13 ліпеня ў Камянцы пачаўся суд паводле абвінавачвання 17-гадовага Арцёма Е. у забойстве свайго бацькі. Абвінавачанаму Арцёму 15 ліпеня споўніцца 18 гадоў. Сваё паўналецце ён сустрэне ў следчым ізалятары. 26 лютага хлопец некалькі разоў ударыў сякерай па галаве свайго бацьку. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр 10 красавіка ў раённай бальніцы. Па версіі абвінавачання, матывам забойства сталі «асабістыя непрыязныя адносіны, якія склаліся на працягу доўгага перыяду часу» сына да бацькі. З залы суда піша TUT.BY.

«Памрэш маленькім»

Фота Арцёма Е. з сацыяльных сетак

Фота Арцёма Е. з сацыяльных сетак

Сям'я Арцёма жыла ў шматкватэрным доме ў горадзе Высокае. Арцём — адзінае дзіця. Мама Наталля і бацька Валерый у шлюбе былі 18 гадоў. Яна працуе прадаўцом, ён быў грузчыкам на прыватным прадпрыемстве ў Берасці.

У Валерыя гэта быў другі шлюб. З першай жонкай яны развяліся пасля таго, як ён яе моцна збіў. Жанчына выпісалася з бальніцы, забрала маленькую дачку і з'ехала да сваякоў. Ні першая жонка, ні дачка адносін з Валерыем не падтрымлівалі.

Бацька Арцёма працаваў у Брэсце пазменна: два праз два. У рабочыя дні ён быў цвярозы, у выхадныя выпіваў. Па словах Арцёма, запоі бацькі маглі працягвацца тыднямі. На працы яму ставілі прагулы, але не звальнялі.

— З бацькам у мяне былі жудасныя адносіны. Жах быў у тым, што ён пастаянна выпіваў. А калі выпіваў, станавіўся агрэсіўным і шукаў канфлікты, — распавёў юнак.

У стане ап'янення Валерый крычаў, лаяўся і абражаў жонку і сына. Па словах Арцёма, яны з маці жылі ў пастаянным страху. Бацька па некалькі разоў за ноч урываўся да іх у пакой, уключаў святло і крычаў: «Пад'ём!» З гэтага пачыналіся начныя скандалы. Валерыю не падабалася, што ў доме быў беспарадак. Ён патрабаваў зрабіць яму іншую вячэру, нарэзаць закуску, адпраўляў сына на вуліцу насекчы дроў або прынесці ваду.

— У доме былі пастаянныя крыкі. Я мог быць у спальні, а ён прыйдзе і пачне крычаць. Запоі доўжыліся па некалькі тыдняў. Ён мог два дні піць, 2 дні хадзіць на працу, потым зноў два дні піць, — падзяліўся абвінавачваны.

Па словах Арцёма, у такой атмасферы прайшло ўсё яго жыццё.

— Да 12 гадоў я лічыў, што такія паводзіны бацькі — гэта нармальна. Потым, па расказах сяброў, зразумеў, што гэта ненармальна. Ён увесь час крычаў, лаяўся матам, размахваў рукамі. Часта мацюкаўся ў мой адрас і ў адрас мамы. Былі выразы: «Памрэш маладым». (…) Я стараўся не звяртаць на яго ўвагі. Ён пакрычыць, я памаўчу — і ўсё, — распавёў суддзі хлопец.

— Плакалі? — удакладніла суддзя.

— Калі стаў старэйшы — не.

У п'яным запале бацька мог падняць на Наталлю руку. Аднойчы тата разбіў маме нос. Іншым разам трымаў яе ў шафе. Бывала, што Валерый проста пачынаў кідаць кухонныя нажы ў сцяну дзеля забавы. Калі Арцёму было 12 гадоў, тата ўдарыў яго кулаком у жывот.

— Кожны «выступ» бацькі выклікаў у мяне страх, што ён зробіць нешта мне ці маці. Я ў такія моманты стараўся не «свяціць». Прысутнічаць, але «свяціць», — распавёў Арцём.

«Усё, я забіў яго»

Любімай забавай п'янага бацькі былі інсцэніроўкі самагубства. Калі сын з жонкай яго ігнаравалі, каб лішні раз не правакаваць, Валерый ставіў у цэнтр пакоя стол, вешаў на люстру тонкую вяроўку і абяцаў павесіцца. Адбывалася гэта часта. Па словах пацярпелай бабулі, толькі ў яе адной на гарышчы ляжыць «штук пяць сарваных люстраў». Адзін раз Валерый паспрабаваў павесіцца на рамяні. Калі рэмень не парваўся пад яго вагой, мужчына сам дастаў галаву з пятлі. Былі і дзве паказальныя спробы ўтапіцца. Абедзве няўдалыя.

