Размовы аб тым, што Беларусь апынулася пад пагрозай страты незалежнасьці і таму апазыцыя павінна, забыўшыся на ўсе «крыўды», згуртавацца вакол кіраўніка дзяржвы, узьнікаюць не ўпершыню. Валер Булгакаў («НН», №22) назваў такія размовы на тле падвышэньня цэнаў на расейскі газ, што мае адбыцца, «спэкуляцыяй».

І з гэтым можна пагадзіцца. Але варта нагадаць, што азначае слова «спэкуляцыя» ў закранутым кантэксьце. Гэта важна, бо датычыць ня толькі апошніх спэкуляцыяў наконт меркаваных плянаў Крамля ажыцьцявіць аншлюс Беларусі.

Тэорыя змовы

Панятак «спэкуляцыйнае мысьленьне» азначае мысьленьне, адарванае ад рэчаіснасьці, разумовую пабудову. Філёзаф Вячаслаў Сьцёпін (колішні прафэсар БДУ, а зараз – чалец-карэспандэнт РАН) некалі ў прыватнай гутарцы прывёў такую ілюстрацыю спэкуляцыйнага мысьленьня. Можна заявіць, што ўвесь працэс разьвіцьця чалавецтва ёсьць насамрэч працэсам гніеньня зуба ў пашчы гіганцкага дракона. Давесьці праўдзівасьць такой гіпотэзы гэтаксама немагчыма, як і абвергнуць яе. На такім стылі мысьленьня, які апрыёры не патрабуе доказаў, пабудаваная вядомая кніга «Молат вядзьмарак», што служыла дапаможнікам для сярэднявечных інквізытараў, а таксама ўвесь разьдзел, так бы мовіць, чалавечых ведаў пад назваю кансьпіралёгія, альбо «тэорыя змовы».

Паводле гэтай тэорыі, напрыклад, і ўзьнікненьне СССР, і ягоны распад ёсьць вынікам змовы масонаў, якія авалодалі сучасным заходнім грамадзтвам і хочуць разбурыць падмурак праваслаўнай цывілізацыі. Узораў чалавечай «думкі» ў гэтай галіне шмат – пачынаючы ад «Пратаколаў сыёнскіх разумнікаў» і ўлучна да кнігаў Дэна Браўна й фільмаў Азаронка. Толькі Браўн выкарыстоўвае кансьпіралягічныя «адкрыцьці» выключна дзеля забавы публікі й зарабленьня грошай на яе цікаўнасьці, а фільмы Азаронка падносяцца гледачам як творы высокай духоўнасьці, адпаведныя дзяржаўнай ідэалёгіі.

Спрачацца з падобнымі «творамі» няма ніякай магчымасьці. Колькі ні пераконвай антысэміта й прыхільніка тэорыі «жыдамасонскай змовы» ў рэальнасьці галакосту – у тым, што мільёны габрэяў былі зьнішчаныя ў гітлераўскіх лягерах сьмерці, ён альбо будзе рабіць выгляд, што гэтага ніколі не было, альбо заявіць, што Гітлер сам быў габрэй. Так нацыстоўскі злачынца Юліюс Штрайхэр, які адказваў у гітлераўскім Райху за вырашэньне «габрэйскага пытаньня», заявіў на судзе ў Нюрнбэргу, што габрэі перамаглі ў вайне і таму ён, Штрайхэр, гатовы цяпер верай і праўдай служыць... «сусьветнаму габрэйскаму ўраду».

Якія б рэчавыя доказы ў свой час ні прыводзіліся гісторыкамі ды археолягамі, якія сьведчылі, што ў Курапатах НКВД расстрэльваў мірных жыхароў, газэта камуністаў-чыкінцаў «Мы и время», тыднёвік «7 дней», іншыя дзяржаўныя выданьні ўпарта сьцьвярджалі, быццам ва ўрочышчы ляжаць парэшткі гамбурскіх габрэяў, расстраляных немцамі падчас акупацыі. (Прычым аўтары гэтай гіпотэзы не прапаноўвалі ўвекавечыць памяць закатаваных у Курапатах стварэньнем мэмарыялу, паколькі зьнішчаныя габрэі, ды яшчэ гамбурскія, згодна зь лёгікай падобных гіпотэзаў, не заслугоўваюць помнікаў.)

