Шоумэн і папулярны тэлевядоўца Дзьмітры Кахно ў інтэрв'ю Радыё Свабода тлумачыць, чаму ён ня мог не напісаць пост «Так нельга!», за які фактычна паплаціўся працай на АНТ. Ён расказвае, за што яго раней звальнялі з БТ і СТВ і чаму ягоная «рэлігія — капіталізм». І прызнаецца, што новых прапаноў ад тэлеканалаў пакуль няма.

Днямі нязьменнага вядоўцу праекту АНТ і «Эўраопта» «Ўдача ў прыдачу» Дзьмітрыя Кахно замянілі іншым вядоўцам, а ў апошні момант да таго ж адхілілі ад вядзеньня імпрэзы з нагоды адкрыцьця грандыёзнага фантану на Сьвіслачы. Прычына — пост у «Інстаграме» «Так нельга», дзе ён абураецца жорсткім разгонам чаргі каля крамы Symbal.by.

«Ніякіх размоў з кіраўніцтвам АНТ у мяне не было — у адрозьненьне ад Меліты Станюты»

— Дзьмітры, першае пытаньне мне падказаў уладальнік крамы Symbal.by Павал Белавус. Чаму за вас не заступіўся «Эўраопт», бо «Ўдача ў прыдачу» — гэта ж іх рэклямны праект? А «хто плаціць, той і музыку замаўляе», праўда ж?

— Наколькі мне вядома, «Эўраопт» перадаў вытворчасьць праграмы «Удача ў прыдачу» і прыняцьце рашэньняў тэлеканалу АНТ. І цяпер АНТ вырашае, хто пойдзе ў эфір.

— А вам нешта патлумачылі наконт прычын адмовы? Якім чынам гэта ўсё адбылося? Можа, сам кіраўнік тэлеканала Марат Маркаў ці хто іншы?

— Не было ніякіх тлумачэньняў. Я патэлефанаваў адміністратарцы здымачнай групы наконт наступнага эфіру, і яна мне паведаміла, што было прынята рашэньне абнавіцца і памяняць вядоўцаў. Больш ніякай інфармацыі ў мяне няма. А што да кіраўніцтва тэлеканала, то ў мяне наагул ніколі не было ні сустрэч, ні размоў зь імі. Я не кантактую з кіраўніцтвам, я кантактую толькі з тымі людзьмі, якія запрашаюць мяне на праект. Гэта альбо кіраўнікі праекту, альбо адміністратары здымачнай групы. Таму ніякіх размоваў з кіраўніцтвам у мяне не было — у адрозьненьне ад Меліты Станюты.

— Я чула, што вас яшчэ адхілілі ад вядзеньня імпрэзы з нагоды адкрыцьця фантану на Сьвіслачы ў Дзень Рэспублікі…

— Так, мне прыйшло SMS-паведамленьне, што я ня буду весьці гэтую імпрэзу, хоць мая кандыдатура была зацьверджаная загадзя. Далейшай сытуацыі я ня ведаю. Можа, мой ганарар быў вышэйшы, а знайшлі кагосьці за меншы.

— Мо штосьці яшчэ сарвалася, нейкія іншыя канцэрты, імпрэзы?

— Наколькі мне вядома, я быў адным з кандыдатаў на вядзеньне конкурсу «Міс Беларусь — 2020». Але конкурс не адбыўся праз каранавірус.

«Здымаюць не за штосьці канкрэтнае. А проста ставяць перад фактам: вы больш ня будзеце весьці праграму»

— Пайшла чарада адхіленьняў ад эфіру вядомых тэлевядоўцаў: згаданая вамі Меліціна Станюта, Дзяніс Дудзінскі, Дзьмітры Урангель. Як вы думаеце, гэта перадвыбарчая зачыстка нязгодных, нядобранадзейных, ці што гэта? І наагул, ці даводзілася вам балянсаваць, што можна казаць у эфіры, а што не?

