Трансфернае акно адкрылася адносна нядаўна, але пераход лета ўжо, здаецца, ажыццявіўся. Джасурбека Яхшыбоева сваталі ў БАТЭ і абодва «Дынама», але ўзбекскі вундэркінд для працягу кар'еры выбраў «Шахцёр».

Фота: ФК «Шахцёр».

Фота: ФК «Шахцёр».

Гэта не адзіная сур'ёзная страта «Энергетыка-БДУ»: крыху раней за Яхшыбоева каманду пакінуў Давід Твэ. Ліберыец стаў гульцом брэсцкага «Дынама».

Але берасцейцам пакуль асабліва не да трансфераў: захварэлі гульцы і супрацоўнікі клуба, з-за чаго нават пераносіцца наступная гульня каманды. Колькі гульцоў хварэе і дакладная прычына (меркаваная — каранавірус) прэс-службай не паведамляецца.

Праз кадравыя праблемы «Дынама» не змагло выйграць у Смалявічах, хаця выйгравала з лікам 2:0. Нічыя 3:3 з чэмпіёнам стала лебядзінай песня для каманды з прысталічча — гульцам прапанавалі істотна скараціць заробкі. Пагадзіліся адзінкі, астатнія разам з галоўным трэнерам Аляксандрам Бразевічам сышлі. Цяпер «Смалявічы» будуць выратоўваць дублёры мінскага «Дынама» і лавачнікі іншых каманд, якіх клуб арандаваў.

Фота: ФК «Смалявічы».

Фота: ФК «Смалявічы».

Пакуль на трансферным рынку ніяк сябе не праяўляе барысаўскі БАТЭ, які прайграў другі матч запар. Прычым «Энергетык-БДУ» з 20-й хвіліны гуляў у меншасці, а барысаўцы не змаглі забіць пенальці. Што тычыцца новых падпісанняў, то з БАТЭ трэніруецца гулец зборнай Мікіта Корзун, але перспектывы пакуль няясныя.

Вось вынікі матчаў 16 тура:

  • «Славія» — «Слуцк» 3:1 (5, 12 (п), Слюсар; 75, Шаўчэнка — 21, Сямёнаў)
  • «Смалявічы» — «Дынама-Брэст» 3:3 (48, Вакуліч; 56 (п), Мухамедаў; 79, Бутарэвіч — 3 (аг), Жэўнераў; 42, Паўлавец; 81 (п), Гардзяйчук)
  • БАТЭ — «Энергетык-БДУ» 0:1 (23, Умараў)
  • «Гарадзея» — «Віцебск» 2:2 (38, Сайчыч; 87, Архіпаў — 33, Нікалаеску; 58, Сантас)
  • «Нёман» — «Іслач» 1:0 (90, Марушыч)
  • «Мінск» — «Белшына» 2:2 (18 (п), Ал. Васільеў; 56, Грыбоўскі — 32, Нячаеў; 88, Нівалда)
  • «Тарпеда-БелАЗ» — «Шахцёр» 1:4 (77, Прамудраў — 12, Іванавіч; 57, 83; Лісаковіч; 85, Падстрэлаў)
  • «Рух» — «Дынама-Мінск» 1:0 (43, Багамольскі)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да матчаў наступнага тура.

«Смалявічы» — «Іслач»

  • 10.07, 18:30. Смалявічы, стадыён «Азёрны».

Першы іспыт абноўленых «Смалявічаў». У апошніх матчах камандзе ўдалося крыху выправіць становішча і наблізіцца да мяжы зоны вылету, але ў новых умовах захаванне прапіскі будзе справай амаль невыканальнай.

Здаецца, Мома Янсанэ не сыдзе з «Іслачы» ў «Шахцёр». Салігорцы арандавалі Яхшыбоева, і спартыўныя СМІ пішуць, што, хутчэй за ўсё, адмовяцца ад трансферу гвінейца. «Ваўкі» ж паспелі падстрахавацца і падпісалі некалі перспектыўнага ўкраінца Дзмітрыя Юсава, які мусіць дадаць варыятыўнасці ў атакуючую лінію «Іслачы». Паглядзім, якім будзе дэбют у Юсава.

Прагноз «НН»: перамога «Іслачы».

