Трэба яшчэ разабрацца, колькі Расія «выцягнула», а колькі «ўнесла» ў эканоміку Беларусі. Такое меркаванне ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў расійскі пасол у Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Ён зазначыў, што «у сувязі з ростам цэн на нафту ў 2006—2008 гадах Расія плаўна павышала цэны на газ: ва ўзгодненым рэжыме, у адпаведнасці з заключанымі кантрактамі на газ і нафту». «Калі ў 2006 годзе сусветная цана (на газ — БелаПАН.) была 293 долары, Беларусь плаціла амаль 47 даляраў, гэта значыць менш на 247 даляраў. У 2008 годзе сусветная цана на газ склала 409 даляраў, Беларусь плаціла 128, гэта значыць на 281 даляр менш»,— нагадаў дыпламат.

Паводле слоў Сурыкава, за перыяд з 2006 па 2008 год Беларусь заплаціла Расіі за энерганосьбіты «прыкладна на 10 млрд даляраў больш, чым раней». «Але ў той жа час, — падкрэсліў Сурыкаў, —

скрытыя прэферэнцыі на розніцы ў цэнах на энерганосьбіты ў 2006 годзе прынеслі эканоміцы Беларусі 9,4 млрд долараў, а ў 2008 годзе — 11,5 млрд».

«Няўжо гэта дрэнна для Беларусі? Вырасла канкурэнцыя беларускіх тавараў на рынках усіх краін. Праўда, апрача Расіі, дзе цэны раслі не так хутка», — заўважыў пасол.

Кіраўнік расійскай дыпмісіі заявіў, што Беларусь «не будзе плаціць тыя рыначныя цэны на энерганосьбіты з Расіі, якія будуць устаноўлены для астатніх імпарцёраў, бо адсутнічаюць вывазныя пошліны». А гэта «вельмі сур’ёзная канкурэнтная перавага для беларускай эканомікі». «Таму, калі кажуць, што Расія нешта адабрала або выпампавала, трэба ўважліва разабрацца. У мяне ўражанне, што нават наадварот: мы «ўнеслі» ў Беларусь дадаткова 2,5 млрд даляраў», — лічыць Аляксандр Сурыкаў.

Паводле меркавання пасла, у эканамічных адносінах дзве краіны павінны «ў тым ліку не нашкодзіць адна другой, каб эканомікі не страцілі канкурэнтаздольнасць». «Яшчэ і для гэтага сустракаюцца кіраўнікі нашых краін», — падкрэсліў дыпламат.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0