Разьвіцьцё капіталізму

ў Беларусі

У прыведзеных прыкладах мы маем справу з самым нізкім, амаль нэандэртальскім узроўнем «спэкуляцыйнага мысьленьня», якое й мысьленьнем назваць цяжка, бо яно заснаванае цалкам на агрэсіўным невуцтве. Але нельга думаць, што інтэлектуальныя асобы, узброеныя ўнівэрсальнымі ведамі, лягічным апаратам і высокай самаацэнкай, ня здольныя карыстацца падобнымі мэтадамі «пазнаньня» сьвету. Яны ня хочуць толькі карыстацца лязом Акама.

Правіла, вядомае як «лязо Акама», узьнікла ў навуцы раней, чым зьявіўся «Молат вядзьмарак». Паводле гэтага правіла, ня трэба памнажаць колькасьць сутнасьцяў безь неабходнасьці. Гэта значыць, калі нешта можна патлумачыць нейкімі натуральнымі прычынамі – ня трэба прыдумляць прычынаў трансцэндэнтальных. Гэта зусім не азначае, быццам у прыродзе няма зьяваў сапраўды загадкавых, іррацыянальных, невытлумачальных. (Эзатэрычныя веды тут увогуле пакінем у баку.)

Але прырода – і прырода сусьвету, і прырода чалавека – сама па сабе настолькі складаная рэчы, тоіць у сабе столькі фэерычных загадак і фантастычных адкрыцьцяў, што няма абсалютна ніякай патрэбы прыдумляць нешта звышнатуральнае, дурыць сабе й астатнім галаву нейкімі спэкуляцыямі кшталту жыцьця як формы гніеньня зуба дракона. Няўжо жыцьцё людзей настолькі сумнае і прымітыўнае, што трэба прыдумляць нейкі паралельны сьвет, поўны духаў, кадаўраў, ваўкалакаў, іншаплянэтнікаў ды іншых монстраў? Хіба сам чалавек ня можа быць монстрам, якога ня здольны прыдумаць ніякі самы вычварны розум? Хіба чалавек ня можа ператварыць сваё жыцьцё і жыцьцё іншых людзей у сапраўднае пекла, каб трэба было выдумляць пекла інфэрнальнае?

Тут няма размовы аб літаратуры й мастацтве.

Размова аб рэальным жыцьці – калі сапраўды мы хочам жыць рэальным, а не прыдуманым інтэлектуаламі жыцьцём.

Чаму некаторым зь іх лязо Акама недаспадобы? Тлумачыцца гэта, як ні парадаксальна, не інфэрнальнымі, а цалкам зямнымі, натуральнымі прычынамі. Даўно сказана, што калі б табліца памнажэньня закранала чыесьці інтарэсы, знайшліся б ахвотнікі яе абвяргаць. Для таго, каб маляваць рэальную, няпростую карціну жыцьця – напрыклад, грамадзка-палітычнага жыцьця краіны, – трэба гэтую карціну прынамсі ведаць. Узгадаем работу Леніна «Разьвіцьцё капіталізму ў Расеі». Высновы, якія зрабіў аўтар на пачатку мінулага стагодзьдзя, як цяпер выглядае, былі памылковыя. Але ж ён карыстаўся багатым статыстычным матэрыялам, які ў царскай Расеі можна было атрымаць свабодна. Ці шмат мы ведаем сучасных палітолягаў і аналітыкаў у Беларусі, якія б рэгулярна апэравалі рэльнымі статыстычнымі і сацыялягічнымі зьвесткамі, датычнымі сучаснага стану беларускай эканомікі ці іншых бакоў матэрыяльнага і духоўнага жыцьця нацыі? Тут можна сутыкнуцца з многімі сустрэчнымі пытаньнямі: а хіба ёсьць у сучаснай Беларусі статыстыка і сацыялёгія, якім можна было б давяраць? Дзе і як здабыць сапраўдныя зьвесткі? Дзе іх можна апублікаваць, як давесьці вынікі аналізу да шырокай аўдыторыі? Урэшце, ці здольная яна, гэтая сёньняшняя аўдыторыя, успрымаць нешта наагул, акрамя гараскопаў ды прароцтваў? (Адно з такіх «прароцтваў» – пра расейскія танкі, якія хутка зьявяцца ў Беларусі, – апублікавала нядаўна «Народная воля».)

