Калі правадыр кіруе доўга, назіральнікі паддаюцца спакусе надзяліць яго рысамі тэрмінатара. Піша Аляксандар Класкоўскі.

...І вось пайшла ўжо гуляць гіпотэза, што ідэя саюзнага рэфэрэндуму інсьпіраваная самім Менскам. Маўляў, за гэтай дымавой заслонай хаваюцца пляны новага паходу на Крэмль. Беларускі тэрмінатар запраграмаваны на мэту і папрэ напралом.

Іншая крайнасьць – вэрсія, адлюстраваная ў назьве артыкулу маскоўскага палітоляга Фёдара Лук’янава, – «Лівійскі шлях для Бацькі». Тэрмінатар, так бы мовіць, перапраграмуецца, як Шварцэнэгер у другой сэрыі, і, сказаўшы Пуціну «Hasta la vista, baby!», перакінецца на Захад.

Абедзьве вэрсіі падаюцца няслушнымі. З аднаго боку, як зазначае наш аналітык Андрэй Фёдараў, у Маскве не такія прасьцякі, каб пускаць сьмяротна небясьпечнага гульца на сваё поле. Расейская эліта робіць шмат памылак, але пэўна ж не дапусьціць такога фатальнага недагляду. Як не дапусьціла яго ў 1999 годзе.

Акрамя таго, з паліталёгіі вядома, што аўтарытарныя рэжымы кепска інтэгруюцца. Бо трэба ж дэлегаваць пэўныя паўнамоцтвы. Прасьцей кажучы – ахвяраваць часткаю ўлады. Для аўтакрата гэта – як нож востры. Ён трымаецца за «ўсё сваё» да апошняга (іншым разам – літаральна).

Так што «саюзная дзяржава» – апрыёры гіблая справа.

Што да параўнаньня з Кадафі, дык яно ня проста кульгае, а цалкам інваліднае. Аўтару «Зялёнае кнігі» дастаткова было адмовіцца ад падтрымкі тэрарызму ды распрацоўкі хімічнае зброі. Афрыканскага дыктатара ніхто й ня марыў перакаваць на лібэрала.

Беларускія ўлады, дзякуй богу, ня маюць дачыненьня да выбухаў авіялайнэраў і не хаваюць у скляпах бочкі з іпрытам. Ад тутэйшага рэжыму дамагаюцца менавіта дэмакратызацыі. Іначай кажучы, правадыра змушаюць пілаваць сук, на якім той сядзіць. І зноў жа – ён будзе адкарасквацца да апошняга.

Ва ўсякім разе, сёньня Менск чакае ў госьці Чавэса ды нагадвае натаўцам пра ядравы парасон (маўляў, не абавязкова разьмяшчаць расейскія ракеты ў паласе першага ўдару – і так дастануць). У выпадку з заходнім вэктарам, на думку таго ж Андрэя Фёдарава, фатальна спрацоўвае яшчэ й мэнтальнасьць галоўнага савецкага беларуса.

Тым часам як палітычны бамонд канструюе вобраз тэрмінатара, здольнага ці то заваяваць Маскву, ці то, «пераінсталяваўшы сыстэму», скарыць Брусэль з Вашынгтонам, былы дырэктар саўгасу «Гарадзец» дзейнічае элемэнтарна. Ён ніколі ня кідаўся на злом галавы і ніколі ня здраджваў сабе (як казаў герой Шварцэнэгера, «я не магу сябе зьнішчыць»). Усе 12 гадоў былі прысьвечаны адной справе – крок за крокам умацоўваць самаўладзьдзе ў асобна ўзятай краіне. Такая пакорлівая ды безгалосая, яна цалкам задавальняе гаспадара.

Ня варта надзяляць ні рэжым, ні яго кіраўніка нейкімі фантастычнымі рысамі (і тым самым падсьвядома апраўдваць бясплённасьць барацьбы). Грамада мусіць найперш разьвітацца са сваімі ўнутранымі дэманамі, з хімэрамі забабонаў ды страху. Hasta la vista, baby!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?