Беларусь працягвае перамовы з Сусветным банкам аб выдзяленні крэдыту ў памеры 1 млрд даляраў.

Пра гэта заявіў 15 красавіка журналістам міністр фінансаў Андрэй Харкавец.

«Цяпер ідзе першы раунд перамоў, і пакуль рана гаварыць аб нейкіх высновах і фармуляваць, якія крыніцы прыцягнення крэдыту будуць з боку Сусветнага банка», — сказаў ён.

Паводле слоў міністра, бакі пакуль «зверылі інтарэсы і пазіцыі адзін аднаго». «Пакуль абмяркоўваюцца прыстрэлачныя пытанні. Уся праца яшчэ наперадзе», — сказаў Харкавец. Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі бок выказвае цікавасць у атрыманні ад Сусветнага банка гэтага крэдыту.

***

«Скарачэнне бюджэтных расходаў сёлета будзе вельмі значным. За многія гады гэта радыкальная сітуацыя ў бюджэтным працэсе»,

— заявіў 15 красавіка міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Паводле яго слоў, Міністэрства фінансаў удакладніла бюджэт на 2009 год, у адпаведнасці з якім плануецца значнае скарачэнне расходнай часткі.

«Тым не менш, першы квартал гэтага года мы завяршылі, збалансаваўшы расходы бюджэту з наяўнымі рэсурсамі, — падкрэсліў А.Харкавец. — Бюджэтная сфера хоць і адчула скарачэнне расходаў, разам з тым былі забяспечаны поўнасцю ўсе мерапрыемствы, якія планаваліся для рэалізацыі бюджэтнымі арганізацыямі».

Міністр фінансаў паведаміў, што ва ўдакладненым бюджэце

«закладзены асігнаванні на павелічэнне зарплаты на 5% тарыфнай стаўкі першага разраду».

«Але калі раней мы планавалі гэтае павышэнне ў маі, то сёння эканамічная сітуацыя паказала, што бюджэт не зможа забяспечыць гэтае павышэнне менавіта ў гэтым месяцы. Таму будзем адсочваць напаўняльнасць бюджэту і прымаць рашэнне аб павелічэнні заработнай платы адэкватна наяўным рэсурсам», — сказаў Харкавец.

Тацяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0