«Хацела стаць пракурорам, але зразумела, што праца ў дзяржаўных структурах — не маё»

У дзяцінстве Дар’я марыла стаць прэзідэнтам. Цяпер яна са смехам успамінае тую гісторыю:

«Натуральна, што ў першым класе кругагляд даволі маленькі — ты можаш ведаць, кім працуе твая цётка, з кім сябруе маці і якія бабулі падыходзяць да тваёй бабулі на лаўку. Прафесіі кшталту «кандуктарка» мяне не задавальнялі. Недзе тады я ўбачыла Рыгорыча на экране і такая: што ж, добра».

На факультэт права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта дзяўчына паступала з мэтай працаваць пракурорам. Пасля першага курса нават напрасілася на стажыроўку ў эканамічны суд сталіцы.

«Я абтэлефаноўвала ўсе пракуратуры і суды. Мне натуральна адмаўлялі, таму што першы курс, не зразумела, як мяне аформіць — так ці інакш гэта рэжымныя аб’екты. Заставаўся адзін варыянт — я вырашыла прыйсці ў прыёмны дзень да старшыні эканамічнага суда Менска. Аказалася, што мы з ім з суседніх раёнаў (Дар’я родам з Рагачова. — «НН»). Урэшце я засталася ў судзе на тры месяцы: выконвала канцылярскую працу, сядзела ў архівах, хадзіла на пасяджэнні. Адзін час нават замяняла супрацоўніцу, якая сышла ў адпачынак».

Праўда, мары хутка разбіліся аб рэаліі прававой практыкі. Для сябе Дар’я зразумела, што праца ў дзяржаўных структурах — не яе.

«Я расчаравалася моцна ў юрыдычнай адукацыі і тым, як працуюць — а дакладней не працуюць — механізмы і для каго пішуцца законы. Пракуратура — гэта не той цудоўны вобраз, якія малюецца на білбордах. У іх, безумоўна, прыгожая форма, здаецца, што яны на варце нашых інтарэсаў, але атрымліваецца, што не.

Першыя курсы мяне моцна абурала, як абыходзяцца з законамі на практыцы, а цяпер нават не здзіўляе. Я, напэўна, ужо трохі стамілася, і для мяне гэта стала ў парадку рэчаў».

Студэнткай дзяўчына валанцёрыла ў арганізацыі Human Constanta і цэнтры «Вясна» (іх офіс якраз знаходзіўся побач з Мінскім эканамічным судом). У «Вясне» Дар’я засталася працаваць і пасля ўніверсітэта — яна асістэнтка адукацыйных праграм Беларускай праваабарончай школы. Цяпер таксама каардынуе майстэрню паштовак салідарнасці. Штодзень праваабаронцы рассылаюць лісты палітычным вязням і іншым затрыманым. 

«Мае любімыя паштоўкі — тыя, якія даходзяць», — заўважае дзяўчына.

«Людзі сістэмы больш за ўсё баяцца пазбавіцца гэтай сістэмы»

За выбарамі Дар’я стараецца сачыць без перадузятасці. Таму не ўваходзіла ў штабы кандыдатаў і не пакідала свой подпіс у падтрымку кагосьці з іх.

Назіральніцай ідзе, бо лічыць важным грамадскі кантроль. І спадзяецца, што так зможа мінімізаваць фальсіфікацыю.

«Тыя, хто лічыць галасы, — гэта таксама людзі. І ў мяне ёсць меркаванне, што калі ты бачыш, колькі людзей за табой назіраюць — і гэта не твая суседка, якая разам з табой у выканкаме працуе, — то табе мусіць быць сорамна. Назіральнікі не могуць умешвацца, але фіксацыя — таксама ўплыў. Я бачу попыт на гэтыя рэчы».

На думку Дар’і, асабліва пільнай трэба быць на датэрміновым галасаванні — менавіта падчас яго будуць намагацца намаляваць як мага большую яўку.

Чаму настаўніцы ў камісіі заплюшчваюць вочы на фальсіфікацыі?

«Людзі сістэмы больш за ўсё баяцца пазбавіцца гэтай сістэмы.

Таму мне здаецца, калі ты туды трапляеш, у цябе ёсць умоўна стабільны заробак, льготы на жыллё, утульны кабінет, не зусім пыльная праца — перакладаць паперы і быць важным — і цябе не асабліва турбуе, чаму людзі выходзяць на плошчы. Твае патрэбы закрываюцца, а там яшчэ і прафсаюз дасць квіток у тэатр — шык!»

Адмовіцца ад навязаных правіл гульні, у тым ліку і ўдзельнікам галасавання, можна, упэўнена дзяўчына.

«Я зрабіла галоўную выснову: заганяюць студэнтаў і студэнтак, якія дазваляюць сябе заганяць. Я за чатыры гады вучобы ні разу не хадзіла ні на датэрміновае галасаванне, ні на суботнікі. Выйшла з БРСМ з вялікім скандалам: мне казалі, што я здрадніца, падставіла факультэт і што ў мяне будуць праблемы. Разам з гэтым у мяне амаль што чырвоны дыплом, я жыла ў інтэрнаце і ў мяне была дзявятачная стыпендыя».

«Раней слухаў сівыя гісторыі пра затрыманні і думаў: з намі гэтага дакладна не будзе»

Дар’я прызнаецца, што апошнім часам стамілася ад навін.

«Мне сумна, я баюся таго, што будзе наперадзе — бачыць блізкіх людзей у спісах затрыманых, на фотаздымках, калі іх збіваюць. Я не люблю гвалт, і мне цяжка гэта перажываць».