— Я буду адказваць толькі за сябе. Я заўсёды з экрана тэлевізара казаў толькі тое, што я хацеў казаць, тое, што я думаю. З 2009 году, калі я пачынаў з эканамічных навінаў на тэлеканале БТ-1. З моманту знаёмства зь Дзянісам Кур’яном і пачаткам вытворчасьці праграмы «Дзелавое жыцьцё».

І першая парада, якую я пачуў ад калег-журналістаў эканамічнага аддзелу, гучала так: «Табе ніколі не павінна быць сорамна за тое, што ты казаў з экрана тэлевізара». Я прытрымліваюся гэтага і па сёньняшні дзень. І, наколькі я памятаю ўсе свае эфіры, у мяне гэта атрымліваецца.

А паказваць мяне краіне па тэлевізіі ці не — рашэньне заўсёды прымае тэлевізійнае кіраўніцтва. Калісьці мяне ўжо здымалі з эфіру. Гэта было, здаецца, у 2011 годзе.

— За што?

— Здымаюць не за штосьці канкрэтнае. А проста кажуць: вы больш ня будзеце весьці праграму. Тады на «Хартыі-97» выйшаў артыкул «Вядоўцы БТ крытыкуюць рэжым у фэйсбуку». І там быў мой пост.

«Адзінае магчымае выйсьце, каб расказваць пра штосьці праўдзіва, — ужываць «эзопаву мову». Тое, што нельга казаць наўпрост, можна выказаць нават не падтэкстам, а «трэцім дном». Дастань язык Эзопа і гавары!», — напісаў тады Дзьмітры Кахно.

Мяне, дарэчы, звальнялі яшчэ і з СТВ у 2016 годзе — за тое, што я зьявіўся ў эфіры АНТ.

«Мая рэлігія — капіталізм»

— У Беларусі ўсе тэлеканалы дзяржаўныя: БТ, АНТ, СТВ. У нашых суседак — Украіны, Польшчы, Літвы — процьма камэрцыйных, недзяржаўных каналаў. Як вы лічыце, ці нармальная ў краіне сытуацыя з тэлевізіяй?

— Я лічу, што мая рэлігія — капіталізм. І таму, безумоўна, камэрцыйная тэлевізія, як і камэрцыйныя арганізацыі, прыватная ўласнасьць — гэта заўсёды для мяне плюс, а ня мінус. Але пакуль у нас гэтага няма. Тут мы можам зьмірыцца толькі з фактам. Пакуль няма, будзем чакаць і спадзявацца. І, можа, спрабаваць нешта рабіць самім.

— Але ж жыцьцё кароткае, і яно вельмі імкліва праходзіць.

— Тады трэба пасьпяваць пражываць кожны дзень сумленна і шчасьліва.

— Тэлевізія — гэта як наркотык, усе калегі кажуць, што гэта зацягвае: жывыя эфіры, эмоцыі, варушняк. Тым больш вы вялі ня толькі праграмы, а таксама канцэрты, розныя імпрэзы. Ня будзеце сумаваць без эфіраў?

— Зразумела, мне прыкра, што ня маю магчымасьці весьці вялікія канцэрты, масавыя імпрэзы. Гэта цікава, гэта энэргетычна вельмі пазытыўна, гэта з пункту гледжаньня прафэсійнага росту вельмі захапляльна і карысна. Я ня буду хлусіць, што шчасьлівы, што нічога не раблю сёньня. Вядома, гэта ня радуе. Таму спадзяюся на лепшае. Але я ніколі не парушу ісьціну, якую ў 2009 годзе «ўвабраў» сваёй крывёю. Мне ніколі не было сорамна за тое, што я кажу з экрана тэлевізара.

— А ці маеце нейкія іншыя прапановы, пляны, зьвязаныя з тэлевізіяй?

— Калі казаць менавіта пра тэлевізію, ніякіх прапаноў няма. Але я ня ўпэўнены, што лета — гэта спрыяльны сэзон для тэлевізіі. Звычайна на лета ТВ «засынае». Толькі выбары сёлета дапамагаюць тэлевізіі працягваць сэзон.

