Міліцыя прыйшла да некалькіх браслаўскіх актывістаў. Шукаюць, хто здзейсніў паклёп на ўчастковага міліцыянера Мікалая Іванова.

Адзін з ператрусаў прайшоў дома ў 34-гадовага рамесніка Канстанціна Далецкага, які жыве ў вёсцы Муражы. Раней ён быў адміністратарам групы «Краіна для жыцця», але потым перадаў гэтыя паўнамоцтвы чалавеку, які жыве за мяжой Беларусі.

Канстанцін Далецкі.

Канстанцін Далецкі.

Напрыканцы чэрвеня Далецкага затрымалі і асудзілі на 5 сутак арышту. Рэч у тым, што ў тэлеграме мужчына напісаў паведамленне ў духу «пакуль нас не чапаюць, проста выходзім і стаім». Трое сутак Далецкі адсядзеў, а потым яго нечакана адпусцілі.

«Думаю, што выкарыстаюць у патрэбны ім момант», — кажа ён. Калі Далецкі выйшаў на волю, то апісаў сваю гісторыю затрымання ў чаце «Браслаў для жыцця». У тым ліку выклаў фотаздымак участковага міліцыянера Мікалая Іванова, які складаў на яго пратакол.

Здымак Іванова стаў надзвычай папулярным у чаце. Многія пачалі гуляцца з ім, ствараць калажы. А адзін з карыстальнікаў чата нават стварыў акаўнт «Найлепшы ўчастковы», паставіў на аватарку фотку Іванова і стаў пісаць ад яго імя самыя незвычайныя гісторыі.

Мікалай Іваноў.

Мікалай Іваноў.

Можна меркаваць, што самому міліцыянеру гэта не спадабалася. У выніку распачалі адміністрацыйны працэс за паклёп. Менавіта ў яго рамках раніцай 8 ліпеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Далецкага.

«Быў участковы Расціслаў Мацук, яшчэ адзін участковы, двое панятых, а таксама двое грамадзян у цывільным з Віцебска. Думаю, гэта былі гэбісты. Яны ўвесь час кансультавалі міліцыянераў, але самі на любыя пытанні адмаўляліся адказваць», — расказвае спадар Далецкі.

У выніку ў рамесніка канфіскавалі два тэлефоны, а таксама камп’ютар. Па ягоных словах, таксама вобшук прайшоў на працы і дома яшчэ ў двух браслаўскіх актывістаў. Яны браты, таксама ўдзельнічаюць у чаце «Браслаў для жыцця».

Усе яны адмаўляюць дачыненне да акаўнта «Найлепшы ўчастковы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?