Новая генерацыя актывістаў, якая раней не была ўцягнута ў палітыку, не была гатовая да ціску — яны проста не сутыкаліся з гэтым раней. Дар’я, якая ўваходзіць у раду Задзіночання беларускіх студэнтаў, заўважыла гэта на сваім прыкладзе.

«Старэйшыя людзі, якія праходзілі 2010 год, распавядалі пра затрыманні. Але ты слухаў гэтыя сівыя барадатыя гісторыі і думаў: ну ясна, з намі гэтага дакладна не будзе. Ты не адчуваў рэпрэсій на сваёй шкуры.

Для Маладога фронту, Моладзі БНФ гэта, магчыма, у парадку рэчаў. А ў ЗБС мы шчыра верылі, што усё тое, што робім, — змены ў вышэйшай адукацыі, памкненні да нефармальнага навучання — гэта цалкам бяспечная справа. Мы заўсёды тусаваліся на Кастрычніцкай і дазвалялі сабе, як аказалася, даволі смелыя рэчы. Выходзілі з бел-чырвона-белым сцягам на вуліцу і не задумваліся пра фізічную бяспеку, спакойна выязджалі на розныя праграмы ў Польшчу падчас навучальнага года — нікога ж не адлічвалі. Праводзілі мерапрыемствы на розныя тэмы і не баяліся, што да нас на офіс прыйдзе АМАП ці зацікавіцца падатковая. Дзякуй Богу, на офіс толькі аднойчы прыходзіў міліцыянт — калі мы запрашалі анархістаў».

Тэлефон з двухфактарнай разблакіроўкай, заклееная камера на ноўтбуку, ніякіх геалакацыі дома на фота — частка мер бяспекі, якія сталі для актывістаў абавязковымі.

«Для праваабаронцаў ужо стала нормай, калі ідзеш на акцыю, збіраць заплечнік: ніжняя бялізна, шкарпэткі», — дзеліцца Дар’я.

Яе бацькі першым часам не разумелі, дзеля чаго дачка адмовілася ад магчымай прэстыжнай працы ў пракуратуры. «Гэта нічога табе не дае, Даша, толькі час свой марнуеш!» — чула яна.

«Але я тлумачыла, што для мяне актывізм важны, што я хачу лепшага жыцця і толькі я магу для сябе будаваць гэты асяродак. Ну а хто, калі не мы зараз? Дзядзькі і цёткі ў парламенце нас не разумеюць, гэта іншая генерацыя. Цяпер бацькі, можа, не да канца падзяляюць, што я раблю, але падтрымліваюць на 100%».

«У беларусаў перманентна сціснутыя булкі»

У тым, што моладзь, якую ўсе лічылі апалітычнай, раптам стала актыўнай, назіральніца не бачыць нічога дзіўнага.

«Мне падабаюцца словы, што кожныя пяць год моладзь прачынаецца беларусамі. Палітызацыя грамадства — гэта натуральны працэс перад выбарамі. Маё пакаленне — гэта людзі 20 год, якія нарадзіліся пры Аляксандры Рыгоравічы, толькі скончылі альбо сканчаюць універ і разумеюць: «Яшчэ пяць год? Пачакайце, я не хачу».

Нараджаецца здаровы патрыятызм, калі ты разумееш, што хочаш застацца і рабіць лепш, хоць усё супраць цябе, намагаешся знайсці нейкае выйсце. Таму моладзь і палітызуецца — хочацца ўплываць хаця б мінімальна: пайсці ў камісіі, збіраць подпісы. Але адразу нараджаецца расчараванне. Думаеш: усё, фальсіфікацыі прынамсі на маім раёне не будзе. А табе кажуць: чувак, ты студэнт Гарварда, прабач, ты крыху не дацягваеш планачку для таго, каб патрапіць ва УВК.

За часы майго актывізму я не бачыла людзей, якія б з’язджалі, але цяпер чую ўсё часцей размовы пра міграцыю. І мне сумна ад гэтага: калі з’ездзе ўся адукаваная таленавітая моладзь, то хто застанецца?

У мяне ніколі не было думак пра міграцыю. Былі магчымасці, але я свядома ад іх адмаўлялася. У мяне ёсць жаданне скончыць магістратуру за мяжой, недзе пастажыравацца, але потым увесь досвед прывезці назад.

Гэта мая краіна, я тут нарадзілася. Я вельмі люблю Беларусь, шчыра радуюся цяпер яе адкрываць нанова. Мне падабаюцца нашы людзі. Я адчуваю Беларусь — разумеючы гэты культурны код, можна спрыяць развіццю і паляпшаць яе. У мяне тут сям’я, і я б хацела, каб мае блізкія жылі ў лепшай краіне.

Чаго не хапае? Свабоды. Будзе свабода, будуць наладжаны і іншыя працэсы, я лічу. У нас, мне здаецца, перманентна сціснутыя булкі.

Выказаўся — агледзеўся: ці ніхто чужы не пачуў? Рэпост рабіць ці не рабіць? Гэта моцна ўплывае на межы ў галаве ў тым ліку. А калі свабода ў цябе прапагандуецца з дзіцячага садка, людзі вырастаюць з зусім іншым складам мыслення».

Як стаць назіральнікам

Вы можаце вылучыцца ад грамадскіх арганізацый або самастойна. Для апошняга трэба сабраць 10 подпісаў ад людзей, што жывуць на ўчастку, на які вы ідзяце назіральнікам. Узор заявы, падрыхтаваны ініцыятывай «Сумленныя людзі», можна знайсці вось тут

Сачыць за падлікам галасоў можна ў любым раёне, незалежна ад месца рэгістрацыі.

Падрабязная інфармацыя пра вылучэнне ў назіральнікі і інструкцыі дзеянняў ёсць на сайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» (яна ладзіцца цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хельсінкскім Камітэтам).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?