Пра гэта Андрэй Крывашэеў заявіў у праграме «Нічога асабістага» Марата Маркава на АНТ. Раней некалькі журналістаў, што працавалі ў дзяржаўных СМІ (перадусім АНТ), выказалі нязгоду з пераследам у Беларусі, затрыманнямі людзей. Пасля публікацый у інстаграме і фэйсбуку супрацоўніцтва з імі было спынена.

«Частка калегаў нам здрадзіла і здрадзіла той інфармацыйнай палітыцы. Мы думаем, што знаходзімся ў калектыве аднадумцаў, і калі той ці іншы аднадумца здраджвае, то гэта перажываецца вельмі востра», — кажа Крывашэеў.

Ён прывёў прыклад Грэцыі, дзе журналіст можа працаваць на ўльтралевым канале і выказваць адны погляды, а потым перайсці на ўльтраправы канал і змяніць іх, значыць у чалавека няма ўнутранай грамадзянскай пазіцыі. У нас не так.

«Вось гэта ключавы пасыл, — падхапіў Маркаў. — Калі ёсць унутраная грамадзянская пазіцыя, то значыць пераабувацца ў паветры чалавек не стане. І нават сябе не паважаць у першую чаргу. І калі ты мяняеш пункт гледжання, то не трэба рабіць з гэтага подзвіг і не трэба хайпаваць».

На думку Крывашэева, цалкам незалежнымі можна лічыць толькі блогераў.

Таксама ён заявіў, што праўладны Саюз журналістаў гатовы да абароны калегаў, якія падвяргаюцца цкаванню ў інтэрнэце.

«Мы не проста гатовыя, мы ў меру сіл, сродкаў, рэсурсаў, запала, журналісцкай салідарнасці ўжо гэта робім. Мы абараняем сваіх калегаў. Па-першае, мы выязджаем у рэгіёны, там, дзе сітуацыя самая складаная, крытычная, каб падтрымаць калегаў словам. Па-другое, у саюза журналістаў ёсць права даваць экспертныя заключэнні для судовых інстанцый. Гэта істотны рычаг», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0