«Белшына» — «Тарпеда-БелАЗ»

У Бабруйску спрабуюць хоць неяк выправіць становішча каманды, якая акапалася на апошнім радку. «Шыннікамі» сталі найлепшы бамбардзір першалігавых «Крумкачоў» Дзмітрый Лебедзеў і арандаваны ў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» Дзяніс Лявіцкі.

Жодзінцы перажываюць вельмі нестабільны перыяд, які адбіўся на месцы каманды ў табліцы — «Тарпеда» ўжо шостае. Склад таксама актыўна абнаўляецца, а гульню супраць аўтсайдараў трэба выкарыстаць для выпраўлення становішча.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».

БАТЭ — «Славія»

  • 11.07, 18:30. «Барысаў-Арэна».

Мы вышэй закранулі няўдалую серыю БАТЭ, але мы памятаем, як скончылася папярэдняя чорная паласа: лідарствам у табліцы і заваяваннем кубка. І апошнія матчы той серыі якраз прыпалі на матчы з мазырчукамі.

«Славія» ў папярэднім туры згуляла ў «воднае пола» са «Слуцкам» і абагнала случчакоў у табліцы. Вынік быў зроблены яшчэ ў пачатку гульні, калі яшчэ можна было паказваць хаця б нешта падобнае да футбола. 

Фота: ФК «Славія».

Фота: ФК «Славія».

У Барысаве, хутчэй за ўсё, такіх умоў надвор'я не будзе, таму трэба браць моцную жоўта-сінюю крэпасць іншым.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Шахцёр» — «Гарадзея»

Разгром у Жодзіне дазволіў «Шахцёру» дагнаць у табліцы БАТЭ. Асабліва прыгожым атрымаўся другі гол салігорцаў у выкананні Віталя Лісаковіча.

22-гадовы форвард праводзіць найлепшы сезон у кар'еры, і не дзівіць, што вядуцца размовы аб ягоным пераходзе ў іншыя каманды. Паведамляюць, што беларус вось-вось стане гульцом маскоўскага «Лакаматыва», але афіцыйнай інфармацыі пакуль не было.

Ці паспеюць пафеерыць разам Яхшыбоеў і Лісаковіч?

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Энергетык-БДУ» — «Рух»

У абодвух каманд намецілася зайздросная серыя з трох матчаў без параз. Але калі ў «Руху» ўсё больш-менш стабільна, то «Энергетык» у стане пераменаў, пра прычыны якіх напісана вышэй.

«Студэнты» ўжо падпісалі расійскага паўабаронцу Міхаіла Башылава, вядомага па гульні за «Гарадзею» і «Белшыну», а таксама арэндавалі ў БАТЭ форварда Уладзіслава Мухамедава, які правёў палову сезона ў «Смалявічах». Варта чакаць і іншых падпісанняў, але ці зможа абноўленая каманда трымаць высока паднятую планку, невядома.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2.5.

«Дынама-Мінск» — «Мінск»

Мінскае «Дынама» выдала чатыры матчы без параз (тры скончыліся перамогай) і прапушчаных мячоў, але ў выніку ў Брэсце ў другі раз за сезон прайграла «Руху». Пакуль мінчукі сёмыя, што зусім не адпавядае амбіцыям каманды.

Фота: ФК «Дынама-Мінск».

Фота: ФК «Дынама-Мінск».

Клуб спрабуе выправіць сітуацыю шматлікімі падпісаннямі: «дынамаўцам» стаў бразілец Сілас, у трэці раз у каманду вярнуўся Дзінка Трэбаціч, тое самае плануе зрабіць Уладзімір Хвашчынскі.

«Мінску» адказаць пакуль няма чым.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Віцебск» — «Нёман»

Завяршае тур гульня з цікавай вывескай.

За суперсерыяй «Нёмана» мы ўсе назіраем з захапленнем, але дома «Віцебск» не даў сябе абгуляць нікому з лідараў табліцы. Месца паўночнай каманды ў табліцы не павінна вас увесці ў зман.

Ці зможа прыдумаць Сяргей Ясінскі рэцэпт, як абгуляць «Нёман», альбо гарадзенцы здабудуць восьмую перамогу запар?

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2.5.

Гульня «Дынама-Брэст» — «Слуцк» перанесеная на 12 жніўня.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?