Гандлёвыя войны Беларусі з суседзямі, у адрозьненьне ад традыцыйных мілітарных канфліктаў, даўно сталі атрыбутам паўсядзённасьці. Чаму ўладамі не праводзяцца манэўры па адпрацоўцы элемэнтаў абароны ўнутранага рынку?

Вось магчымыя сцэнары вучэньняў, якія будуць судзейнічаць росту гатоўнасьці насельніцтва да каляпсаў у вобласьці імпарту-экспарту.

План вучэньняў «Шчыт страўніка – 2006».

Тэрыторыя краіны падзяляецца на ўмоўныя часткі: Дзьвінія (мы), Дняпровія (краіна-хаўрусьніца) і Бугія (ня будзем паказваць пальцам). Першы этап вучэньняў: Дняпровія адмаўляецца набываць цукар у Дзьвініі. Банальны мэтад шантажу, каб прымусіць дзьвінцаў здаць нейкія стратэгічныя аб’екты.

Сытуацыя ў Дзьвініі крытычная: каб ня стала цукровая прамысловасьць, удзельнікі манэўраў арганізавана дадаюць у свой рацыён больш салодкага: з ранку да вечара хрумсьцяць пірожнымі, тартамі, цукеркамі, цукровай ватай, зэфірамі і халвой.

Цяжкасьці – масавае атлусьценьне – толькі загартоўваюць удзельнікаў манэўраў. «Цяфка ў вуфэньні – лёфка ў баі», шамкаюць патрыёты – шмат у каго ад экстэнсіўнага ўжываньня салодкага выпалі зубы. Чоткасьць і сынхроннасьць працы страўніка дзьвінцаў не пакідаюць праціўніку аніякіх шанцаў на посьпех.

Кіраўніцтва Дзьвініі тым часам «разрульвае» праблему з экспартам цукру, аднаўляючы статус-кво. Праз год той самы сцэнар манэўраў можна паўтарыць з той папраўкай, што гэтым разам Бугія адмовілася купляць у нас калійную соль.

* * *

Плян вучэньняў «Шчыт нагі – 2006»

Тэрыторыя краіны зноў падзяляецца на ўмоўныя часткі: Дзьвінія, Дняпровія і Бугія. Бугія праз Дняпровію бамбіць рынкі Дзьвініі таннымі паўкедамі, руйнуючы айчынную абутковую індустрыю. Па камандзе штабу групоўкі Дзьвініі ўводзяцца акцызы на паўкеды, адначасова па ўсім пэрымэтры палігону выстаўляюцца блёкпасты.

На тэрыторыі палігону ладзяцца аблавы на дывэрсантаў: чаўнакоў- пастаўшчыкоў паўкедаў і іх кліентуру. Зь верталётаў апэрацыю страхуюць снайпэры. Каб канчаткова зьнішчыць абутковы андэрграўнд, усім дзьвінцам дадзена каманда – насіць кірзавыя боты. Паступова кантрафактныя тавары «выкурваюцца». Наведаўшы штаб вучэньняў, галоўнакамандуючы канстатуе абарону нашага абутковага сувэрэнітэту і незалежнасьці й раздае найлепшым удзельнікам манэўраў памятныя падарункі – мазь ад грыбка на нагах.

* * *

Плян вучэньняў «Шчыт мазгоў – 2006»

Тэрыторыя краіны традыцыйна падзяляецца на ўмоўныя часткі: Дзьвінія, Дняпровія і Бугія. Краіна Бугія хоча пазбавіць Дзьвінію, гандлёвых прэфэрэнцый праз тое, што апошняя парушае нейкія правы грамадзян. Эканамічная катастрофа здаецца непазьбежнай.

Трактуючы гэты крок як замах на Саюз Дзьвініі і Дняпровіі штаб дзьвінцаў просіць Дняпровію нанесьці па Бугіі ядравы ўдар. Дняпровія выконвае місію хаўрусьніка. Аднак з-за блізкасьці Бугіі жыцьцё і на паверхні Дзьвініі робіцца немагчымым. Удзельнікам манэўраў пастаўлена заданьне: выканаць праграму апошняй пяцігодкі народнага сходу Дзьвініі пад зямлёй. Дзьвінцы зарываюцца ў норы, дзе ствараюць стабільную сацыяльна-эканамічную і фінансавую мадэль.

Праз тыдзень галоўнакамандуючы вызнае, што тэмпы разьвіцьця падземнай Дзьвініі тыя ж, што былі і да атамнай вайны.

Больш за тое, поўнасьцю зьнікла такое нэгатыўнае явішча, як п’яныя кіроўцы на дарогах. Манэўры красамоўна давялі, што дзьвінцы могуць захоўваць пазытыўную дынаміку росту гаспадаркі нават у такіх неспрыяльных умовах.

Як толькі ядравая зіма скончыцца, яны спакойна выйдуць на сьвятло і будуць працягваць будаваць стабільнасьць. Аднак гэтым разам ужо без усякіх Бугій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?