Палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Барадач, які цяпер жыве ў Германіі, абвінаваціў магчымага кандыдата ў прэзідэнты, лідара партыі «Грамада» Сяргея Чэрачня ў супрацоўніцтве з КДБ.

З гучнай заявай ён выступіў у эфіры тэлеканала «Белсат».

Паводле Барадача, Чэрачань ужо пяць гадоў з’яўляецца інфарматарам КДБ. Маўляў, трапіўся ён на кантрабандзе запчастак з МТЗ і пагадзіўся на супрацоўніцтва, каб не трапіць у турму. Барадач нават назваў канкрэтнае прозвішча чалавека, які нібыта курыруе Чэрачня — нейкі Травулька.

Сам Сяргей Чэрачань адказаў Барадачу ў каментары для «Нашай Нівы».

Сяргей Чэрачань. Фота Надзеі Бужан

«Калі ў твайго апанента ёсць усе магчымасці хлусіць, пляцоўка для палёту думкі неабмежаваная, то вельмі складана нешта казаць адваротнае. Магчыма, гэта нейкая палітычная замова.

Што тычыцца «супрацоўніцтва» з КДБ, то шмат людзей ужо ў мяне пра гэта спыталі. Складана аспрэчваць тое, чаго няма. Барадач уключае сваю фантазію і расказвае ўсё, што заўгодна. Зразумейце, калі з майго боку няма ніякіх адносін з КДБ, то як я магу гэта даказаць? Тут фактычна мае словы супраць ягоных словаў.

Адзінае, што я не магу зразумець, як «Белсат» без праверкі інфармацыі паставіў гэтае інтэрв’ю ў эфір. Я з імі размаўляў, мне пісалі некаторыя журналісты тэлеканала, якія выбачаліся: «Сяргей Уладзіміравіч, мы не адказваем за палітыку тэлеканала. Гэта на хайпе, у нас цяпер 400 тысяч праглядаў. Увайдзіце ў становішча і прабачце».

Асабіста мая пазіцыя: я больш ніякіх кантактаў з «Белсатам» мець не буду, калі не будзе нейкіх публічных выбачэнняў. Не павінны дзяржаўныя тэлеканалы так рабіць! А вы ж ведаеце, што «Белсат» фінансуецца польскім урадам і МЗС. Я папрасіў сустрэчы з польскім паслом, каб пагаварыць па гэтай сітуацыі.

Любое выданне, калі яно не лічыць сябе жоўтымі стужкамі, павінна пераправяраць інфармацыю. Але вы чулі, што казаў Барадач: «Я валодаю інфармацыю, але вам нічога не скажу, верце мне на слова. Я афіцэр савецкага войска». Я гэта расцэньваю як пэўны прэсінг у свой адрас.

Прозвішча «Травулька» я ўпершыню пачуў ад Барадача. Ніякіх узаемаадносін з сілавым блокам у мяне няма. У мяне былі па жыцці пэўныя сутычкі і праблемы прыватнага характару, але, калі там гаворыцца, што мяне ледзь не пасадзілі з кантрабандай, пакажыце хоць адзін дакумент, хоць аднаго ўдзельніка тых падзей.

А тут проста чалавек з хворай псіхікай нешта выдае ў эфір, і некаторыя людзі пачынаюць гэтаму верыць. Кожны чалавек, які можа аналізаваць, можа зрабіць выснову, што гэта трызненне вар’ята. Іншых словаў у мяне няма».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?