Беларусь стала «добрым прыкладам». Піша Раман Якаўлеўскі.

У чэрвені адбыліся міжнародныя мерапрыемствы, якія беспасрэдна зьвязваюць з самітам «вялікай восемкі», што мае адбыцца ў наступным месяцы ў Пецярбургу. Безумоўна, сярод такіх мерапрыемстваў паводле ступені сваёй значнасьці быў саміт ЗША–ЭЗ, які адбыўся 21 чэрвеня ў Вене.

Пасьля зьмены ўраду Нямеччыны і сыходу Герхарда Шродэра на «вольны хлеб» у газавую сфэру, практычна ўсе экспэрты загаварылі пра палітыку ўзмацненьня трансатлянтычнай супрацы, якую будзе праводзіц спн.Мэркель. Натуральна, Нямеччына як адзін з галоўных лякаматываў Эўразьвязу судзейнічала б узмацненьню такой супрацы ўсяго Эўразьвязу. Да нядаўняе пары тандэм Бэрлін–Парыж ня раз уносіў свае карэктывы ў адносіны Эўропы з ЗША. У тым ліку і ў пытаньнях супрацы з Расеяй і іншымі постсавецкімі дзяржавамі. Пасьля сэрыі двухбаковых кантактаў Бэрліна і Брусэлю з Масквой, што адбыліся за апошні час, назіральнікі сталі заўважаць, што ціск нямецкага буйнога бізнэсу ўсё ж вымушае спн.Мэркель суцішыць свой паўночнаатлянтычны пыл і, у пэўнай ступені, працягваць у дачыненьні да Расеі так званую «прагматычную палітыку Шродэра на Ўсходзе». Дарэчы, такую карэкціроўку прадказваў вядомы нямецкі аналітык Аляксандар Рар. Пасьля абвяшчэньня праекту будаўніцтва Паўночнаэўрапейскага газаправоду (ПЭГ) па дне Балтыйскага мора такая палітыка набыла яшчэ мацнейшы газавы пах. На яго прысутнасьць усё часьцей скардзяцца і некаторыя эўрадэпутаты. Даволі рэзка супраць плянаў будаўніцтва ПЭГ выступалі Польшча, краіны Балтыі і некаторыя іншыя чальцы ЭЗ. Венскі саміт і быў закліканы зафіксаваць цяперашні стан паўночнаатлянтычных справаў.

У заключным камюніке саміту ЗША і ЭЗ падкрэсьліваюць сваю прыхільнасьць да «супольных каштоўнасьцяў» і адзначаюць, што «мэтады, што ўжываюцца ў барацьбе з тэрарызмам, мусяць цалкам адпавядаць нашым міжнародным забавязаньням, у тым ліку ў сфэры правоў чалавека, правоў уцекачоў і міжнароднага права».

Старшыня Эўрапейскае камісіі Жазэ Мануэл Барозу перасьцярог ад практыкі згортваньня грамадзянскіх правоў у барацьбе з тэрарызмам. Ён сказаў, што Эўразьвяз бачыць адной з сваіх задачаў працяг барацьбы з тэрарызмам. Аднак згортваньне грамадзянскіх правоў і свабодаў стала б перамогай для тэрарыстаў, падкрэсьліў ён. «У барацьбе з тэрарызмам мы ня мусім падрываць нашыя маральныя падмуркі, дапускаючы праўны вакуўм ці парушаючы правы чалавека. Мы ня мусім прадаваць нашу душу», – папярэдзіў Барозу. Удзельнікі венскага саміту ЭЗ–ЗША выявілі занепакоенасьць з нагоды палітычнага курсу Расеі. Занепакоенасьць трансатлянтычных партнэраў выклікае, у прыватнасьці, сытуацыя з правамі чалавека ў Расеі, парушэньні нормаў прававой дзяржавы і свабоды СМІ тамсама. На Беларусь таксама не забыліся.

