Два гады таму на аўтапалігоне Любанскага сельгасліцэю знайшлі цела навучэнца Сяргея Макарэвіча. Яго маці два гады беспаспяхова дабіваецца эксгумацыі, бо не верыць у афіцыйную версію смерці сына — самагубства. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з 2003 па 2007 год шэсць навучэнцаў таго ліцэя зрабілі сабе смерць.

Пракурор Любанскага раёну пацвердзіў толькі тры выпадкі, дадаўшы, што між сабой яны не звязаныя.

Большасць сем’яў маўкліва прымала трагедыю. Толькі сям’я Макарэвіча ўзялася высвятляць акалічнасці смерці, не даўшы веры афіцыйнай версіі пра самагубства.

«Няправільна асэнсаваў жыццёвую сітуацыю»

Раніцай 7 сакавіка 2007 году на аўтапалігоне Любанскага сельгасліцэю знайшлі павешаным 18‑гадовага навучэнца Сяргея Макарэвіча. Як вынікае з матэрыялаў следства, слядоў барацьбы на месцы здарэння не было. Судмедэкспертыза не выявіла ў нябожчыка цялесных пашкоджанняў акрамя странгуляцыйнай баразны на горле ад пятлі.

Следства высветліла, што ўвечары 6 сакавіка С.Макарэвіч выпіваў у кампаніі братоў П., у тым ліку ў іх аўто. Пілі двое — Сяргей і адзін з братоў, яго аднагрупнік. Выпіўшы, у інтэрнаце хлопцы запатрабавалі ад малодшых навучэнцаў цыгарэты. Пры гэтым Сяргей нібыта пабіў двух хлопцаў, адзін з якіх уцёк на двор лёгка апрануты. Было гэта апоўначы. Уцякач меў за плячыма няўдалую спробу самагубства, таму шукалі яго вялікай групай разам з выкладчыкамі. Шукаў і Макарэвіч.

Сяргей сказаў тады, што ў выпадку чаго ў турму не пойдзе. Раніцай яго знайшлі павешаным. Паводле следства, хлопец не меў ворагаў ні ў Любані, ні ў Салігорску, адкуль прыехаў вучыцца. Справу закрылі, палічыўшы, што «Макарэвіч С.А. здзейсніў самагубства, прычынай якога стала няправільнае асэнсаванне жыццёвай сітуацыі», то бок выпіў, пабіў таварыша, спалохаўся адказнасці і наклаў на сябе рукі.

«Мой сын хацеў жыць»

«За сорак дзён да таго ў ліцэі здарылася падобнае няшчасце — павесіўся навучэнец. Мы пра гэта з Сяргеем размаўлялі. Ён не мог зразумець, як той мог прынесці такое гора маці», — узгадвае мама Сяргея Вера Васілеўна, уладальніца Ордэну маці (адна выхавала шасцёра дзяцей).

Кажа, што сын быў аптымістам, пасля вучобы збіраўся ў войска, хоць мог і не служыць як дзіця з шматдзетнай сям’і.
Марыў паступіць у ВНУ на завочнае, знайсці працу, ажаніцца, набыць жытло. «Ён пісаў мне вершы, не даваў пакункі з рынку самой несці», — кажа В. Макарэвіч.

У дзень пахавання на твары хлопца з’явіліся плямы, падобныя да слядоў збіцця (паводле следчых — трупныя плямы), на руцэ родныя заўважылі невялікую рану. На могілках завуч ліцэю сказала, што «калі б не барвовы легкавік, то нічога б не здарылася». Аўто належала братам, з якімі Сяргей быў у той вечар. «Пасля пахавання сябры сына казалі, што яго маглі забіць», — кажа маці.

Паводле яе інфармацыі, у той вечар навучэнец уцёк з інтэрнату не праз бойку з Сяргеем, а пасля канфлікту з выхавацелькай інтэрнату.
Выхавацелька пацвердзіла гэта камісіі з абласнога аддзелу адукацыі. У матэрыялах следства гэты момант апісаны інакш — сутычка з выхавацелькай была, але пакрыўджаны студэнт вярнуўся ў інтэрнат, дзе натрапіў на п’яных хлопцаў. «У кішэні ў Сяргея знайшлі пачак з цыгарэтамі, то навошта яму было іх у некага адбіраць?» — кажа на гэта В.Макарэвіч.
Родных Сяргея насцярожыла і тое, што вопратка на ім сядзела акуратна, як для чалавека, які, па логіцы, мусіў памерці ў канвульсіях. След ад пятлі, на іх думку, нехарактэрны для добраахвотнага павешання.