Усё так, сучасныя акалічнасьці існаваньня (дакладней – зьнікненьня) незалежнай прэсы ў Беларусі гранічна звужаюць магчымасьці паліталёгіі й журналістыкі. Але гэта толькі адзін бок справы.

З дакладнасьцю да 20%

Ня будзем разглядаць тут прапагандысцкія опусы ў дзяржаўных газэтах і тэлефільмы таго ж Азаронка. Але ж і публіцысты незалежных выданьняў нярэдка карыстаюцца тымі ж мэтадамі, што й іхныя дзяржаўныя калегі. Слабая залежнасьць большасьці апазыцыйных газэтаў ад свайго чытача (як і дзяржаўных СМІ – ад падаткаплатніка) прыводзіць да таго, што аўтары прапагандуюць свае ўласныя палітычныя ідэі і погляды, пераважна спэкуляцыйнага характару. І ніхто ні за што не нясе адказнасьці. Адвечны падзел працы: сабака брэша, вецер носіць.

Амаль поўная адсутнасьць інфармацыі аб тым, што адбываецца ва ўладных калідорах, ніколі не замінае спэкуляцыям на гэтую заўсёды прывабную для чытача тэму. Наадварот, яны на дэфіцыце інфармацыі і будуюцца. Адна з найбольш папулярных тэмаў апошніх гадоў – пляны Крамля адхіліць Лукашэнку ад улады альбо анэксаваць Беларусь. Прычым другое адвольнае дапушчэньне выводзіцца журналістамі з такога самага адвольнага, узятага са столі, першага. І вось ужо сумнеўны тэзіс «улада Лукашэнкі пад пагрозай» ператвараецца ў стары як сьвет слоган: «Айчына ў небясьпецы!».

Яшчэ адна ўлюбёная тэма апазыцыйнай прэсы – «замежжа нам дапаможа». Кожнага разу перад выбарамі прыводзяцца дзясяткі доказаў, чаму ЗША і Эўропа менавіта цяпер падтрымаюць беларускую апазыцыю і так націснуць на Крэмль, што той здасьць свайго хаўрусьніка з усімі вантробамі.

Успамінаецца эпізод з адным чэскім кінарэжысэрам. Напярэдадні здымак важнага эпізоду на натуры ён зьвярнуўся да бюро мэтэапрагнозу з просьбай адказаць – якое надвор’е чакаецца ў бліжэйшыя дні? Сыноптыкі прыслалі афіцыйны адказ, у якім было пазначана, што ў бліжэйшыя дні верагодны дождж. Праўда, пры гэтым яны дадалі, што дакладнасьць прагнозу не перавышае 20%. Ага, дык значыць, можна быць упэўненымі на 80%, што надвор’е будзе сонечнае! – узрадаваўся рэжысэр і загадаў распачынаць здымкі.

Тое, што прагнозы айчынных «прагназолягаў» ніколі ня спраўджваюцца, ня мае практычна ніякага значэньня. Ня тое каб аналітыкі займаліся прагназаваньнем выключна дзеля любові да мастацтва. І ня тое каб яны выконвалі нейкую замову спэцслужбаў з мэтай увесьці ў зман грамадзкасьць. Ня будзем карыстацца аргумэнтамі «кансьпіролягаў». Увесьці ў зман грамадзкасьць пасьля таго, як яе ўводзілі ў зман як мінімум тройчы, ужо немагчыма. Проста развагі на такія высокія тэмы, як лёс Бацькаўшчыны альбо лёс першай асобы дзяржавы надаюць аўтарам адчуваньне ўласнай значнасьці. Для іх адсутнасьць дакладнай інфармацыі аб тым, што адбываецца насамрэч, – як манна зь нябёсаў. Ашмёткі інфармацыі з высокіх кабінэтаў, паўнамёкі, чуткі, а яшчэ лепш – набліжанасьць да якой-небудзь крыніцы ў вярхох, перапаўняюць іх пачуцьцем, блізкім да экстазу. Але часьцей за ўсё нават і гэтага няма. (Як кажа гераіня старога анэкдоту – Новы год часьцей...) А ёсьць жаданьне, каб астатнія паверылі – аўтар ведае нешта такое, чаго ня ведаюць звычайныя чытачы альбо слухачы.