ЗША і Эўразьвяз асудзілі рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні да дэмакратычнай апазыцыі і запэўнілі, што будуць падтрымліваць «дэмакратычныя памкненьні беларускага народу і супрацоўнічаць зь ім». Як вядома, перад гэтым Брусэль і Вашынгтон санкцыявалі «чорны сьпіс» беларускіх чыноўнікаў, якім заблякуюць замежныя банкаўскія рахункі. Мала хто зьвярнуў увагу, што гэтыя рашэньні будуць закранаць беспасрэдна і бізнэс-структуры, з дапамогай якіх функцыянуе ня першы год беларускі рэжым. У бліжэйшым часе мусіць стаць вядомай рэакцыя на гэта бізнэсоўцаў у Нямеччыне, Аўстрыі, Галяндыі. Менавіта ў гэтых краінах зафіксавана найбольшая актыўнасьць тых, хто вядзе супольны бізнэс зь Менскам. У супольнай дэклярацыі асабліва падкрэсьліваецца, што палітыка ЗША і ЭЗ у дачыненьні да кіроўнага рэжыму ў Беларусі ёсьць добрым прыкладам супрацы гэтых двух суб’ектаў у сусьветнай палітыцы.

Такая канстатацыя была яўна адрасавана і Ўладзімеру Пуціну напярэдадні блізкага саміту G8 у Пецярбургу. Відавочна, што цана падтрымкі беларускага хаўрусьніка Крамля з кожным днём расьце. І мала падставаў меркаваць, што доўгатэрміновасьці рэжыму Лукашэнкі будуць спрыяць існыя супярэчнасьці ў гандлёва-эканамічнай сфэры між Вашынгтонам і Брусэлем. Ці праблемы ЭЗ, зьвязаныя з прыняцьцем Эўрапейскай Канстытуцыі. Праўда, некаторыя спадзевы менскіх стратэгаў сілкуюцца пэрманэнтнымі ўнутрыпалітычнымі калізіямі, што ўзьнікаюць то ў Варшаве, то ў Вільні ды іншых эўрапейскіх сталіцах. Такія стратэгі-мазгаведы сьцьвярджаюць, што тое, што адбываецца сёньня, ёсьць наступствам сяброўства ў ЭЗ. Так, у Польшчы назіраецца парадокс, калі да ўлады прыйшлі эўраскептыкі пры падтрымцы прыхільнікаў ЭЗ. А Літва, што ўжо прыняла Эўраканстытуцыю і злаўчылася ўступіць у ЭЗ без прэзыдэнта, звольненага праз імпічмэнт, ужо не адзін месяц перажывае ўрадавы крызіс. Але ні ў першым, ні ў другім выпадках «канца сьвету» не наглядаецца. Пра гэта сьведчыць дынаміка эканамічнага росту ў гэтых краінах. Да гэтай дынамікі можна дадаць і дынаміку «працьверазеньня» ад спадзеваў і ілюзіяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Можна зь вялікай доляй упэўненасьці канстатаваць: калі раней па беларускай тэме ў Вашынгтону і Брусэлю былі тактычныя, не стратэгічныя разыходжаньні, дык цяпер, за параўнальна кароткі гістарычны тэрмін, Лукашэнка здолеў дамагчыся практычна поўнай эўраатлянтычнай кансалідацыі.

Некаторыя назіральнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што на венскім саміце нейк не была заўважная тэма стварэньня збройных сілаў ЭЗ пры дзейсным цяпер NАТО. Трэба меркаваць, рэальная пагроза міжнароднага тэрарызму ці іншыя якія выклікі не дазволяць нават багатым краінам распыляць сродкі на барацьбу зь імі. І ўсё болей пераважае меркаваньне, што ў зьмененым сьвеце трансфармуецца і NАТО – сапраўды дзейсны вайскова-палітычны інструмэнт. Гэта, хай і зь цяжкасьцямі, прызнаецца і на постсавецкай прасторы.

За больш дэталёвай інфармацыяй пра жыцьцё Эўропры зьвяртайцеся да ўэб-бачынаў http://www.belarus-europe.info/ і www.belarus-europe.info.

Тэлепраграма “Акно ў Эўропу” трансьлюецца на канале RTV і праз кабэльнае тэлебачаньне штонядзелю а 17-й і з паўторам у панядзелак (а 5.00), аўторак (12.00), чацьвер (5.00) і суботу (2.00).

Штотыднёвая радыёпраграма “Акно ў Эўропу” трансьлюецца на Эўрапейскім Радыё для Беларусі на частотах АМ і FM, праз спадарожнік і ў Сеціве а 8-й раніцы (АМ: AM: 612 kHz, спадарожнік: 11013 Mhz, Сеціва: http://www.belradio.fm/, www.belradio.fm/, FM: 103.4 а 5.40).

Гэтыя праграмы фінансуюцца Эўракамісіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?