Царква ў Мураванцы (Шчучынскі р-н), globus.tut.by
Для прадстаўлення на суд экспертаў Цэнтра сусветнай спадчыны UNESCO рыхтуюцца дасье «Фартыфікацыйныя пабудовы Брэсцкай крэпасці», «Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся», «Культавыя пабудовы абарончага тыпу (в.Сынковічы, в.Мураванка, в.Камаі)», а таксама па палацава‑паркавым ансамблі ў Гомелі.
Пра гэта ў аўторак на прэс‑канферэнцыі паведаміла начальнік упраўлення па ахове гісторыка‑культурнага спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка.
У спіс UNESCO з Беларусі ўжо ўнесены Белавежская пушча (1992 г.), замкавы комплекс Мір (2000), Геадэзічная дуга Струвэ (2005), архітэктурна‑культурны комплекс роду Радзівілаў у Нясвіжы (2006).
***
Сумесна з польскім бокам падрыхтавана трансгранічнае дасье «Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды».
Апроч таго, падрыхтавана дасье «Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Еўфрасінні Полацкай», у адпаведнасці з якой у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO прапануецца ўнесці Спаса‑Праабражэнскую царкву Полацкага Спаса‑Еўфрасіннеўскага манастыра сумесна з Сафійскім саборам і гістарычнымі тэрыторыямі, звязанымі з імем Еўфрасінні Полацкай.