Пятля, як вынікае з пратаколу, была завязаная досыць слаба. Хлопец быў недастаткова высокі, каб дацягнуцца да кратаў (следчыя не знайшлі пад акном нічога, што магло б дапамагчы яму ў гэтым, а пятля была замацаваная на двухметровай вышыні). Паводле супрацоўніцы моргу, у Сяргея была зламаная рабрына. Следчы нібыта сказаў ёй, што гэта маглі зрабіць пры перавозцы цела. Потым абое ад тых словаў адмовіліся, не было гэта зафіксавана і ў выніковай экспертызе.

Хлопца знайшлі прыхінутым да пабеленай сцяны, каб самастойна завязаць вузел, яму трэба было караскацца па сцяне, але куртка яго была чыстая.

«Ён мог і абтрэсціся», — прыводзіць словы следчага В.Макарэвіч. На вопратцы родныя заўважылі сляды крыві, куртка была парваная, на спіне — след ад абутку. Красоўкі чыстыя, хоць у пратаколе агляду месца здарэння напісана, што сляды ад абутку на месцы трагедыі належаць Сяргею. Экспертыза, зладжаная толькі праз дзевяць месяцаў, наяўнасць крыві на вопратцы пацвердзіла, але чыя гэта кроў — дагэтуль невядома.

Сябар Сяргея Т., які дапамагаў адвозіць цела ў морг, казаў, што ў хлопца, калі яго знайшлі, былі сагнутыя рукі. Згодна з пратаколам рукі былі апушчаныя долу. На суд не запрасілі сведак, высновы следства грунтаваліся на паказаннях людзей, якіх родныя Сяргея падазравалі ў датычнасці да яго смерці. Большасць тых, хто сведчыў на карысць Макарэвічаў, потым адмовіліся ад сваіх словаў. Пазней акно ў будынку на палігоне заклалі цэглай, сцены грунтоўна памылі.

«Шукаць карані трагедый»

У красавіку 2008 году Макарэвічаў наведала здымачная група праграмы «Зона Х». У Любані дырэктар ліцэю Мікалай Краснюк параіў журналістам шукаць карані трагедый не ў навучальнай установе, а ў сем’ях. Маўляў, у большасці выпадкаў няшчасце здаралася праз п’янства бацькоў, неўладкаванасць у побыце. «Можа, у каго і былі праблемы, але не ў нас, — не пагаджаецца В. Макарэвіч.

Характарыстыкі, атрыманыя ў школе і ліцэі, напісаныя суседзямі і сябрамі, сведчаць, што Сяргей быў выхаваным, добрым і вясёлым хлопцам.

Пісаў вершы, захапляўся беларускай і расійскай літаратурамі, а таксама фізкультурай. Быў прафоргам групы. Медэкспертыза выявіла ў ягонай крыві дозу алкаголю, роўную выпітай пляшцы гарэлкі, а паводле сведак, разам з сабутэльнікам ён выпіў 1,5 літра гарэлкі і столькі ж піва. Маці ж мяркуе, што перад смерцю яе сыну гарэлку маглі ўліць сілай і прыгадвае сляды на ягоным падбароддзі, падобныя на адбіткі пазногцяў, і распухлы нос.

«Следчы ціснуў на мяне»

«Ён моцна любіў маму і сясцёр. Не мог ён такі падарунак ім на 8 сакавіка зрабіць» — не верыць у самагубства Сяргея і ягоная аднакурсніца. Яна ананімна (назавём яе Алена) распавяла некаторыя падрабязнасці трагедыі, а таксама пра атмасферу, што панавала ў ліцэі. Кажа, што Сяргей не мог адбіраць у кагосьці цыгарэты: «За ўсю вучобу ён толькі аднойчы папрасіў у мяне цыгарэту, а на раніцу вярнуў пазыку». Дзяўчына прыгадвае, што за некалькі тыдняў да трагедыі Сяргея пабіў ягоны аднагрупнік П., той самы, які нібыта выпіваў з ім 6 сакавіка. Паводле следчых, Макарэвіч пабіўся з іншым хлопцам. Алена ўзгадала, што неяк Сяргей спрабаваў, але не здолеў ускараскацца на дах таго будынку на палігоне:

«І ён быў цвярозы. А як жа ён змог уначы, моцна выпіўшы, адолець двухметровую вышыню і замацаваць пятлю?»