А што тычыцца маёй асноўнай дзейнасьці, якая прыносіць мне грошы, — бізнэс-мерапрыемствы, здымкі рэклямы, Instagram у тым ліку, — я б сказаў, што, напэўна, пайшла новая хваля папулярнасьці і павагі за тое, што я не пакінуў гвалт і бяззаконьне без сваёй увагі.

«Мой пост быў не пра палітыку. Ён быў пра бясьпеку грамадзян Беларусі»

— Ці не шкадуеце, што напісалі такі пранізьлівы пост «Так нельга!», празь які ў вас цяпер праблемы? Цяпер складанае перадвыбарчае становішча, я б сказала, нават нэрвовае. Можа, варта было прамаўчаць?

— Я б, напэўна, прамаўчаў, калі б мог. Але тады проста ня змог. Я выказаўся пра гвалт, калі байцы АМАП хапаюць людзей з чаргі ў краме ў цэнтры гораду. Я лічу, што так нельга, так быць не павінна. Мяне не прарвала. Я проста лічу, што так нельга. Я разумеў, што гэта будзе на шкоду маёй кар’еры. І ў той жа час спадзяваўся, што не.

Я, праўда, некалькі разоў думаў пасьля, ці трэба было пісаць. Але не знайшоў іншага адказу — так, трэба, я абавязаны быў гэта сказаць. Я людзям абавязаны сваёй кар’ерай, сваёй прафэсіяй. І гэтыя людзі ў мяне запыталіся маёй думкі — ці нармальна так разганяць чаргу каля крамы? І я адказаў сумленна, як я лічу.

— Але гэта ж ня першы «хапун». За тыдзень да інцыдэнту каля крамы Symbal.by хапалі і саджалі людзей у аўтазакі каля філярмоніі і ГУМа. Былі жорсткія разгоны і зачысткі і раней. Чаму вас «прарвала» менавіта цяпер? Што стала апошняй кропляй?

— Я гэта пабачыў ужывую. Не ў сацыяльных сетках, не ў інтэрнэце. І гэта мяне ўзрушыла. Здаецца, у 2013 годзе я бачыў, як нейкі помнік закідалі яйкамі. І я ня ўбачыў у вачах гэтых людзей мары пра лепшае жыцьцё ў Беларусі. А тое, што я пабачыў каля крамы Symbal.by, мяне цалкам расчаравала. Таму мой пост быў не пра палітыку. Мой пост быў пра бясьпеку грамадзян Беларусі, жыхароў гораду Менску. І пра тое, што праваахоўныя органы, на мой погляд, ня маюць права на выезд з прычыны бойкі высылаць аўтазак з АМАПам. Мне здаецца, заўсёды ў такіх выпадках прыяжджае дзяжурны аўтамабіль міліцыі, а не аўтазак з байцамі АМАПу.

— Я размаўляла з многімі творчымі асобамі, не заангажаванымі ў палітыку — акторамі, літаратарамі, моладзьдзю. Многія расчараваныя. А шмат маладых людзей кажуць, што калі нічога ня зьменіцца ў краіне, яны зьедуць. Мне вельмі няёмка, што сваімі пытаньнямі я давяла нашу опэрную дзіву Маргарыту Ляўчук, якая напісала пранікнёны пост у фэйсбуку, да сьлёз. Ваша думка, ці варта чакаць зьменаў?

— Маё пачуцьцё эмпатыі, магчыма, не на такім высокім узроўні, як у чароўнай Маргарыты Ляўчук. І хлопчыкі менш сэнтымэнтальныя, чым дзяўчаткі. Але я выкажу сваё пажаданьне: я мару, каб людзі не хацелі зьяжджаць са сваёй краіны, каб у іх была магчымасьць у гэтай краіне сумленным шляхам рабіць кар’еру і дасягаць шчасьлівых чалавечых вышыняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?