У сувязі з прад’яўленнем 10 ліпеня абвінавачвання па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) мадэратару сацыяльных сетак «Краіны для жыцця», грамадзяніну Расіі Дзмітрыю Папову праваабарончая супольнасць Беларусі прызнае яго палітычным зняволеным, паведамляе spring96.org

Пры прыняцці гэтага рашэння праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі беларускай праваабарончай супольнасці ад 1, 9 і 11 чэрвеня 2020 года аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў «справы Ціханоўскага».

На падставе гэтага беларускія праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Дзмітрыя Папова і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.

Нагадаем, Дзмітрый Папоў знік увечары 4 чэрвеня. Да гэтага ён запісаў відэа, у якім распавядае, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць у межах крымінальнай справы. Толькі праз некалькі дзён стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак арышту і перавезлі ў Мінск у ізалятар часовага ўтрымання. Адтуль яго перавялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца дагэтуль.

Па звестках праваабаронцаў, Папоў — 19-ы затрыманы па гэтай крымінальнай справе. 17 чалавек працягваюць знаходзіцца пад вартай: блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Гродне Зміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, палітык Мікалай Статкевіч, Сяргей Спарыш, Дзмітрый Папоў. 

Яшчэ два фігуранты справы — Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік — 9 ліпеня былі вызвалены з СІЗА. Ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0