Адзін мой знаёмец, далёкі ад журналістыкі чалавек, пачаў неяк распавядаць пра свайго сябра, які працуе нібыта ў прэзыдэнцкіх структурах. «Ён такія страшныя рэчы ведае, – казаў ён змоўніцкім шэптам. – Ты сабе ўявіць ня можаш!» «Ну, і што канкрэтна паведаміў твой сябра?» – пацікавіўся я ў знаёмца. «Ты ведаеш, – сумеўся суразмоўца, – ён жа ня можа аб усім гаварыць. Ён пасадай рызыкуе...»

Інфармацыя, аб якой няможна казаць, ня ёсьць інфармацыяй. Але інфармацыя аб тым, што я валодаю такой інфармацыяй ды не магу ёй падзяліцца, чамусьці надае мне вагі ва ўласных вачох і ў вачох маіх калегаў і знаёмцаў.

Паняцьце эксклюзіўнасьці, жаданьне першым данесьці вестку (добрую альбо кепскую) да астатніх – рэч цалкам нармальная ў журналістыцы. Выдаваньне сябе за аракула, якому вядомыя таямніцы мадрыдзкага двара альбо нейкія яшчэ больш высокія таямніцы, стаўленьне да ўласных тэкстаў як да Сьвятога Пісаньня – у журналісцкім асяродку вартыя жалю.

Але яшчэ больш вартае жалю тое, што ў грамадзтве, дзе адсутнічае грамадзянская супольнасьць, дзе адсутнічае дэмакратычны друк (як сыстэма, а не асобныя выданьні), журналістыка губляе свае функцыі, а журналісты ператвараюцца альбо ў прапагандыстаў, альбо ў аракулаў і публіцыстаў.

Публіцыстыка ленінскай школы

Жанр публіцыстыкі ў тым выглядзе, як яго вывучаюць на журфаку БДУ (яго можна назваць савецкай публіцыстыкай) нарадзіўся ва ўмовах адсталага расейскага грамадзтва, дзе прасунутыя, кажучы сучаснай мовай, інтэлектуалы, «звали Русь к топору» ці заклікалі да падобных, ня менш прыгожых, рэчаў. Напрыклад – да стварэньня царства Божага на зямлі, царства свабоды, справядлівасьці і роўнасьці. Бальшавікі (публіцысты ленінскай школы, на творах якіх выхоўваюць сёньняшніх тэлежурналістаў, кшталту Дзяніса Бальшакова) здолелі гэта зрабіць. Гэта значыць, спэкуляцыю, разумовую пабудову здолелі-такі зрабіць рэчаіснасьцю. Праўда, яна выйшла не зусім такой, якой малявалася ў мозгу правадыра, і дзеля яе ажыцьцяўленьня давялося зьнішчыць некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек. (Цікава, дарэчы, што развагі Леніна пра інтэлігенцыю як «г... нацыі» дапоўніліся пазьней крэатыўнай марай пра тое, што бальшавікі будуць рабіць з золата клязэты).

