Таму ў бліжэйшы час прызнавацца не будуць гэтыя рэспублікі. Але ў перспектыве будуць прызнанымі. Гэтыя рэспублікі не будуць вернутыя Грузіі. У Расіі дзве праблемы – дурні і дарогі. У Грузіі адна – Саакашвілі. Ужо і амерыканцы пачалі разумець, што ён хоць і верны сабака, але дрэнны.

Пра адносіны з Еўропай

Звярніце ўвагу, дзе тыя ультыматумы, што яны рабілі раней. Яны самі на іх забыліся. Я на сваёй скуры адчуў, што дастаткова адно пытанне вырашыць, нават па дробязі, каб яны высунулі два новыя. І гэта ўсё было з 1996 году. Мы што, адварочваемся ад Еўропы? Ні ў якой ступені. Мы за дыялог, за супрацоўніцтва, за развіццё ўсіх відаў адносінаў.

Пра Буша

Я не паважаў Буша праз ягонае хамства, гэты тэхаскі мужычок выбраўся з‑пад каровы і кіруе дзяржавай. Як палітык ён недалёкі. Кіраўнік вялікай дзяржавы, а ішоў злачыннай дарогай. Ён быў мне своеасаблівы праціўнік, візаві. Ні больш, ні менш.

Буша трэба судзіць. Знішчыў дзесяткі і сотні тысяч мірных жыхароў, загнаўшы іракскую культуру ў дагістарычныя часы, загубіў больш за тры з паловай тысячы амерыканскіх хлопцаў, за што? Толькі за тое, што яму не падабаўся адзін Садам? Дык няхай бы ў рэшце рэшт Буш забіў яго з дапамогай сваіх выведнікаў.

Пра працавітасць прэзідэнта

Некаторыя кажуць: вось, ён з’язджае рана са сваёй рэзідэнцыі. Калі б яны ведалі, куды ён едзе! Ён у горадзе адпрацаваў з матэрыяламі разам са сваімі падначаленымі, а едзе за горад, дзе ў яго ляжаць яшчэ два стосы дакументаў. Вось ён сядзіць да паўночы і падпісвае іх, чытае і падпісвае… Гэта вар’яцкая нагрузка.

Пра Нобелеўскую прэмію для Беларусі

Мы даўно паспелі, каб мець свайго літаратара‑нобеля. Вось яны паставілі Барадуліна, ён не прайшоў, трэба яшчэ спрабаваць. Маглі б прапанаваць кагосьці і з нашага Саюзу. Таго ж Георгія Марчука. У Маскве прапаноўвалі, каб мяне прадставілі на Ноблеўскую прэмію па літаратуры. Я сказаў: не займайцеся лухтой.

Пра Рэспубліканскую раду па маральнасці

Ініцыятыва яго стварэння належыць Беларускай праваслаўнай царкве. Пад сцягам гэтай арганізацыі мы хочам аб’яднаць прадстаўнікоў пяці асноўных канфесій. Каталікі ўжо падтрымалі гэтую ідэю. Але святароў мала. Трэба, каб там былі іншыя вядомыя людзі. Рада будзе мець сваіх апекуноў, якія змогуць дапамагчы, знайсці сродкі. Тое, што сярод іх будуць і прэзідэнт, і Філарэт, дадасць яму аўтарытэту. Ёсць буйныя банкіры, ёсць салідныя багатыя людзі, якіх мы хочам зрабіць мецэнатамі.

Пра зніклых палітыкаў

Гэта бяда кожнай краіны. У Беларусі знікаюць да 1200 чалавек штогод. Нам прапануюць: «Кіньце астатніх, шукайце гэтых». Хіба гэта палітыка? Хіба гэта гуманісты кажуць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?