Арцём упэўнены, што ўсё гэта тата рабіў для таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу:

— Ён ставіў стол пасярод пакоя і казаў: «Я вешаюся». Ён так часта казаў. Гэта ўсё было паказухай. Калі ён пачынаў рухаць стол, мы адразу сыходзілі. Ён так прыцягваў увагу. Калі не рэагаваць на яго ў такія моманты, ён супакойваўся.

У 2019 годзе пасля п'янкі бацькі Арцём пайшоў жыць да сваёй бабулі Уладзіміры Яўгенаўны — маме Валерыя. З ёй ён пражыў да лета, а потым вярнуўся дадому, бо баяўся за маму.

Наталля ў міліцыю на мужа не скардзілася: не бачыла сэнсу.

— Адзін раз паскардзілася. Праблему гэта не вырашыла. Толькі дадалася яшчэ адна падстава для скандалаў, — растлумачыў Арцём.

У судзе абвінавачваны растлумачыў, што забіць бацьку ён вырашыў 25 лютага. У той дзень Валерый, як заўсёды, прыйшоў дадому п'яны. Арцём з мамай у той час ужо спалі. Бацька уварваўся ў іх пакой каля 22.00, уключыў святло, закрычаў «Пад'ём!» і пачаў скандаліць.

— Я зразумеў, што альбо яго [заб'ю], альбо сябе, — распавёў Арцём.

На наступны дзень бацька зноў прыйшоў дадому п'яны. На гадзінніку было каля 18.00. Падставай для чарговага скандалу стала тое, што Наталля і Арцём своечасова не прыбралі сляды начной папойкі Валерыя.

— Каля гадзіны Бацька крычаў на маці. Я сядзеў у спальні ў слухаўках, глядзеў серыял па мабільным. Калі ён скончыў, я выйшаў з пакоя і паглядзеў на яго. Ён спаў на канапе, — распавёў абвінавачаны.

Па словах Арцёма, ён паглядзеў на бацьку — і на яго нахлынула пачуццё страху. Хлопец пайшоў на кухню, узяў нож. Лязо было тупым, і Арцём пайшоў у хлеў. Там ён узяў сякеру, вярнуўся ў кватэру і нанёс некалькі ўдараў Валерыю па галаве. Пасля гэтага хлопец прыйшоў да мамы і спакойным голасам сказаў: «Усё, я забіў яго». Наталля выклікала хуткую, а сын патэлефанаваў у міліцыю. Прыезду нараду Арцём чакаў у двары. У судзе ён прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме.

— Я раскайваюся, — суха адказаў на пытанне дзяржабвінаваўцы Ягора Кронды Арцём.

«Лепш мяне пасадзіце, чым яго»

На першым судовым пасяджэнні прысутнічала мама Валерыя Уладзіміра Яўгенаўна. Яна ў справе праходзіць пацярпелай. Па словах жанчыны, стасункі з сынам у яе былі складаныя. Ён, у адрозненне ад ўнука Арцёма, рэдка яе наведваў. Акрамя таго, некаторы час таму Валерый скраў усе яе зберажэнні, якія яна доўга адкладала на куплю катла. Грошы сыну спатрэбіліся для таго, каб выплаціць крэдыт за мабільны тэлефон, які на яго аформіў знаёмы.

— Пацярпелая тут не я. Пацярпелы — мой унук, — плакала ў судзе Уладзіміра Яўгенаўна: — 18 гадоў трываць гэтыя здзекі. У мяне сын за год 1—2 разы быў. А ўнук кожны дзень прыходзіў. (…) Я два гады збірала грошы на кацёл па капейках, а сын улез у нейкую афёру, нейкі крэдыт на яго павесілі, і з яго праз суд сталі патрабаваць грошы. Мне якраз на кацёл ужо хапала, я адкрываю [схованку, дзе захоўваліся грошы], а там пуста. Прыйшоў Арцём, сказаў: «Бабуля, не плач. Я зараблю, і мы паставім табе кацёл».

У міліцыю аб крадзяжы грошай жанчына не паведамляла. Баялася, што сын будзе помсціць ёй, нявестцы і ўнуку.

Па словах Уладзіміры Яўгенаўны, сын яе два гады адслужыў у Афганістане, а потым у Чачні.

— Іх у Афганістан шасцярых адправілі. А вярнуўся ён адзін. Як з Афганістана прыйшоў, дык наогул ненармальны стаў, — падзялілася жанчына.

Бабуля распавяла, што Арцём вельмі добра вучыўся і марыў атрымаць вышэйшую адукацыю. Сярэдні бал яго атэстата быў 8,3. Пасля школы ён паехаў у Брэст паступаць на біяфак Брэсцкага дзяржуніверсітэта. На бюджэт не прайшоў, бо дрэнна здаў тэставанне, а на платным ён не мог вучыцца праз фінансавыя цяжкасці. Арцём перападаў дакументы ў Брэсцкі медыцынскі каледж на фельчара, але і там на бюджэт яго не ўзялі. Падлетак вярнуўся ў Высокае і паступіў у мясцовы сельскагаспадарчы каледж. Тут ён і вучыўся аж да затрымання. Вучыўся добра, быў старастам групы.