Праз паўгода на сцяне, пад якой знайшлі Сяргея, нехта напісаў «СМ — ты казёл». Сябры Макарэвіча склалі заяву, у якой выказалі сумнеў наконт прычыны смерці іх сябра. У часе папярэдняга следства большасць адмовілася ад сваіх подпісаў. Алену выклікалі ў пракуратуру неаднойчы. «Следчы ціснуў на мяне — крычаў, патрабаваў адмовіцца ад сваіх словаў, казаў, што кожны дзень хадзіў ля той сцяны і ніякіх надпісаў не заўважаў», — кажа яна.

«У ліцэі не было дзедаўшчыны»

Са словаў Алены, старэйшыя навучэнцы сваіх перавагаў над малодшымі не дэманстравалі. Куды больш, кажа яна, ліцэісты цярпелі ад некаторых выкладчыкаў і майстроў: «Каторы мог і аблаяць апошнім словам. Хто вучыўся ў хабзе, той ведае». Паводле яе, у ліцэі было многа навучэнцаў з шматдзетных і небагатых сем’яў.

Алена паступіла ў ліцэй у 2004 г.

Ужо тады чула ад старэйшых дзяўчат пра частыя самагубствы сярод ліцэістаў. За час яе вучобы загінулі чацьвёра, да якіх залічылі і Макарэвіча, былі дзве няўдалыя спробы.
Паводле інфармацыі, сабранай навучэнцамі, на працягу 2003—2007 г. у ліцэі здарылася шэсць самагубстваў. Любанскі пракурор пацвердзіў тры не звязаныя між сабой выпадкі суіцыдаў.

Пасля смерці Макарэвіча з ліцэю звольнілі шэраг супрацоўнікаў, у тым ліку завуча і выхавацеля. М.Краснюк сваёй пасады пазбыўся нядаўна. Нібыта за тое, што адзін з ліцэістаў папсаваў у горадзе агітацыйны плакат.

КДБ хадайнічае

Крымінальную справу па факце давядзення С. Макарэвіча да самагубства Любанская пракуратура распачала толькі з чацвёртай спробы пасля хадайніцтваў зверху. У чэрвені 2008 г. справу спынілі. В.Макарэвіч неаднакроць пісала ў Генпракуратуру, КДБ і Адміністрацыю прэзідэнта. Адзін з адказаў, атрыманы з абласной пракуратуры, падпісаны Міхаілам Снегіром. «Мой Ордэн маці мне мала дапамагае», — кажа жанчына. На магіле Сяргея дагэтуль няма помніка, бо яна ўсё чакае дазволу на эксгумацыю цела сына, каб зняць усе сумненні наконт яго смерці. Цяпер з’явілася кволая надзея — з КДБ адказалі, што па выніках уласнай праверкі Камітэт хадайнічаў перад Генпракуратурай аб правядзенні дадатковай праверкі і, пры неабходнасці, эксгумацыі і паўторнай экспертызе.

Гісторыя любанскай вучэльні пакідае пытанні. «Нешта там нядобрае рабілася, можа, якая секта была. Кожны раз у бяду траплялі дзеці з ненадзейных сем’яў. І пра мяне, мабыць, думалі, што я шматдзетная, пахаваю сына ды зміруся», — плача В.Макарэвіч. Яна мама і мае права дабівацца праўды.

Сямён Печанко, Салігорск—Любань—Мінск

 Сёлета ў красавіку Сяргею Макарэвічу споўніўся б 21 год.

Сёлета ў красавіку Сяргею Макарэвічу споўніўся б 21 год.

 Верш Сяргея.

Верш Сяргея.

 Вера Макарэвіч: «Ордэн маці мала дапамагае».

Вера Макарэвіч: «Ордэн маці мала дапамагае».

Тэлесюжэт БТ пра «Любанскі сіндром»:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0