Тым ня менш, імем Леніна-Сталіна дагэтуль клянуцца сотні тысяч людзей ва ўсім сьвеце, сярод іх – нафтавыя каралі, наркабароны і нават асобныя прэзыдэнты сувэрэнных дзяржаваў. Дык хіба можна назваць гэта крахам камуністычнай ілюзіі? Ілюзія, якая авалодала цёмнымі масамі, – страшная сіла. Як вядома, Ленін упарта пісаў ва ўсіх анкетах у графе «прафэсія» – журналіст. Трыюмф падобнай журналістыкі мы сёньня зноў перажываем. Герой Салтыкова-Шчадрына (сярод расейскіх губэрнатараў былі ня толькі мураўёвы-вешальнікі) зь места Дурнова ўвайшоў у гісторыю тым, што «спаліў гімназію і скасаваў навукі». Адзін зь ягоных нашчадкаў адкрыў бібліятэку, але пры гэтым настойліва параіў чытачам вывучаць адно толькі кнігі Леніна-Сталіна.

Лічыць, што свабодная журналістыка можа захавацца ва ўмовах несвабоднага грамадзтва – значыць цешыць сябе небясьпечнай ілюзіяй. Журналістыка таксама дэфармуецца, дэградуе і атамізуецца, як і грамадзтва ў цэлым. Якія б бліскучыя веды й здольнасьці ні дэманстравалі журналісты, як бы ні імкнуліся захоўваць прафэсійныя прынцыпы аб’ектыўнасьці, ва ўмовах сучаснай Беларусі гэтыя прынцыпы й здольнасьці застаюцца незапатрабаваныя.

Запатрабаваныя, як, зрэшты, і за камуністычным часам, застаюцца журналісты, здольныя запакоўваць у прыгожыя абгорткі высокіх словаў прымітыўныя, як мычаньне, ідэі пакорлівасьці ўладзе, а нізкае рабалепства высакапарна апраўдваць інтарэсамі Айчыны. Леў Талстой, якога ніхто ня можа падазраваць у адсутнасьці патрыятызму, падчас вайны зь Японіяй востра перажываў паразы расейскага войска, але яму не прыйшло да галавы заклікаць суайчыньнікаў аб’яднацца вакол цара-бацюхны бараніць расейскую манархію. Ён ніколі не хаваў свайго крытычынага стаўленьня да манарха, манархічнай сыстэмы і Расейскай Праваслаўнай Царквы, зь якіх бы патрыятычных пазыцыяў яны ні выступалі. Талстой падзяляў вядомы выраз брытанскага сучасьніка аб тым, што «патрыятызм ёсьць апошнім прыбежышчам нягодніка».

Што датычыць бацькоў-заснавальнікаў, дзяржаўных мужоў, якім ставяць помнікі ўдзячныя нашчадкі... Першым прэзыдэнтам незалежнага Віетнаму быў «дзядзечка Хо», маўзалей якога ўпрыгожвае горад Хо Шы Мін, названы імем кіраўніка віетнамскай кампартыі. Стаўленьне да яго соцень тысячяў віетнамцаў, якія пакінулі радзіму, ратуючыся ад рэпрэсіяў камуністаў, адрозьніваецца ад стаўленьня афіцыйных уладаў краіны.

Першаму прэзыдэнту незалежнага Туркмэністану Ніязаву помнік з чыстага золата паставілі пры жыцьці. Відаць, выконваючы запаветы Леніна наконт інтэлігенцыі і клязэтаў.

Першы прэзыдэнт Зымбабвэ Мугабэ, падобна Леніну, раздаў зямлю белых памешчыкаў жабракам. Чым паставіў краіну на мяжу жабрацтва, а карупцыя чынавенства пры ягоным рэжыме дасягнула нечуванага росквіту.

Ці працягваць сьпіс далей?

Хай заслугі сёньняшніх уладароў ацэньваюць нашчадкі.

Сёньняшнія журналісцкія ацэнкі, у тым ліку крытычныя, маюць толькі часовае значэньне. Ад журналістаў увогуле мала што залежыць ва ўмовах сёньняшняй Беларусі. Адзінае, што застаецца, – гэта спрабаваць сьледаваць парадзе, вынесенай на вокладку часопісу

БАЖ «Абажур»: «Трымайся праўды». А ці жывём мы ў зубе дракона, ці апынуліся ў чэраве кіта, як біблейскі Ёна, што выйшаў з выпрабаваньня ачышчаным – гэта таксама некалі ацэняць нашыя нашчадкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?