Уладзіміра Яўгенаўна паведаміла ў судзе, што яе сын купляў гарэлку каністрамі па пяць літраў. Ставіў яе ў халадзільнік і сыходзіў у запой. Пра тое, што адбывалася ў сям'і, бабуля ведала. Калі Валерый быў асабліва агрэсіўны, Наталля з Арцёмам прыходзілі да яе дадому. Яны замыкалі дзверы на замок і чакалі раніцы. Па словах Уладзіміры Яўгенаўны, сын часта прыходзіў да яе дома, крычаў на вуліцы, патрабаваў аддаць яму жонку з сынам і шпурляў камяні ў вокны.

— Ён (Валерый. — TUT.BY) быў шалёны. Ён горшы за фашыста. Я ўваходныя дзверы заматвала на вяроўку, каб ён да нас не прыйшоў. (…) Лепш мяне пасадзіце, чым ўнука. Колькі мне жыць засталося… Як ён хацеў вучыцца… У такіх умовах, у якіх ён жыў, ніхто б не змог вучыцца…

На пытанне аб тым, якое пакаранне варта прызначыць абвінавачанаму, Уладзіміра Яўгенаўна папрасіла аб літасці:

— Я без яго наогул прападу. Госпадзе, прашу, не судзіце яго строга. Колькі ён перажыў…

«Альбо прыйдзеш цяпер сюды, альбо я вярнуся і вас пазабіваю»

Фота: Следчы камітэт

Мама Арцёма — грамадзянка Украіны. У Беларусі ў яе дазвол на жыхарства. У судзе яна распавяла, што ў міліцыю на мужа не скардзілася, бо баялася помсты. Шэсць гадоў таму, калі суседка выклікала на Валерыя міліцыю, Наталля аказалася «крайняй».

У той раз да суседкі прыехалі сваякі з аднагадовым дзіцем. Бацькі пакінулі малога на дзённы сон, а самі пайшлі дапамагаць з рамонтам. П'яны Валерый заўважыў каляску пад вокнамі і вырашыў паўзрываць петарды. Калі дзіця прачынулася ад выбухаў, бацькі выбягалі на вуліцу, супакойвалі малога, закалыхвалі, укладвалі спаць, рабілі суседу заўвагу і сыходзілі працаваць далей. Валерый чакаў, пакуль дарослыя сыдуць з двара, і падпальваў чарговую петарду.

— Пасля чацвёртай-пятай петарды, калі просьбы паводзіць сябе цішэй не прынеслі поспеху, суседзі выклікалі ўчастковага, — распавяла ў судзе Наталля.

Валерыя забралі ў пастарунак, аформілі пратакол, тры дні ён правёў у ізалятары, а потым адпусцілі.

— Ён пайшоў да сяброў. Адтуль ён мне патэлефанаваў і сказаў, што бачыў, як я падпісвала пратакол апытання як сведка. Гаварыў з пасылам: «Усё, с.., глядзі, ты папалася. Альбо прыйдзеш цяпер сюды, альбо я вярнуся і вас пазабіваю». Пасля гэтага выпадку звяртацца ў міліцыю жаданне прапала, — падзялілася мама Арцёма.

На пытанне пракурора, ці магла Наталля сысці ад мужа, яна сказала, што такой магчымасці ў яе не было.

— А куды я пайду?! Мае ўсе сваякі жывуць у Данецкай вобласці Украіны, дзе ваенныя дзеянні. (…) Так і ва Украіне я нікому не патрэбна. Калі з'язджаць, то трэба мяняць горад, вобласць, краіну. Гэтага не атрымалася б па фінансавых прычынах, — патлумачыла Наталля.

Па словах жанчыны, пераезд да Уладзіміры Яўгенаўны або на здымную кватэру праблему б не вырашыў. Валерый пераследваў б іх ўсюды, куды б яны ні паехалі.

Мама Арцёма папрасіла суд не караць сына строга:

— Прашу аб літасці для сына. Яму і так дасталося. Можа быць, я павінна была быць старэйшай, разумнейшай, прадухіліць сітуацыю, забраць сына. Бог з ім… Жылі б у нейкім будане, хляве. Але не было б усяго гэтага…

Да 10 гадоў пазбаўлення волі

Калі віна Арцёма будзе даказаная, яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Такое максімальнае пакаранне прадугледжвае Крымінальны кодэкс для асоб, якія ўчынілі асабліва цяжкае злачынства, звязанае з наўмысным замахам на жыццё чалавека, ва ўзросце да 18 гадоў.

Разгляд крымінальнай справы працягнецца ў судзе Камянецкага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?