Сяргей Ціханоўскі падчас стрыму 20 мая 2020 года, фота Сяргея Камкова

Сёння ў Гродне прайшоў чарговы суд над Сяргеем Ціханоўскім. Сам блогер цяпер знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску, таму ў судзе ўдзельнічаў па відэасувязі (яму сёння фармальна далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту). Убачыўшы кадры з Ціханоўскім, многія не паверылі, што гэта ён: чалавек на відэа зусім не падобны да блогера, якім беларусы прывыклі яго бачыць. TUT.BY спытаў у Святланы Ціханоўскай, ці пазнала яна свайго мужа на кадрах з Гродзенскага суда.

Сяргей Ціханоўскі 1 ліпеня 2020 года ў судзе, фота Вясны

— Гэта дакладна Сяргей, гэта ягоныя вушы — адно вуха трохі адтапыранае, рукі, ягоныя жэсты — я іх пазнаю. Але я ў шоку, я сёння плакала, убачыўшы гэтыя фота. Такім знясіленым, такім худым я яго ніколі не бачыла. Яшчэ гэтая стрыжка … ён зусім не падобны да сябе, але гэта ён, — сказала Святлана Ціханоўская.

Па фота здаецца, што Сяргей Ціханоўскі за месяц, які прайшоў з ягонага затрымання, схуднеў мінімум на 20 кг.

Сяргей Ціханоўскі ў судзе 1 ліпеня 2020 года, фота Радыё Свабода 

У перапынку перад абвяшчэннем прысуду Ціханоўскі паспеў паразмаўляць з прысутнымі ў зале. На відэа з залы суда, апублікаваным «Белсатам», ён сказаў, што грошы, якія знайшлі ў яго дома, не яго: іх яму падкінулі.

— Ну гэта [кіраўнік КДБ Валерый] Вакульчык падкінуў па распараджэнні Лукашэнкі, — мяркуе Ціханоўскі.

— Гэта яшчэ ўсё было вядома ў Гродне, ён жа заявіў, што «ў іх грошы там нейкія», гэта сам Лукашэнка сказаў, толькі потым падкінулі. Калі вы паглядзіце храналогію, — сказаў Ціханоўскі.

Нагадаем, 13 чэрвеня Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў карцар у СІЗА №1. 20 чэрвеня падоўжылі знаходжанне ў карцары да 26 чэрвеня. Святлана Ціханоўская заявіла, што вельмі занепакоеная дадзенай сітуацыяй, і папрасіла ўсіх падтрымаць яе мужа. Адвакат Ціханоўскага Віктар Мацкевіч распавядаў, што да блогера ўжылі два спагнанні, кожнае — па сем сутак змяшчэння ў карцары. Першае спагнанне вынеслі, калі ён яшчэ знаходзіўся ў звычайнай камеры, за парушэнне рэжыму. Другое — калі ён ужо знаходзіўся ў карцары, за дрэнную ўборку памяшкання: са слоў Ціханоўскага, у камеры пад трохметровай столлю супрацоўнікі СІЗА выявілі павуцінне.